Стачкамавец з «Нафтана»: Спыніць тое, што адбываецца ў Беларусі, можна толькі фінансава

Юрыст Аляксандр Капшуль распавёў «Салідарнасці» аб далучэнні да стачкі «Нафтана», звальненні і чаму больш немагчыма жыць па-старому.

kap9_1_1.jpg

Аляксандр Капшуль прапрацаваў на «Нафтане» амаль 20 гадоў. У пачатку снежня мінулага года юрыст далучыўся да стачкі, падтрымаўшы патрабаванні некаторых калег: новыя выбары, спыненне гвалту, расследаванне злачынстваў супраць грамадзян краіны. Праз 2,5 месяцы, 16 лютага, Аляксандра і самога звольнілі — паводле афіцыйнай версіі, за прагулы.

Цяпер ён, сябра «Беларускага незалежнага прафсаюза», плануе адстойваць правы калег, а таксама свае, у тым ліку падаўшы ў суд пазоў аб аднаўленні на працы.

— Пасля звальнення маёй калегі Вольгі Брыцікавай я вырашыў, што трэба праявіць салідарнасць. Негвалтоўнымі метадамі спыніць тое, што адбываецца ў Беларусі, можна толькі фінансава: не падтрымліваючы тых людзей, якія ў дадзены момант аказаліся ва ўладзе, — распавядае юрыст. — Я абсалютна перакананы, што вынікі выбараў сфальсіфікаваныя, і ў чалавека, які знаходзіцца ва ўладзе, легітымнасці няма. Для мяне стачка стала крайняй мерай негвалтоўнага пратэсту.

На мой погляд, стачка адрозніваецца ад забастоўкі. Забастоўка — гэта арганізаваная калектыўная адмова ад працы па сацыяльна-эканамічных і працоўных пытаннях, а стачка — гэта індывідуальная мера, выказванне ўласнага меркавання і абарона сваіх правоў, як паказана ў Канстытуцыі. Пры гэтым падзел палітыкі і сацыяльных, эканамічных, працоўных пытанняў з'яўляецца надуманым, бо палітыка — гэта дзейнасць дзяржавы, у тым ліку ў эканамічнай, сацыяльнай і працоўнай сферах.

Вырашыўшы далучыцца да стачкі, Аляксандр напісаў адпаведную заяву свайму наймальніку ААТ «Нафтан». Зарэгістраваў ліст у канцылярыі і адправіў заказным лістом з паведамленнем па пошце.

— Працоўны кодэкс не ведае паняцця «стачка». Па сутнасці, гэта форма, не забароненая заканадаўствам, — тлумачыць Аляксандр. — Я абараняў тое, ува што я веру, у той форме, якая не супярэчыць заканадаўству. Патрабаванні ў свой час абвяшчала Ціханоўская, яны вядомыя: адстаўка Лукашэнкі, спыненне гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да людзей, расследаванне звестак гвалтоўных дзеянняў, адстаўка ЦВК, вызваленне палітвязняў, правядзенне новых сумленных выбараў.

У выніку Аляксандра звольнілі 16 лютага за прагул.

— Яны палічылі маю прычыну нявыхаду на працу непаважлівай. Я планую абскардзіць гэта ў судзе, — юрыст разумее, што ў большасці выпадкаў наймальнік развязвае праблему проста — прыбірае непажаданых. — Па сутнасці, гэта так, але толькі калі зыходзіць з таго, што гэтая ўлада непарушная і яна застанецца надоўга. Нашы дзеянні і робяцца для таго, каб не падтрымліваць тую ўладу, якую ты не лічыш легітымнай. Таму што па Канстытуцыі вышэйшай крыніцай улады з'яўляецца народ. Я як чалавек, як прадстаўнік народа такім вось чынам рэалізоўваю сваю ўладу — шляхам стачкі.

Многія ў такім выпадку ўздыхаюць: ну вось, застанецца без работы, без заробку, як карміць сям'ю... У Аляксандра таксама ўзнікалі падобныя думкі.

— Вядома, ёсць маса стрымліваючых фактараў. Псіхалагічны — калі ты выпадаеш з так званай «зоны камфорту», сацыяльны — калі разумееш, што ў цябе не будзе крыніцы даходу, што табе трэба карміць сям'ю. У мяне таксама ёсць дзеці, — Аляксандр тлумачыць, што ўсё гэта мае вялікае значэнне. Але ён як юрыст разумее, што робіцца ў краіне. — Што законы ў дадзены момант не працуюць, што адпаведна, калі не працуюць законы, у цябе не застаецца ніякіх правоў. І гэтая сітуацыя на мой погляд, значна горш, чым тая, якая бывае проста пры страце працы. Як ні круці, працу знайсці лягчэй, чым аднавіць у краіне законнасць.

kap9_2_1.jpg

Некаторыя знаёмыя не разумелі: чаго лезці? Сядзі — добрая зарплата, усё роўна нічога не зменіш…

— Прыкладна так мне і казалі. Я адказваў, што нічога не баюся так моцна, як дыктатуры, калі ў краіне не працуюць законы. Мне значна страшней, чым проста страціць працу.

Блізкія Аляксандра ўхваляюць яго пазіцыю, але не гатовыя на аналагічныя дзеянні.

— Я гатовы і ўжо рэалізаваў сваё права на крайнюю форму мірнага пратэсту: калі грамадзянін перастае сваёй працай утрымліваць дзяржаву. Мая добраахвотная адмова ад права на працу б'е не толькі па мне, але і па дзяржаве. Так, я пазбаўляюся крыніцы даходу, але і дзяржава не атрымлівае даход, які мае звычайна, калі я працую — падаткі — таму што ў мяне няма заработнай платы, няма адлічэнняў у розныя фонды. Гэта ўзаемная мера, якая ўплывае як на мяне, так і на дзяржаву.

На заяву Капшуля аб уступленні ў стачку наймальнік не адрэагаваў — ва ўсякім выпадку, пісьмова падначаленага ні пра што не папярэджваў.

— Яны проста звольнілі мяне праз 2,5 месяцы пасля ўступлення ў стачку. Са мной не вялі дыялог, калі не лічыць таго, што паведамілі пра непадаўжэнне кантракту. Ён заканчваўся ў мяне 21 лютага, але звольнілі мяне не па заканчэнні тэрміну яго дзеяння, а менавіта за прагулы, — рэзюмуе Аляксандр, удакладняючы, што такім чынам яго пазбавілі ўсіх «плюшак» (пры спыненні дзеяння кантракту па калектыўнай дамове існуюць пэўныя льготы для работнікаў, якіх Капшуль пазбавіўся. — Заўв. рэд.).

Калегі-юрысты, папярэджвалі, што, хутчэй за ўсё, гэта скончыцца яго звальненнем. І, па сутнасці, заканадаўства даўно паволі рабіла немагчымым рэалізацыю некаторых правоў грамадзян. За што змагацца?

— Вядома, былі і такія размовы, разважанні. І спелі яны не першы год. Але да гэтага часу не было нейкага нахабства, як у мінулым годзе. І адпаведна, не было такой агалоскі. Натуральна, я ведаў пра падзеі 2010 года, 1996-га. Тады я не так востра разумеў, што адбываецца, цяпер — значна лепш…

За 20 гадоў працы Аляксандр ніколі не знаходзіўся ў прафсаюзе, разумеючы, што сам у сілах адстойваць свае правы. Не так даўно ён уступіў у шэрагі БНП.

— Я зразумеў, што галоўнай перавагай людзей у супрацьстаянні з тым, што адбываецца, з'яўляецца салідарнасць, — працягвае аповед юрыст, удакладняючы, што цяпер у стачку на ААТ «Нафтан» сышлі дзясяткі чалавек.

Спецыяліст разумее, што галоўнай перашкодай да выказвання ўласнай пазіцыі для многіх з'яўляецца страх.

— Я заўсёды зыходжу з таго, што будзе далей. У мяне ёсць дзеці, і я выдатна разумею, што, калі такое становішча рэчаў у дзяржаве застанецца, у дзяцей не будзе аніякай прававой абароны. Але людзі павінны зразумець: супрацьстаянне дзяржавы з народам — справа вельмі выдатковая, у тым ліку яна ўплывае і на эканоміку.

Дзяржава ўжо пачынае ўтрымліваць цэны на сацыяльна значныя тавары. Да гэтага была пастанова, што пакуль можна не ўлічваць курсавыя розніцы. Гэта значыць, дзяржава разумее, што нават грошай на інтэрвенцыі — падтрыманне курсу беларускага рубля — у яе не хапае... Плюс дзяржава марнуе золатавалютныя рэзервы для падтрымання курсу, які, па факце, не адпавядае рэчаіснасці. Плюс механізм, які забяспечвае стабільнасць у эканоміцы, кампенсуючы інфляцыйны працэс (а менавіта стаўка рэфінансавання) таксама не адпавядае рэаліям…

Адпаведна, усё гэта негатыўна адбіваецца на дзяржаве. І чым даўжэй гэта будзе працягвацца — тым у большую эканамічную прорву мы ўпадзем. І тым складаней будзе выкараскацца. У мяне старэйшаму 14, яму праз 4 гады паступаць. І я разумею, што, калі застануся тут працаваць, пры такой сітуацыі — думаю, атрымліваць да таго часу мы будзем прыкладна столькі, колькі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя: па 100-150 долараў. Пры такіх грошах проста немагчыма забяспечыць дзіцяці добрую ВНУ. А адукацыя на этапе сталення дзяцей — гэта адзін з галоўных прыярытэтаў, разам з медыцынай.

Што рабіць, калі накрывае страх?..

— Страшна, безумоўна. Страху няма толькі ў псіхічна ненармальных людзей. Тут дапамагае ўсведамленне таго, што я раблю правільна. Вера ў гэта. Што адзінае магчымае выйсце для таго, каб у дзяржаве ўсё стабілізавалася, — гэта вяртанне закону на месца. На дадзены момант, пры такой палітычнай сітуацыі, на жаль, гэта не ўяўляецца магчымым.

Адпаведна, нейкім чынам гэта трэба мяняць. Альбо мяняць тое, што адбываецца, альбо давядзецца з'язджаць, таму што працягваць жыць у тым, што зараз адбываецца ... Я не ведаю, як гэта рабіць, гэта будзе здрадай маім дзецям.