Уладзь Лабковіч: Самае невыноснае — гэта немагчымасць бачыць родных, абдымаць дзетак

Праваабаронца і палітвязень Уладзь Лабковіч даслаў на волю вестачку, датаваную 13 лютага.

Уладзімір Лабковіч

Уладзімір Лабковіч

Ён амаль не спіць праз тое, што часта баліць галава. Распавядае, што піша жонцы лісты кожны дзень з моманту затрымання і хутка працягне пісаць казку для сваіх дзетак:
«Вельмі ўзрадваўся атрымаўшы ад Вас цёплую паштовачку, а яшчэ налепкі і цудоўныя аркушы. Буду на іх пісаць дзеткам працяг казкі. Даўно не мог пачаць пісаць працяг для іх, бо казка мусіць быць вясёлай, але настрой у мяне вельмі сумны. Часам нават ахоплівае адчай і пачуццё безвыходнасці. Асабліва, калі няма лістоў, бо яны губляюцца і не даходзяць да мяне. Вельмі тады кепска. Таму я так Вам удзячны за Ваш ліст.
Вялікі дзякуй за віншаванні з рознымі святамі. Вось, заўтра, 14 лютага, у мяне сем месяцаў з моманту затрымання. Сем жахлівых і бясконцых месяцаў. А яшчэ заўтра дзень Святога Валянціна — Дзень усіх закаханых. Я пішу жонцы кожны дзень. Заўтра будзе 142 ліст. Абавязкова дашлю паштовачку з віншаваннямі. Але самае невыноснае — гэта немагчымасць бачыць родных, абдымаць дзетак. У мяне зусім не засталося надзеі, толькі любоў і каханне.
Хутка вясна. Так прыемна праз дрот бачыць блакітнае неба. Хутка ўсё будзе зялёным. Я так даўно не бачыў дрэваў, кветак, увогуле розных колераў. Неверагодна гэтага не хапае».
Таксама вясновец распавёў, што на «Валадарцы» чытае вершы Ахматавай:
«А ў астатнім усё як заўсёды. Часта баліць галава, мала атрымліваецца спаць. Чытаю толькі вершы. Зараз чытаю вершы Ганны Ахматавай. Асабліва пранізлівыя вершы з цыкла «Рэквіем». Пра яе асабістую драму рэпрэсіяў у дачыненні да сына. Так сугучна, аж ахоплівае касмічны жах».
Адрас для лістоў: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу