Валянціна Каваленка: суддзі Канстытуцыйнага суда самі не выконвюць Канстытуцыю

Суддзі Канстытуцыйнага суду Рэспублікі Беларусь самі не выконваюць асноўны закон краіны, заявіла ў інтэрв’ю карэспандэнту «НЧ» бабруйчанка Валянціна Каваленка. 



sud4.jpg

Яна распавяла, што з сакавіка бягучага году Канстытуцыйны суд (КС) адмаўляецца ўзбуджаць вытворчасць па справе аб допуску ў суды прадстаўнікоў грамадзян.

Згодна Канстытуцыі, што мае вышэйшую юрыдычную сілу, пад час разгляду справы ў судзе грамадзяне маюць права карыстацца юрыдычнай дапамогай не толькі адвакатаў, але і іншых сваіх прадстаўнікоў. Аднак артыкул 72 ГПК абмяжоўвае спіс катэгорый грамадзянаў, якія маюць права прадстаўляць інтарэсы заяўнікаў у грамадскім судаводстве. Гаворка ідзе выключна пра адвакатаў; працаўнікоў юрыдычных асобаў – па справах гэтых асобаў; упаўнаважаных грамадскіх аб’яднанняў, якім законам дадзена права прадстаўляць і абараняць у судзе правы і законныя інтарэсы сяброў гэтых грамадскіх аб’яднанняў і іншых асобаў; законных прадстаўнікоў; бліжэйшых родзічаў, мужа і жонкі; прадстаўнікоў, прызначаных судом; аднаго з працэсуальных саўдзельнікаў — па даручэнню гэтых саўдзельнікаў, а таксама пра патэнтнага паверанага.

Разам з тым, згодна ГПК, абавязак даваць доказы поўнасцю ўскладзены на ўдзельнікаў грамадзянскага працэсу, якія маюць права вольна распараджацца належачымі ім матэрыяльнымі і працэсуальнымі правамі. Аднак ў практыцы грамадзянскага судаводства гэта права нельга рэалізаваць, калі грамадзяне жадаюць выкарыстаць у якасці прадстаўнікоў сваіх сяброў і знаёмых — людзей, якім давяраюць і якія валодаюць неабходнымі ведамі, але не пазначаным ў спісе артыкулу 72 ГПК.

Паколькі гэты артыкул абмяжоўвае правы грамадзян вычарпальным спісам іх прадстаўнікоў для ўдзелу ў грамадзянскім судаводстве, напрыканцы сакавіка Валянціна Каваленка разам са сваёй зямлячкай Любоўю Санкевіч звярнуліся ў КС з просьбай узбудзіць вытворчасць па справе аб запаўненні ў ГПК Рэспублікі Беларусь прабелаў, выключэння ў ім калізій і прававой нявызначанасці.

У сваім адказе начальнік сакратарыяту КС Аляксандр Каравай парэкамендаваў заяўнікам ліста звярнуцца ў тыя ўпаўнаважаныя дзяржаўныя структуры (прэзідэнт, Палата прадстаўнікоў і Савет рэспублікі Нацыянальага сходу, Вярхоўны суд і Савет міністраў), якія валодаюць правам накіроўваць у Канстытуцыйны суд адпаведныя прапановы аб канстытуцыйнасці тых ці іншых айчынных нарматыўных прававых актаў.

Цягам году жанчыны накіравалі ў КС 12 зваротаў і пабывалі на прыёмах у 10 суддзяў гэтай дзяржаўнай установы з 12-ці, у тым ліку ў старшыні КС Пятра Міклашэвіча, Валянціны Падгруша, Сяргея Чыгрынава, намесніцы старшыні КС Вольгі Сяргеявай, Леаніда Рабцава, Уладзімера Ізоткі, Анатоля Цікавенкі, Станіслава Данілюка, Тадэвуша Варановіча і Ліліі Козыравай.

«Аднак на ўсе свае звароты мы так і не атрымалі матываваны адказ па сутнасці пастаўленых пытанняў, як таго патрабуе артыкул 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Такім чынам, суддзі Канстытуцыйнага суду самі парушылі асноўны закон краіны», —падкрэсліла Валянціна Каваленка.

Каментуючы гэтую сітуацыю, юрыстка Тамара Сяргей выказала меркаванне, што насуперак Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь суддзі Канстытуцыйнага суду не з’яўляюцца незалежнымі і не падпарадкоўваюцца закону. «Яны чакаюць указанне галавы дзяржавы. Вось чаму суддзі Канстытуцыйнага суду пастаянна рэкамендуюць грамадзянам звяртацца да суб’ектаў зканадаўчай ініцыятывы», — сказала юрыстка.

Яна нагадала, што з прыняццем у мінулым годзе Закону Рэспублікі Беларсь «Аб канстытуцыйнай вытворчасці» для грамадзянаў нібыта прыадчыніліся дзверы Канстытуцыйнага суду. «Але, як сведчаць вынікі зваротаў бабруйчанак у Канстытуцыйны суд, закон можна прыняць і не выконваць яго», — сказала юрыстка. На яе думку, гэты закон быў прыняты не ў інтарэсах грамадзянаў Беларусі, а для таго, каб прадэманстраваць міжнароднай супольнасці, што ў краіне адбываюцца дэмакратычныя перамены.