Палітвязня Рамуальда Улана арыштавалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»
На мінулым тыдні ў папраўчых установах адкрытага тыпу супрацоўнікі КДБ ладзілі затрыманні, ператрусы, допыты, выняцце тэлефонаў на экспертызы ў палітзняволеных. Сярод затрыманых быў і палітвязень Рамуальд Улан, які адбывае пакаранне ў ПУАТ-17.
Як паведамляюць праваабаронцы, у яго вынялі тэлефон на экспертызу, пасля чаго склалі пратакол па ч. 2 арт. 19.11 КаАП «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
У выніку Рамуальда Улана асудзілі да 14 сутак арышту за падпіску на «экстрэмісцкі» тг-канал. Арышт палітвязень будзе адбываць у гомельскім ІЧУ.
Таксама вядома, што сёння па арт. 19.11 КаАП павінны былі судзіць і былога палітвязня Юрыя Касцюка, якога таксама затрымалі 15 лютага. Але інфармацыі пра суд над ім пакуль няма.
Падтрымаць Рамуальда Улана: Ізалятар часовага ўтрымання Гомельскага аблвыканкама, 246027, г. Гомель, вул. Міжгародняя, 26.