Варажба на Каляды

Вырашана — 19 снежня час «Х». «Надакучыў!», «Пераменаў!», «Новага жыцця!» — з такімі тэзамі (калі па сакрэту, вядома) пагодзяцца ў кухонных размовах многія. За тры месяцы да прэзідэнцкіх выбараў Беларусь мае ледзь не тузін альтэрнатыўных кандыдатаў. І сумнеўна, што яны гатовыя да «штурму» розумаў і сэрцаў выбарцаў, прагнозу падзей і здольныя самастойна, рашуча дзейнічаць у экстрэмальнай сітуацыі.

Вырашана — 19 снежня час «Х». «Надакучыў!», «Пераменаў!», «Новага жыцця!» — з такімі тэзамі (калі па сакрэту, вядома) пагодзяцца ў кухонных размовах многія. За тры месяцы да прэзідэнцкіх выбараў Беларусь мае ледзь не тузін альтэрнатыўных кандыдатаў. І сумнеўна, што яны гатовыя да «штурму» розумаў і сэрцаў выбарцаў, прагнозу падзей і здольныя самастойна, рашуча дзейнічаць у экстрэмальнай сітуацыі.
Яшчэ на мінулым тыдні чакалася, што парламент на пазачарговай сесіі прызначыць час, калі беларусам ісці з бюлетэнямі да ўрнаў. Але абстаноўка ў каляпалітычных колах унутры і па-за межамі краіны надта накалілася, і парламент тады дыпламатычна абмежаваўся разглядам бюджэту. Таямнічая смерць апазіцыйнага журналіста Алега Бябеніна кінула цень на рэпутацыю ўладаў, і так падмочаную інфармацыйнымі войнамі з Расіяй і перыядычнымі зачысткамі ўнутранай прасторы. Цягнуць час не было куды.
Уласна, да выбараў дзяржаўны апарат рыхтуецца ці не з вясны. Ператрэслі і пасадзілі на прафілактычныя суткі будучага апанента Лукашэнкі Уладзіміра Някляева, арганізавалі сістэмныя ператрусы і допыты ў супрацоўнікаў найбольш масавых апазіцыйных інфармацыйных рэсурсаў («Народная воля» і «Хартыя»), абнавілі папярэджанні Мінінфармацыі рэдакцыям недзяржаўных газет «Новы час» і «Наша ніва». Усё гэта апазіцыя зносіла досыць цярпліва. А калі распачаліся інфармацыйныя войны з Масквой, дык сёй-той нават пэўныя надзеі з расійскім бокам звязаў.
Асяродак насамрэч ускалыхнуўся толькі пасля смерці Бябеніна. Невытлумачальная і нечаканая, яна стала напамінам, што парадам кіруюць з Карла Маркса, і кожны мусіць пра гэта памятаць. Падзею падхапілі СМІ, у тым ліку і з-за мяжы. Натуральна, версіі пра інсцэніроўку самазабойства перацякаюць з аднаго рэпартажу ў другі, рытарычнае пытанне «каму гэта трэба?» не знаходзяць адказу, як, зрэшты, і апазіцыя застаецца пакуль, з чым была. Бо інфармацыйныя хвалі паступова сціхаюць, а галовы выбарцаў не надта хвалюе, хто такі Бябенін і што з ім здарылася. Мала раздаваць інтэрв’ю, трэба яшчэ і даваць веру, упэўненасць у альтэрнатыве.
Тым часам рэжым Лукашэнкі, відаць, спрабуе згуляць на добра адпрацаванай ідэі знешняга ворага. Не так даўно ў сеціве з’явіўся відэазапіс «ананімнага супрацоўніка спецслужбаў Расіі», які расказвае, што на беларускага кіраўніка па загаду Пуціна быццам бы рыхтуецца замах. У праўдзівасць гісторыі наўрад ці хто паверыў, але гэты факт адцягнуў увагу ад іншых персон і перавёў стрэлкі ў больш прывабны бок. Маўляў, на самога прэзідэнта замахнуліся ворагі, а вы тут са сваім журналістам носіцеся. Мудры кіраўнік у коле ворагаў — папулярная ідэя, якая перыядычна падпітваецца.
Аляксандр Лукашэнка, каб даказаць ці то беларусам мудрасць, ці то лаяльнасць Крамлю, рассыпаўся абяцаннямі міру генсеку АДКБ Мікалаю Бардзюжу, калі той наведваў Беларусь. «Беларусь хвалююць адносіны з нашым галоўным партнёрам у АДКБ — Расійскай Федэрацыяй. Але, нягледзячы на тое, што расійскае кіраўніцтва нас пастаянна апошні час цапае за розныя часткі цела, мы не завастрыліся на яго так, як, можа быць, некаторыя думаюць, — прымірэнча заявіў беларускі лідэр. — Мы заўсёды былі і будзем разам, і ніякім палітыкам не наканавана разарваць нашы адносіны. І ў гэтым ключы мы будзем весці сваю палітыку без залішніх прэтэнзій, наскокаў на сваіх партнёраў».
Цікава, што год таму вакол АДКБ Беларусь разыгрывала чарговыя ціхія шантажы. Перад выбарамі змянілася расстаноўка сілаў, умовы, і беларускі кіраўнік прывычна загаварыў пра сяброўства і адданасць. Але чорная котка ўжо прабегла паміж Мінскам і Масквой, і апошняя наўрад ці адмовіцца падтрымаць альтэрнатыву Лукашэнку, калі чалавек будзе больш адэкватны і прадказальны, а ўмовы не безнадзейныя.
Апазіцыйныя лідэры пад шумок міждзяржаўных разборак навылучалі саміх сябе, нарабілі заяў, але яркай, унушаючай давер стратэгіі пакуль ніхто не агучыў. Сілы партыі БНФ выглядаюць непераканаўча, маладыя выхадцы з таго ж лагеру пакуль сядзяць у падполлі і няведама чым маюцца, хрысціянскія дэмакраты нават людзей з моцнымі нервамі бянтэжаць канцэнтратам рэлігіі ў палітычнай дзейнасці. Кандыдат ад АГП, канешне, разумны чалавек, і спецыяліст някепскі, але ад сярэдняга выбаршчыка далекавата. Некаторыя асобы ціхенька пакрасавацца выйшлі, але, відавочна, гэтак жа і сыдуць. Хіба што рух Някляева «Гавары праўду!» за гэты час паднабраў сілаў і рэсурсаў, ды ад Мілінкевіча па інерцыі, за старыя заслугі, чакаюць рашэння ісці на выбары.
Эканоміка і цэнзура грамадска-палітычнай сферы — атланты і карыятыды дзейснага рэжыму. Выходзіць на маршы пустых каструляў пакуль няма нагоды, а пра альтэрнатыву не думаюць, бо поле агляду стэрыльнае. Першы складнік Расія акуратна апрабуе на трываласць цягам года, другі пачалі расхістваць летам, тым больш, што блізкасць інфармацыйных прастораў дае магчымасць для дзеянняў.
Выбары на канец гэтага года прадказалі задоўга да іх прызначэння, і прычына ўсё ў той жа эканоміцы: старыя кантракты яшчэ дзейнічаюць, новых энергетычных войнаў няма, газавы вентыль не перакрылі, кошты не ўзнялі. Ды і настрой пад Новы год харошы, пра палітыку думаць не хочацца. Але, як вядома, палітыка ў такім разе думае пра цябе, нездарма ўжо з’яўляюцца жарты пра навагоднія святы, праведзеныя «на сутках» за кратамі.