«Спадзяюся, што аднаўляць не прыйдзецца». Уладзімір Мацкевіч спыніў галадоўку

Пра гэта сябрам паведаміў яго адвакат пасля сённяшняй сустрэчы са сваім падабаронным. Па словах Мацкевіча, у яго была сустрэча са следчым. Апошні паведаміў, што «справа зрушылася з мёртвай кропкі».

239398323_104778998595854_2550805438035031907_n.jpg

Са слоў Уладзіміра Мацкевіча: «Учора я стаў адключацца. Сусед выклікаў лекараў, рабілі кропельніцу. Пасля працэдуры была сустрэча са следчым, з якой я заключыў, што справа зрушылася з мёртвай кропкі. Я спыніў галадоўку і вечарам каля 19:00 напісаў заяву. Спадзяюся, што аднаўляць не прыйдзецца».

Галадоўка Уладзіміра Мацкевіча і велізарная хваля грамадскай салідарнасці дазволіла дамагчыся таго, што былі прынятыя пастановы і ягонай справе быў дадзены ход.

«Нягледзячы на пазітыўны зрух у справе, якога дамогся Уладзімір Мацкевіч, не ўсе патрабаванні на гэты момант выкананыя. Гэта патрабуе ад нас працягу дзеянняў накіраваных на завяршэнне следства і перадачы справы ў суд. Рашучасць Уладзіміра Мацкевіча і шырокая салідарнасць прывялі да зменаў у дзеяннях следства і прадухілілі трагічны зыход галадоўкі», — напісана на старонцы Мацкевіча.

«Мы спадзяемся, што следства па справе будзе завершана, і пасля спынення галадоўкі Уладзіміру Мацкевічу не прыйдзецца зноў звяртацца да гэтай крайняй меры», — адзначаюць яго паплечнікі.

Нагадаем, Уладзімір Мацкевіч галадаў у СІЗА ад 4 лютага. З вечара 15 лютага ён адмовіўся прымаць ваду і перайшоў да сухой галадоўкі. Філосаф патрабаваў змяніць яму меру стрымання, завяршыць следчыя дзеянні і перадаць справу ў суд, прызначыць дату судовага разбору. Мацкевіча затрымалі ў жніўні 2021 года. Яму прад'яўленыя абвінавачванні ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.