Улады здымаюць мастацкі фільм пра Плошчу за 2 мільёны долараў
8 верасня Андрэй Курэйчык апублікаваў у сваім фэйсбуку інфармацыю, што
Адміністрацыя Лукашэнкі і Міністэрства культуры пачалі працу над кінафільмам пра Плошчу, які мае стаць «афіцыйным адказам на фільм «Жыве Беларусь!» Кшыштафа
Лукашэвіча і Францішка Вячоркі:
«Новы нацыянальны кінапраект закліканы распавесці гісторыю Плошчы снежня 2010 г. “аб’ектыўна”, гэта значыць, з пазіцыі беларускіх уладаў, а таксама ў мастацкай форме раскрыць “анатомію беларускага пратэсту”. Ён наўпрост курыруецца адміністрацыяй Лукашэнкі і атрымае адзін з самых вялікіх бюджэтаў у гісторыі айчыннага кінематографу», — піша Андрэй Курэйчык.
Паводле Курэйчыка, новы нацыянальны кінапраект павінен разбурыць «стэрэатыпы» міжнароднай грамадскасці аб уладах Беларусі і выбарах
2010 года, паказаць, «як усё было на самай справе», праз кранальную чалавечую гісторыю кахання. Як і з «Жыве
Беларусь», плануецца самая шырокая прысутнасць фільму на міжнародных кінафестывалях, піша Андрэй Курэйчык.
«Выбар рэалізатарам нацыянальнага кінапраекту не дзяржаўнай кінастудыі «Беларусьфільм», а бізнэсоўца Сяргея Ждановіча невыпадковы: ён даўні функцыянер рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь», — сцвярджае Курэйчык. Паводле драматурга, рэжысёрам карціны стане аўтар «Брэсцкай крэпасці», расійскі рэжысёр Аляксандар Котт.
Кіраўнік прадзюсарскага цэнтру «Nonstop MEDIA» і прадзюсар Сяргей Ждановіч пацвердзіў “Радыё Свабода”, што такі праект сапраўды ажыццяўляецца супольна з Міністэрствам культуры. Але падзеям у Мінску канца 2010 года будзе прысвечаны толькі адзін з фрагментаў фільму.
«Фільм будзе называцца “Авель”. Гэта гісторыя двух братоў, як у біблейскім сюжэце, і нешта паміж імі адбылося. Дзеянне пачынаецца ў 30-х і заканчваецца цяпер. Так, там будзе паказаная Плошча, але мы не займаем ніякага боку. Мы хочам паказаць гісторыю, як яна была. Былі сцягі на плошчы — дык чаму не паказаць іх у фільме? Які гэта быў пратэст? Навошта? Дзеля чаго? Што адбывалася ў Тунісе, Егіпце?.. Але мы не будзем даваць ацэнку».
Сяргей Ждановіч адмаўляе, што фільм будзе адказам на «Жыве Беларусь!»:
«Фільм “Жыве Беларусь!” — паказвае толькі адзін бок, і я не кажу, добры ён ці кепскі. А наш фільм
не займае нейкую пазіцыю, левую ці правую, а паказвае гісторыю».
Сяргей Ждановіч паскардзіўся “Радыё Свабода”, што незалежныя медыі надта палітызуюць праект:
«Вось я чытаю ў каментарах, маўляў, буду ўпіхваць фільм школьнікам. Я адразу кажу, што мы хочам зрабіць праект камерцыйна паспяховым,
і ён пойдзе найперш за межы Беларусі».
Рэжысёр фільму «Жыве Беларусь» Кшыштаф Лукашэвіч у інтэрв’ю “Радыё Свабода” заявіў, што гэты кінапраект — сапраўды найразумнейшае, што маглі зрабіць улады Беларусі для паляпшэння свайго іміджу:
«Гэта можа быць спроба творчай прапаганды. Улады Беларусі пры добрым бюджэце могуць зняць якасны фільм на экспарт, які не будзе выглядаць прапагандысцкім, але пакажа іхнюю афіцыйную версію падзеяў, якія адбываліся і адбываюцца ў Вас у краіне. Мэта — схаваць праўду, паказаць рэчаіснасць, як гэта выгадна ўладам, і, магчыма, заглушыць фільм “Жыве Беларусь”. Несумненна, яны будуць рабіць фільм мастацкі, не прапагандысцкі, бо інакш ён проста не трапіць на замежныя фестывалі».
Сусцэнарыст і другі рэжысёр фільму «Жыве Беларусь!» Франак Вячорка не верыць, што з гэтага праекту атрымаецца паспяховы фільм:
«Я чуў пра гэты праект паўгода таму ад Сяргея Ждановіча, на Канскім кінафестывалі. Ён казаў, што падзеі Плошчы і вакол яе —
маглі б стаць цікавым сюжэтам для фільму. Але паколькі ў праекце ўдзельнічае ўрад, які, натуральна, будзе кантраляваць кожны крок, мала шанцаў, што атрымаецца якасны мастацкі фільм.
Калі б яны хацелі рабіць мастацкую, а не прапагандысцкую стужку, яны б увогуле не краналі тэму Плошчы».
У панядзелак Сяргей Ждановіч ляціць у ЗША на перамовы аб магчымым удзеле ў здымках галівудскай зоркі класы «А» ды іншых вядомых актораў. Здымкі пачнуцца ў 2014 годзе і адбудуцца ў ЗША, Германіі, Расіі і Беларусі. Бюджэт складзе 2 мільёна долараў ЗША.