Улады зняпраўдзілі, што каля Лынтупаў будзе магільнік БелАЭС

У Пастаўскім райвыканкаме зняпраўдзілі інфармацыю, якая з’явілася ў сацсетках, пра будаўніцтва каля пасёлка Лынтупы на Віцебшчыне магільніка для радыёактыўных адкідаў з Беларускай АЭС, піша «Радыё Свабода».

9e2a657a_88c5_4287_9448_458a59693d9e_w1023_r1_s.jpg

6 чэрвеня ў будынку Лынтупскага сельсавету адбудзецца сход, які мае абмеркаваць справаздачу аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе новага пясочна-гравійнага кар'ера. Поўная назва аб'екта: «Распрацоўка і рэкультывацыя кар’ера ў паўночнай частцы радовішча пясчана-гравійнай сумесі Вінцантоўскае Пастаўскага раёну Віцебскай вобласці».

Пясочна-гравійная сумесь будзе выкарыстоўвацца для рамонту дарог.

«І ніякага будаўніцтва магільніка», — сказала начальніца аддзелу землеўпарадкавання Алена Іванькова.

«У нас ёсць кар’ер у Пятровічах і будзе ў Лынтупах. Бо адзін з кар’ераў выпрацаваны і закрываецца. Ёсць выведанае радовішча, працуем у рамках закону. У інтэрнэце можна пісаць усё што заўгодна. Я кажу, што будзе насамрэч», — сказаў начальнік Пастаўскага ДРСУ № 132 Станіслаў Рагіня.

 

Астравецкая АЭС

Астравецкая АЭС

Ірына Сухій з грамадскага аб’яднання «Экадом» назвала распаўсюджаную ў інтэрнэце інфармацыю пра будаўніцтва магільніка фэйкам.

«Ва ўсякім разе, там будзе абмеркаванне Ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе распрацоўкі кар’ера. У нас гэтыя дакументы ёсць. Адзін з актывістаў чамусьці зрабіў выснову, што там потым будуць хаваць адкіды з АЭС. Гэта домысел», — сказала Ірына Сухій.

У Міністэрстве энергетыкі карэспандэнту “Свабоды” адказалі, што «выбар пляцоўкі для будаўніцтва сховішча радыёактыўных адкідаў Беларускай АЭС не адбываўся. Дадзеная работа будзе выконвацца пасля 2021 году ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь».

Гарадскі пасёлак Лынтупы знаходзіцца каля мяжы з Літвой. Ад Астраўца да Лынтупаў каля 67 кіламетраў.

Раней у Нацыянальнай акадэміі навук і Аб’яднаным інстытуце энергетычных і ядзерных даследаванняў «Сосны» вырашылі, што спачатку адпрацаванае паліва будуць каля 10 год захоўваць на назапашвальнай пляцоўцы ў Беларусі, потым павязуць на перапрацоўку ў Расію. Там з яго выдзеляць «карысныя прадукты» і вернуць для пахавання ў Беларусі. Гэты варыянт выбралі як прыярытэтны, сказаў Аляксандр Парфёнаў, намеснік галоўнага інжынера Беларускай АЭС.

Разглядаліся яшчэ два варыянты. Але ва ўсіх прадугледжваецца, што адкіды, перапрацаваныя ці не, будуць пахаваныя ў Беларусі — у «прыпаверхневых збудаваннях».

www.svaboda.org