Валерый Карбалевіч: Фактам ананімнасці ўлады прызнаюць, што яны хаваюцца ад уласнага народа
Кіраўнік аддзела ГУБАЗіК МУС Вячаслаў Арлоўскі прапанаваў пазбаўляць беларускага грамадзянства тых, хто з'ехаў з краіны і «адтуль робіць усё магчымае, каб нашкодзіць дзяржаве». Між тым, у артыкуле 10 Канстытуцыі РБ, таксама як і ў Законе «Аб грамадзянстве» наўпрост гаворыцца: «Ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублікі Беларусь альбо права змяніць грамадзянства».
— У Беларусі рыхтуецца новая Канстытуцыя, з якой можна
прыбраць той пункт, які ёсць у дзеючай Канстытуцыі і гарантуе грамадзянам
Рэспублікі Беларусь, што іх не пазбавяць гэтага грамадзянства, — заўважыў
палітолаг Валерый Карбалевіч у экспрэс-каментары «Салідарнасці».
З юрыдычнага гледзішча, дадаў эксперт, зрабіць гэта няцяжка
і цалкам рэальна. Падобная практыка некалі існавала ў Савецкім Саюзе, дзе
пазбаўленне грамадзянства выкарыстоўвалася як рэпрэсіўная мера супраць
нелаяльных рэжыму асоб — дысідэнтаў, апазіцыйнай інтэлігенцыі, што не
ўпісваліся ў савецкую сістэму.
Ці значаць заявы ГУБАЗіКа, што Беларусь вяртаецца да савецкай
сістэмы?
— Мне цяжка сказаць, наколькі ініцыятыва МУС узгодненая з
палітычным кіраўніцтвам, пакуль гэта нейкі «ўкід», кшталту крымінальнага
пераследу падпісчыкаў «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў. Тут трэба ўлічваць і
элемент запужвання, і нейкія сапраўдныя прававыя рэчы, — адзначыў палітолаг. —
Але ва ўмовах неправавой дзяржавы, у прынцыпе, магчыма ўсё, што заўгодна.
Я хачу нагадаць, што восенню 2020 года ў Беларусь не
ўпускалі беларускіх грамадзян — студэнтаў, якія ехалі з Польшчы, мітрапаліта
Тадэвуша Кандрусевіча, — хаця ў беларускай Канстытуцыі таксама ўсё запісана на
гэты конт. Затым — сёлетнія змены ў заканадаўстве: палажэнне аб тым, што
пазбаўляць грамадзянства можна тых беларусаў, хто мае яго не з нараджэння, а
набылі грамадзянства, будучы ўжо дарослымі.
То-бок, дэ-факта гэта ўжо было, улады рабілі падобныя рэчы,
не ўпускаючы беларускіх грамадзян у Беларусь. А яшчэ ж можна прыгадаць гісторыю
з Паўлам Шараметам, якога пазбавілі беларускага грамадзянства шмат гадоў таму,
далёка да ўсіх бягучых падзей… І цяпер, ва ўмовах жорсткага тэрору, — усё
магчыма.
Не абмінуў увагай палітолаг і ўчарашні дзіўны фармат навін — у тэлевізійным сюжэце пра прызначэнні сілавікоў не толькі не назвалі імёны і
пасады кіраўнікоў КДБ, але і размылі іх твары і нават постаці.
— Зусім нядаўна Лукашэнка ўзнагароджваў групу сілавікоў за
выдатныя дзеянні супраць палітычных апанентаў, і іх імёны таксама не
называліся, — нагадвае Валерый Карбалевіч. — Цяпер кіруючыя кадры КДБ таксама
будуць ананімнымі.
У нейкім сэнсе гэта заканамерна, гаворыць палітолаг:
— Калі ўлада існага рэжыму сумнеўная з гледзішча
легітымнасці, то і ўсе структуры, якія
абараняюць гэты рэжым, таксама павінны хаваць свой твар. Звярніце ўвагу: тыя,
хто арыштоўваў людзей на вуліцах, былі ананімнымі, не прадстаўляліся; тыя, хто
ўрываецца ў кватэры беларусаў, — зноў жа, не заўсёды і не ўсе прадстаўляюцца; мы
бачым, што міліцыянты, якія даюць паказанні ў судах, таксама хаваюцца пад
нейкімі псеўданімамі.
Логіка засакрэціць асабліва прадстаўнікоў сілавых структур выглядае дзіўна. І гэта значыць, што яны адчуваюць, у якой краіне жывуць, адчуваюць, што ў гэтай краіне большасць насельніцтва іх не любіць (прыгадаем, калі міністр унутраных спраў расказваў, што яго сям'ю «травяць» і кідаюць у паштовую скрынку пагрозы)… Улады прызнаюць гэтым фактам ананімнасці, што яны хаваюцца ад уласнага народа.