Германія. Піяр на ваўках
Ульрыка Фокен, адна з кандыдатак ад нямецкай правапапулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD) на выбарах у Еўрапарламент, прыдумала арыгінальны піяр.
Яна, у выпадку перамогі, абяцае выратаваць немцаў ад... ваўкоў. Ваўкі, па словах Ульрыкі, пагражаюць бюргерам з-за праклятага Еўрасаюза, які забараніў нямецкім фермерам адстрэльваць шэрых драпежнікаў, што атакуюць усходнія межы ФРГ з суседняй Польшчай. У выніку нашэсця ваўкоў людзі ва ўсходніх землях ФРГ, нібыта, баяцца шпацыраваць у лесе, і нават выходзіць на вуліцы ўвечары.
Дзякуючы незвычайнасці палітычнай рэкламы фрау Фокен тэма пагрозы ваўкоў стала адной з самых папулярных напярэдадні выбараў. Праціўнікі аспрэчваюць тэзісы актывіста AfD, спасылаючыся на статыстыку. Усяго ў Германіі налічваецца каля 400 ваўкоў, якія, як правіла, не ўяўляюць асаблівай пагрозы для людзей. Дастаткова сказаць, што апошні раз у Еўропе воўк загрыз чалавека ў 1974 годзе.
Наколькі немцы баяцца ваўкоў, мы даведаемся ў гэты ўік-энд, калі пройдуць выбары і стануць вядомыя вынікі кандыдаткі ад «Альтэрнатывы для Германіі».
Паводле нямецкай прэсы