Ці дапамагаў ЕС узбагачацца Лукашэнку? Брусель можа запатрабаваць вяртання грошай
Абвінавачанні, якія прагучалі ў фільме Сцяпана Пуцілы, могуць прымусіць Еўрапейскі саюз пачаць праверку фінансавання праектаў у Беларусі ў апошнія гады, адзначае DW.
У Беларусі выкарыстоўвалі сродкі Еўрасаюза на рэзідэнцыі Лукашэнкі і яго асабістае ўзбагачэнне, сцвярджаецца ў фільме Сцяпана Пуцілы. Ці гэта насамрэч так, спрабавала разабрацца DW.
«Такога не павінна быць, каб сродкі ЕС выкарыстоўваліся для асабістага ўзбагачэння і павышэння дабрабыту Лукашэнкі», — пра гэта заявіла ў гутарцы з карэспандэнтам DW дэпутатка Еўрапарламента ад нямецкіх «Зялёных», сябра камітэта кантролю за бюджэтам Віёла фон Краман. Палітык заявіла, што ініцыюе ў парламенце ЕС адпаведную праверку.
Тым часам Брусель адхіліў усе абвінавачанні. «Здагадкі, якія з'явіліся ў СМІ, што дапамога ЕС сышла на будынкі або рэзідэнцыі рэжыму Лукашэнкі, цалкам неабгрунтаваныя і беспадстаўныя», — сказана ў адказе на запыт DW афіцыйнага прадстаўніка ЕС у пытаннях палітыкі суседства і пашырэння Аны Пісанэра.
Хто ў Беларусі кантралюе грашовыя патокі ЕС
Беларуская апазіцыйная актывістка Вольга Карач распавяла DW, што не знаёмая з дэталямі абвінавачанняў з фільма Пуцілы, але «з упэўненасцю на 99 працэнтаў» мяркуе, што абвінавачанні справядлівыя. «Хто гэта будзе кантраляваць? Людзі, якія вылучаюць грошы, калі яны падымуць пытанне аб карупцыі ў Беларусі, адразу становяцца персонамі нон-грата, губляюць тут офісы, іх дэпартуюць», — кажа Карач. Актывістка згадвае, што пытанне аб парушэнні Беларуссю антыкарупцыйных стандартаў Савета Еўропы (СЕ) падымалася ў 2019 годзе ГРЭКА — створанай у СЕ групай дзяржаў па барацьбе з карупцыяй.
У Еўракамісіі не згодныя з такімі абвінавачаннямі. «Для ўсёй двухбаковай грантавай дапамогі з боку ЕС прадугледжаны ўнутраныя і знешнія кантрольныя працэдуры, у тым ліку праверкі і аўдыт для забеспячэння правільнага выкарыстання сродкаў у адпаведнасці з мэтамі праекта і на аснове поўнага захавання ужывальных фінансавых правілаў», — адзначыла прадстаўніца ЕС Ана Пісанэра.
Брусель запатрабуе ад Лукашэнкі вярнуць грошы?
Брусельскі эксперт па Усходняй Еўропе Аманда Пол у гутарцы з DW не выключыла нямэтавага выкарыстання грошай Еўрапейскага Саюза ў Беларусі, але выказала ўпэўненасць, што «ЕС заўсёды старанна вывучае, куды накіроўваюццасродкі». Яна выказала здагадку, што ў будучыні гэты кантроль можа быць узмоцнены.
Дэпутат Еўрапарламента Віёла фон Краман адзначыла, што нямэтавае выкарыстанне бывае і сярод краін-чальцоў ЕС. Як прыклад яна згадала Венгрыю і Чэхію і адзначыла, што ў такіх выпадках Брусель патрабуе вяртання грошай. Так жа можа быць і ў выпадку Беларусі, кажа еўрадэпутатка, але падкрэслівае, што спачатку магчымыя парушэнні павінна выявіць праверка.
Паводле www.dw.com