Хірург, які звальняецца ў знак салідарнасці: ніхто не абараняе чалавека — ні прафсаюзы, ні асацыяцыя лекараў
Вядомы трансплантолаг Дзмітрый Харкоў звальняецца з клінікі, «кіруючыся прынцыпамі гуманізму, этыкі і салідарнасці лекараў». Сваё рашэнне ён пракаментаваў «Свабодзе».
![cd847f4bb9f412658efbe.jpg cd847f4bb9f412658efbe.jpg](/img/v1/images/cd847f4bb9f412658efbe.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Кандыдат медыцынскіх навук, загадчык аддзела перспектыўных
напрамкаў высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі МНПЦ транспланталогіі і
гематалогіі Дзмітрый Харкоў напісаў заяву аб звальненні.
Ён зрабіў гэта ў знак салідарнасці са сваім віцебскім
калегам, загадчыкам аддзялення анэстэзіялогіі і рэанімацыі Віцебскай гарадской
клінічнай лякарні хуткай медыцынскай дапамогі Уладзімірам Мартавым, з якім не
працягнулі кантракт.
8 красавіка ў доктара Харкова заканчваецца кантракт, за месяц
да заканчэння ён напісаў заяву аб звальненні з МНПЦ.
«Я пакінуў заяву ў сакратара дырэктара МНПЦ Алега Румо, у ёй
выклаў сваю прынцыповую пазіцыю. Заява ўжо падпісаная. Ніхто нічога не
запытаўся», — кажа Дзмітрый Харкоў.
Вядомы трансплантолаг вучыўся ў Віцебскім медыцынскім
інстытуце. Бацька Уладзіміра Мартава, прафесар, доктар медыцынскіх навук Юрый Барысавіч Мартаў выкладаў у яго хірургію.
Дзмітры Харкоў публічна звяртаецца да галоўнага доктара
Віцебскай гарадской клінічнай лякарні хуткай медыцынскай дапамогі Андрэя
Захарава, а таксама хоча пачуць думкі старшыні Беларускай асацыяцыі лекараў
Дзмітрыя Шаўцова і прафсаюзнага лідара медыкаў Вячаслава Шылы.
«Вельмі крыўдна, што ніхто не абараняе чалавека — ні
прафсаюзы, ні асацыяцыя лекараў. Мне хацелася б даведацца думку галоўнага
доктара, якія ў яго тлумачэнні, з якой прычыны Уладзіміру Мартаву не
працягваюць кантракт, што ён скажа. Бо дынастыя Мартавых вельмі паважаная,
вядомая, бацька Уладзіміра Юрый Барысавіч быў асобай. Трэба адно адному
дапамагаць і падтрымліваць, інакш нічога не будзе.
Пытанне паўстае шырэй: бурыцца сістэма каардынат, бурыцца
сістэма маральных прынцыпаў. Чалавек — прафесіянал высокага класу, ён столькі
жыццяў выратаваў. Галоўная каштоўнасць у нас якая? Чалавечае жыццё.
Атрымліваецца, што абышліся незаслужана. Сістэма чалавечых каштоўнасцей пацярпела. А без сістэмы каштоўнасцей грамадства не можа ісці да чагосьці
светлага. Вельмі сумна», — каментуе свой учынак доктар Дзмітрый Харкоў.