Улады робяць чарговую спробу пазбавіць царкву "Новае жыццё" будынка

Улады робяць чарговую спробу пазбавіць рэлігійную абшчыну хрысціян поўнага Евангелля "Царква "Новае жыццё" будынка ў Мінску па вуліцы Кавалёва, 72.  Пастар Ганчарэнка знаходзіцца ў рэанімацыі.



logo_nj2.jpg

Як паведаміў БелаПАН юрыст "Новага жыцця" Сяргей Луканін, 13 чэрвеня ён атрымаў пастанову гаспадарчага суда Мінска аб распачынанні выканаўчай вытворчасці ў дачыненні да царквы. Яна была прынята на падставе заявы ЖРЭА Маскоўскага раёна, якому належыць будынак. Абшчыне прапануецца вызваліць яго да 20 чэрвеня. 


Луканін нагадаў, што аналагічная пастанова была вынесена судом у канцы лістапада мінулага года. "У новым дакуменце той жа тэкст, толькі зменены даты, ніякіх тлумачэнняў", — сказаў юрыст. 


Ён таксама адзначыў, што ўсё адбываецца на фоне хваробы пастара царквы Вячаслава Ганчарэнкі. Ён быў шпіталяваны 13 чэрвеня яшчэ да атрымання пастановы суда. 


Паводле наяўнай інфармацыі на вечар 13 чэрвеня, пасля праведзенай магнітна-рэзананснай тамаграфіі было ўстаноўлена, што ў Ганчарэнкі быў ішэмічны мікраінсульт (магчыма, інсульт). Акрамя таго, выяўлены тромб у сасудзе галаўнога мозга ў недаступным для аперацыі месцы. У другой палове дня стан Вячаслава Ганчарэнкі пагоршыўся. Цяпер ён знаходзіцца ў рэанімацыі. 


"Мы не збіраемся вызваляць будынак. Пачалі штодзённую малітву. Заўтра царква будзе ў посце маліцца за здароўе пастара і захаванне будынка", — сказаў Луканін. 


Нагадаем, выселіць царкву "Новае жыццё" з будынка, які быў пабудаваны вернікамі на іх сродкі на месцы разбуранага кароўніка 21 год таму, гарвыканкам спрабуе ўжо восем гадоў. У 2005 годзе гарадскія ўлады пазбавілі рэлігійную абшчыну права карыстання зямельным участкам, выдзеленым ёй у бестэрміновае карыстанне. Каб прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем царквы "Новае жыццё", у кастрычніку 2006 года вернікі правялі пост-галадоўку, якая доўжылася каля месяца. Удзельнікі галадоўкі змянялі адзін аднаго, увесь час знаходзячыся ў будынку царквы. Акцыя была спынена пасля таго, як улады адступілі — сітуацыя вакол царквы атрымала шырокі міжнародны рэзананс. У абарону "Новага жыцця" актыўна выступілі прадстаўнікі дэмакратычных сіл, краіны ЕС, замежныя палітыкі, святары, рэлігійныя аб'яднанні. 


Тым не менш у 2009 годзе ўлады пазбавілі абшчыну права ўласнасці на будынак царквы, а ў ліпені 2010-га гаспадарчы суд Мінска наклаў на абшчыну санкцыі на 258 млн. рублёў за "забруджванне навакольнага асяроддзя". Вернікі палічылі дзеянні ўлад незаконнымі і вырашылі не выплачваць гэту суму. Апошнія паўтара гады, прыкладна з мая 2011 года, улады не ажыццяўлялі ніякіх дзеянняў у дачыненні да царквы. 


На 5 снежня 2012 года было прызначана прымусовае высяленне рэлігійнай абшчыны з дома № 72 па вуліцы Кавалёва. Высяленне было прызначана "на падставе судовага загада гаспадарчага суда горада Мінска па справе № 526-12/2009 ад 23 кастрычніка". Кіраўніку царквы было прадпісана да 11.00 5 снежня "вызваліць памяшканне, а таксама падрыхтаваць камплекты ключоў для перадачы спагнальніку". 


Аднак 4 снежня ад судовага выканаўцы гаспадарчага суда Мінска стала вядома пра новы паварот у справе "Новага жыцця" — адміністрацыя ЖРЭА Маскоўскага раёна Мінска адмовілася ад будынка. Аказалася, што заява адміністрацыі Маскоўскага раёна паступіла ў суд яшчэ 29 лістапада, затым яе пераправілі па пошце па адрасе царквы, але ў выніку Луканіну самому прыйшлося атрымліваць у судзе дакументы аб спыненні іску, прад'яўленага "Новаму жыццю" яшчэ ў 2009 годзе. Судовая вытворчасць па гэтай справе была спынена і перададзена ў архіў.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН