Царква “Новае жыццё” праводзіць пост у падтрымку свайго пастара
14 чэрвеня вернікі мінскай пратэстанцкай царквы “Новае жыццё” (ЦНЖ) Рэлігійнага аб’яднання хрысціян поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь праводзяць аднадзённы пост у сувязі з сітуацыяй вакол сваёй святыні і каб падтрымаць пастара абшчыны — 42-гадовага Вячаслава Ганчарэнку, які 13 чэрвеня шпіталізаваны і знаходзіцца ў рэанімацыі.
Пра гэта паведаміў карэспандэнту “Новага Часу” юрыст царквы Сяргей Луканін. Ён звязвае стан пастара з ператомленасцю ад доўгатэрміновай працы “на знос”.
Паводле словаў юрыста, пасля шпіталізацыі пастара была атрымана пастанова Гаспадарчага суду Мінска аб неабходнасці вызваліць да 20 чэрвеня будынак царквы па вуліцы імя Івана Кавалёва, 72 у мікрараёне Сухарава Маскоўскага раёна сталіцы.
Нягледзячы на хваробу пастара і сітуацыю вакол храма ЦНЖ, 15–16 вернікі будуць адзначаць 21-ю гадавіну заснавання рэлігійнай абшчыны, і ў будынку царквы запланаваныя святочныя мерапрыемствы. А з 14 чэрвеня штодня ў храме а 19.00 будуць праходзіць спецыяльныя малітоўныя служэнні , а таксама кругласуткавыя малебны ў абарону і падтрымку царквы.
14 чэрвеня на пасяджэнні савета царквы запланавана разглядзець пытанне аб звароце да вернікаў, айчыннай і міжнароднай супольнасці. “Аднак галадоўку ў абарону царквы мы пакуль не плануем”, — сказаў юрыст ЦНЖ.
Нагадаем, што з 2005 года гарадскія ўлады імкнуцца выселіць царкву з яе будынка. Апошняя спроба прымусовага высялення вернікаў датуецца пачаткам снежня мінулага года, аднак яна скончылася перамогай ЦНЖ, дзякуючы падтрымцы айчыннай і міжнароднай грамадскасці. Але галоўную ролю ў сітуацыі вакол будынку царквы адыграла вера прыхаджан, іх пасвячонасць у агульныя справы рэлігійнай абшчыны і гатоўнасць ісці да канца.