Улады хочуць абмежаваць бясплатную меддапамогу для «дармаедаў» і тых, хто пражывае за мяжой

Многія паслугі для іх хочуць зрабіць платнымі, у тым ліку планавыя аперацыі. Аб такіх намерах паведаміла першы намеснік міністра аховы здароўя Алена Краткова ў эфіры праграмы «Па сутнасці» на СТБ, распавядае «Л*стэрка».

fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas1_1_logo.jpg

Пытанне «несправядлівасці» бясплатнага лячэння беларусаў, якія прыязджаюць з-за мяжы, паднялі вядучыя падчас абмеркавання папулярнасці Беларусі для медыцынскага турызму ў замежнікаў.

— Адна справа, калі да нас прыязджаюць нашы замежныя сябры, яны аплачваюць паслугі. А іншы момант, калі вельмі многія нашы суайчыннікі, маючы беларускі пашпарт, пражываючы ў іншай краіне, марнуючы грошы там, прыязджаюць у Беларусь, каб атрымаць медыцынскую дапамогу бясплатна. Сацыяльная дзяржава! Мы даём такую магчымасць любому грамадзяніну Беларусі. Можа, пара гэтую лавачку прыкрываць? — сказала вядучая канала.

— Вы ведаеце, мы ўжо неаднаразова падыходзілі да гэтай тэмы, — адказала намеснік кіраўніка Міністэрства аховы здароўя Алена Краткова. — Але, улічваючы тое, што ў нас сацыяльная, як вы адзначылі, дзяржава... Але ў дадзены момант якраз ідзе прапрацоўка пытання аплаты пэўных відаў медыцынскай дапамогі для суграмадзян, якія не ўдзельнічаюць у падаткаабкладанні.

Са слоў Кратковай вынікае, што гаворка ідзе не толькі пра беларусаў, якія жывуць за мяжой, але і агулам пра грамадзян, не занятых у эканоміцы, так званых «дармаедаў».

— Так, тут прапрацоўваецца пытанне доступу медыцынскіх устаноў да базы даных асоб, якія не ўдзельнічаюць у працоўным, так бы мовіць, працэсе. І [гаворка ідзе пра] тыя віды дапамогі, якія з'яўляюцца планавымі. Гэта значыць экстранная дапамога ў любой сітуацыі будзе аказвацца бясплатна.

— Гэта значыць апендыцыт выражуць і грошы не выставяць? — удакладніў вядучы.

— Не выставяць. Гэта будзе аказвацца бясплатна, — пацвердзіла намеснік міністра. — Што тычыцца стаматалагічных паслуг, тых жа планавых шпіталізацый, на мой погляд, гэта цалкам так [павінна быць платным]. Таму што мы шмат гаворым пра гэта, але мы не ўяўляем, у якія грошы абыходзіцца дзяржаве ахова здароўя, на 2022 год гэта складае каля 4,5% ВУП, на наступны год [плануецца] з ростам.

Нагадаем, раней права на бясплатную ахову здароўя для ўсіх грамадзян было замацавана ў Канстытуцыі Беларусі. Артыкул 45 абвяшчае: «Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя».

Аднак у 2022 годзе па ініцыятыве ўлад Канстытуцыя была зменена, праўкі былі ўведзены праз рэферэндум 27 лютага. Сярод іншага быў абноўлены і артыкул 45. У ім з'явілася агаворка: грамадзянам гарантуецца права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне за кошт дзяржаўных сродкаў, але толькі «ў парадку, устаноўленым законам». Гэта значыць, цяпер улады Беларусі маюць права прымаць законы, якія могуць абмежаваць магчымасці грамадзян атрымліваць бясплатнае лячэнне.