Валянцін Акудовіч: «Пасля Лукашэнкі нам трэба будзе пачынаць з нуля»
Беларускі філосаф і дысідэнт Валянцін Акудовіч у інтэрв'ю Tagesanzeiger заявіў, што найбольш важная ўласцівасць беларускага менталітэту — увесь час спрабаваць стаць нябачным.
«Тысячу гадоў у Беларусі адбывалася змаганне лацінскай і візантыйскай цывілізацый, адзін напад ішоў за іншым. Штораз заваёўнікі разбуралі ўсё, што неяк вылучалася, і гэта доўжылася стагоддзямі. Каб выжыць у гэтай сітуацыі, нам давялося навучыцца хаваць усе свае пажыткі і хавацца самім — не толькі ў лясах і балотах, але і за нашай незаўважнасцю, неадукаванасцю і прастадушнасцю», — патлумачыў Акудовіч.
Аднак, па яго словах, Беларусь не лічыць сябе «малодшым братам» Расіі, і «нават прэзідэнт Лукашэнка, гарачы прыхільнік інтэграцыі з Расіяй, не выкарыстоўвае гэты панятак, хутчэй наадварот. Ён любіць публічна
дэманстраваць перавагу
беларусаў перад расійцамі. Добры прыклад — адна з яго любімых фраз: «Беларусы — гэта рускія са знакам якасці».
Пры гэтым вельмі многія беларусы, па словах Акудовіча, спачатку паставіліся да стварэння дзяржавы ў 1991 годзе скептычна, але «за 23 гады незалежнасці паступова абвыклі да новай сітуацыі і пачалі верыць у сваю краіну. Аднак у грамадстве дагэтуль няма кансенсусу: ні з нагоды геапалітычнага выбару паміж Усходам і Захадам, ні з нагоды выбару мовы — рускай ці беларускай, ні з нагоды знакаў і атрыбутаў — нацыянальных ці савецкіх, ні па многіх іншых нагодах», перадае выданне.
Акудовіч нагадаў пра масавы пратэст моладзі супраць рэжыму Лукашэнкі. «Твар гэтага пратэсту — арганізацыя "Малады фронт", якая сфармавалася ўжо ў сярэдзіне 1990-х», — сказаў філосаф. Ён таксама нагадаў, што сотні маладых людзей трапілі з-за пратэстнай дзейнасці ў турму, а лідары «Маладога фронту» Павел Севярынец і Зміцер Дашкевіч дагэтуль знаходзяцца за кратамі, гаворыцца ў публікацыі.
«У апошні час актыўнасць і ўплыў моладзевага супраціву зменшыліся. Прычына гэтага перадусім крыецца ў жорсткіх і сістэматычных рэпрэсіях з боку рэжыму, якія працягваюцца ўжо два дзесяцігоддзі. Аднак у гэтым развіцці адлюстроўваецца і стомленасць ад працяглага змагання, у якім няма перамог. Магчыма, ужо ў найбліжэйшай будучыні беларуская моладзь перастане трапляць у турмы», — заявіў суразмоўца выдання.
«Урачыста адзначыўшы прыход да ўлады, Лукашэнка спытаў у каманды экспертаў: "Што мы можам зрабіць?" І сам даў адказ: Мы ведаем толькі сацыялізм, так што забудземся пра ўсе ліберальныя тэорыі», — перадае Акудовіч.
«Сацыялізм сам па сабе быў для яго не так важны. Хутка стала ясна, што Лукашэнка нічога не створыць, а толькі адбудуе эканоміку і сацыяльную структуру грамадства паводле мабілізуючых законаў вайны. Таму ўсё, што не прыводзіла да перамогі, ліквідавалася, а ўсё, што вяло да перамогі, — выкарыстоўвалася. Прыкладам, буйныя прадпрыемствы дзейнічаюць з асабістага дазволу Лукашэнкі і аддаюць вялікую частку прыбыткаў у яго асабісты бюджэт. Раней гэта абмяркоўвалася ў афіцыйных СМІ. Незалежныя беларускія эканамісты і аналітыкі даўно шукаюць панятак, што апісвае сённяшні тып эканомікі і грамадства. Цікава, што панятак "сацыялізм" у гэтай сувязі зусім не абмяркоўваецца», — апісвае Акудовіч.
Акудовіч сказаў журналістам, што праз некаторы час пасля палітычнага, эканамічнага і фінансавага калапсу 1991 года жыццё пачало наладжвацца. Так, гарады запоўніліся машынамі, тым часам як «большасць савецкіх грамадзянаў нават не адважвалася марыць пра персанальны аўтамабіль»; стала магчыма выязджаць з краіны і нават пакідаць яе назаўжды, а крамы перапоўніліся таварамі. Адсотак карыстальнікаў інтэрнэту і мабільных тэлефонаў вышэй, чым ва ўсіх астатніх краінах былога СССР, нават у Расіі. Але пры гэтым «сярэдні прыбытак у краіне толькі сёлета дасягнуў гістарычнага максімуму ў 500 даляраў. Розніца ў дабрабыце паміж Мінскам і правінцыяй, тым больш сельскай мясцовасцю, — сапраўднае злачынства. Каля мільёна працаздольных грамадзянаў (дакладных лічбаў практычна няма) шукаюць працу за мяжой, перадусім у Расіі. Вытворчасць не мадэрнізавалі з савецкіх часоў. Тое ж можна сказаць пра сістэму адукацыі. Усе спробы далучыцца да балонскага працэсу былі адмецены па ідэалагічных прычынах. З матэрыяльнага пункту погляду беларусы ніколі не жылі так добра, як цяпер. Але толькі ў параўнанні з уласным мінулым, а не з узроўнем жыцця сучаснага еўрапейца», — перадае выданне.
«Пасля Лукашэнкі
нас чакаюць вялікія праблемы. Цягам нейкага часу
нам будзе цяжэй, чым цяпер... За дзесяцігоддзі бязмежнай улады Лукашэнкі цалкам перафарматаваў дзяржаўную структуру. Збой гэтага цэнтра ўлады ў найлепшым выпадку выведзе з раўнавагі ўсе сістэмы
кіравання і сувязі, а ў найгоршым — прывядзе да хаосу», — прагназуе
Акудовіч. Па яго словах, працягваюць журналісты, «дыктатура»
пасля сыходу Лукашэнкі не захаваецца, але беларуская апазіцыя не прыйдзе да ўлады і без Лукашэнкі, «таму што яна
даўно вычарпала свой палітычны патэнцыял». «Я думаю,
што сапраўднае змаганне за ўладу развернецца паміж кланамі наменклатуры, уладнымі структурамі і буйнымі прадпрыемствамі», — кажа
ён.
«Вядома, Масква адыграе важную, калі не вырашальную ролю ў актуалізацыі палітычных прыярытэтаў. Па старой традыцыі, амерыканскія і еўрапейскія дэмакратычныя інстытуты возьмуць удзел і ў гэтай палітычнай інтрызе, але, напэўна, іх ізноў спасцігне няшчасце. Гэта і ўсё роўна, таму што няважна, хто калі пераможа. Лукашэнка не даў развівацца ніводнай палітычнай культуры з тых, што сфармаваліся ў першай палове 1990-х. Тое ж самае адбылося з асновамі грамадзянскай супольнасці. У гэтым сэнсе нам пасля Лукашэнкі давядзецца пачынаць з нуля», — заканчвае гутарку Акудовіч.
Лінус Шэпфер, Ганна Жыхарава, Tages anzeiger