Марына Адамовіч заклікала падтрымаць Мікіту Емяльянава
Жонка палітвязня Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч заклікала дасылаць звароты ў дзяржорганы, каб патрабаванні іншага палітвязня Мікіты Емяльянава, які трымае галадоўку, былі выкананыя.
«Мікіта Емяльянаў галадае ўжо 18 дзён. Зараз з вадой пасля сухой галадоўкі. Ён у турме, на турэмным рэжыме і пад пагрозай павелічэння тэрміна зняволення (куды ўжо болей?!).
Ён — малады годны хлопец, у якога ўсе жыццё наперадзе. Няўжо мы будзем спакойна глядзець, як гэта жыццё яго пакідае?
Яго патрабаванні не менш простыя і выканальныя, як патрабаванні Уладзіміра Мацкевіча. Калі мы хацелі і маглі рабіць тое, што ў нашых сілах, там, то што замінае нам паказаць, што нам не ўсё роўна, што адбываецца з Мікітам.
Я прашу зрабіць простыя крокі: нават не падымаючыся з канапы, адправіць электронны зварот у пракуратуру і Дэпартамент выканання пакаранняў. А яшчэ — у Чырвоны крыж, як мінімум. У нас мала часу. І, я веру, Мікіта на нас спадзяецца», — напісала Марына Адамовіч.
Таксама яна апублікавала прыкладны тэкст звароту:
Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь
220030, г.Мінск, вул. Інтэрнацыянальная, 22
Пракуратура Магілёўскай вобласці
212030 г.Магілеў, вул.Дабралюбава, 6
Дэпартамент выканання пакаранняў МУС РБ
220039, Мінск, вул. Брылеўская, 14А
Упраўленне Дэпартамента выканання пакарананняў па Магілёўскай вобл.
212011, г. Магілёў, вул. Ленінская, 68 А
Прозвішча, адрас
Зварот
Як мне стала вядома са сродкаў масавай інфармацыі, і сацыяльных сетак, Мікіта Уладзіміравіч Емяльянаў, які з 9 чэрвеня 2020 года знаходзіцца ў следчай турме №4, з 3 лютага 2022 г. аб'явіў галадоўку.
Мікіта Емяльянаў быў асуджаны да 4 год зняволення у калоніі ўзмоцненага рэжыма. 25 траўня 2020 г. пастановай суда Бабруйскага раёна і горада Бабруйска Мікіта Емяльянаў быў пераведзены на турэмны рэжым тэрмінам на тры гады і зараз утрымліваецца ў СТ-4 г. Магілёва.
3-га лютага Мікіта Емельянаў аб'явіў галадоўку супраць дзеянняў адміністрацыі турмы ў адносінах да яго.
Сваёй галоўкай Мікіта Емяльянаў мае на мэце дабіцца выканання ясных і справядлівых патрабаванняў:
- Прыняцце адміністрацыяй яго скаргаў і заяваў (на дадзеным этапе супрацоўнікі турмы адмаўляюцца іх прымаць);
- Адмова ад прымусу прыбіраць двор за іншымі вязнямі, якія гэтага не робяць;
- Перадача рэчаў і лістоў са склада блізкім сваякам;
- Адпраўка лістоў Емяльянава на волю.
Мікіта Емяльянаў адмовіўся ад ежы з 3 лютага і мае намер гэта рабіць да выканання згаданых вышэй патрабаванняў. Пры гэтым, як стала вядома, першыя дзесяць дзён гэта была сухая галадоўка, пасля чаго ён перайшоў да галадоўкі на вадзе. Галадоўка можа прывесці да непапраўных наступстваў для яго здароўя. Ён можа памерці.
Я перакананы/ая ў тым, што патрабаванні Мікіты Емяльянава абгрунтаваныя, справядлівыя і выканальныя. У сувязі з гэтым і кіруючыся Мінімальнымі стандартнымі правіламі абыходжання са зняволенымі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (далей — Мінімальныя стандартныя правілы)
ПРАШУ:
1. Забяспечыць пастаянны медычны нагляд за станам здароўя Мікіты Емяльянава;
2. Неадкладна выканаць яго законныя патрабаванні і забяспечыць абарону яго правоў.
3. Правесці праверку парушэнняў правоў Мікіты Уладзіміравіча Емяльянава, выявіць і пакараць вінаватых асоб.
__.02.2022 г. Подпіс