Украінская бюракратыя супраць бацькоў Міхаіла Жызнеўскага

24 лютага 2016 года бацькам Міхаіла Жызнеўскага, які загінуў на Майдане падчас Рэвалюцыі Годнасці ўзімку 2014 года, прызначылі пажыццёвую пенсію. Гэта была ініцыятыва Пятра Парашэнкі, які і даручыў Міністэрству сацыяльнай палітыкі выпрацаваць механізм яе атрымання.

b3hfxhpcmaarqfv_620x400.jpg


Сама пенсія не надта вялікая — 3 250 грыўняў, што па сённяшнім курсе складае каля 126 долараў. Але ў тым разе, калі бацькі загінулага будуць атрымліваць прэзідэнцкую пенсію праз «Укрпошту» ў Гомелі, як прапануюць украінскія чыноўнікі, гэтыя і без таго невялікія грошы праз канвертацыю грыўні ў беларускі рубель ператворацца ў пыл.

afab61e3_4e18_4961_971a_609df9404033_mw1024_s_n_1024x578.jpg


Праблемай бацькоў Міхаіла Жызнеўскага займаюцца ўкраінскія сябры Беларусі.

Украінскі карэспандэнт "Радыё Рацыя" Марцін Война пагутарыў з Аляксандрам Ясенчуком, прадстаўніком чарнігаўскай «Самаабароны Майдану».
Аляксандр Ясянчук распавёў:
— Міністэрства сацыяльнай палітыкі прыдумала вельмі ідыёцкую, а можа нават і карупцыйную схему. Грошы маюць перадавацца бацькам Жызнеўскага ў Гомель праз «Укрпошту»…
— То бок, у Беларусь. Але ж стыпендыя, наколькі вядома, прызначаная менавіта ў грыўнях?
— Менавіта ў грыўнях. То бок, яе яшчэ трэба канверсаваць у тыя беларускія рублі. Былі ў Чарнігаве бацькі Жызнеўскага. Яны ўжо вырабілі пластыкавыя карткі «Прыватбанка», як ва Украіне прынята. Адстаялі па тыя карткі чаргу… Было б зручна, калі б грошы ім нарахоўвалі менавіта на карткі. Але ім было сказана: грошы — толькі праз «Укрпошту», а праз карткі нават дзяржаўных банкаў — праблема. Нашто такое робіцца? Каб адсочваць грошы. Маўляў, калі бацькі Жызнеўскага, крый Божа, памруць, то гэта адразу стане вядома ў Міністэрстве сацыяльнай палітыкі. А калі будуць карткі Visa, дык у Міністэрстве не адразу дазнаюцца пра іх смерць. Жызнеўскія нават пісалі адпаведную заяву: маўляў, у разе смерці каго-небудзь з нас абавязуемся паведаміць пра гэта…
— Атрымліваецца, што Украіна не давярае бацькам героя Украіны?
— Не ўкраінская дзяржава, а канкрэтныя чыноўнікі з Міністэрства сацыяльнай палітыкі. Яны паставіліся да Жызнеўскіх вельмі шаблонна, без патрэбнага разумення сітуацыі!
— А калі б бацькі Міхаіла Жызнеўскага прыязджалі б у Чарнігаў штомесяц з тымі ж карткамі «Прыватбанка», каб атрымліваць грошы праз банкамат… Тым больш, што Гомель не надта далёка ад Чарнігава. Такое мажліва?
— Ніна Жызнеўская вельмі і вельмі хворая, яна кепска ходзіць. Акурат у той дзень, калі яна дазналася пра смерць сына на Майдане, у яе адняліся ногі. У Чарнігаў яе прывозілі валанцёры Юрый і Алена Ляшэнкі, яна самастойна можа прайсці максімум метраў дзесяць. Калі ейны муж яшчэ можа сюды прыехаць, то для Ніны Жызнеўскай гэта вельмі цяжка.
— І якія могуць быць шляхі вырашэння праблемы?
— Ёсць два варыянты, і абодва мы прапрацоўваем. Я ўжо перагаварыў са старшынёй Чарнігаўскай адміністрацыі Валерыем Кулічэм. Магчыма, Жызнеўскім усё ж у якасці выключэння дазволяць карыстацца карткамі ўкраінскіх банкаў. Яшчэ адзін варыянт — нашы пабрацімы ў Вярхоўнай Радзе. Дэпутат Андрэй Левус, старшыня грамадскага руху «Вольныя людзі», паабяцаў дапамагчы. Можа, атрымаецца ўнесці змены непасрэдна ў саму пастанову.  
— У Беларусі на сям’ю Жызнеўскіх ідзе ціск. Сястру звольнілі з Гомельскага мясакамбінату, то бок, не аднавілі працоўны кантракт. Магілу самога Міхаіла Жызнеўскага ў Гомелі колькі разоў апаскуджвалі вандалы. Ці збіраюцца ўкраінскія пабрацімы неяк дапамагаць Жызнеўскім?
— Безумоўна, мы іх не пакінем, і заўсёды будзем дапамагаць. Будзе патрэба — дапаможам і грашыма, сабранымі валанцёрамі ці нашай дыяспарай. Але ж беларускія афіцыйныя ўлады замінаюць нам у гэтым. Летась на магіле Жызнеўскага хацеў пабываць іерарх БАПЦ Святаслаў Логін. Дык яго проста завярнулі на мяжы, забаранілі ўезд у Беларусь.  Нас таксама запрасілі на ўшанаванне памяці Жызнеўскага ў Гомель, але потым неафіцыйна папярэдзілі, што «наш візіт у Рэспубліку Беларусь» непажаданы. Колькі ўкраінскіх актывістаў ужо не пускалі праз украінска-беларускую мяжу. Напрыклад — Сяргея Багукальца, ветэрана Антытэрарыстычнай аперацыі…
— Сяргей Багукалец, наколькі я ведаю — этнічны беларус, з Сівершчыны!..
— Так, так. Можа, таму яго і не пусцілі ў Беларусь. А, можа, ёсць і якія іншыя прычыны, пра якія мы не ведаем. Можа быць і такое: пусцяць нас у Беларусь, а там потым знойдуць наркотыкі, ці яшчэ што горш… А тады што?

Пакуль афіцыйнага рашэння на карысць бацькоў Міхаіла Жызнеўскага няма. Але ж ведаючы, з якой прыхільнасцю ставяцца да беларускіх патрыётаў нашы ўкраінскія сябры, можна спадзявацца, што праблема будзе вырашаная па хуткім часе.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з сайта www.racyja.com