Відэазвароты супраць гвалту сталі рэчавымі доказамі ў судзе над студэнтамі
У Савецкім раённым судзе працягваецца працэс па «справе студэнтаў», на якім 12 чалавек абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, піша «Радыё Свабода».
Суд пачаўся 14 траўня. Ужо дапытаныя сведкі, вывучаныя дакументы. На паседжанні 25 чэрвеня праглядалі відэа і слухалі запісы размоў студэнтаў па тэлефонах ды праз інтэрнэт, запісаныя КДБ. А першыя дзве гадзіны праглядалі відэа акцый, якія летась праходзілі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Ахоўнік, «далучайся»
Запіс, паказаны першым, быў зроблены з відэарэгістратара ахоўніка ў кастрычніку мінулага года. У судзе запіс дэманстраваўся ў паскораным тэмпе на экране памерам метр на паўтара, які ўсталяваны на сцяне насупраць клеткі з падсуднымі. Бачнасць запісу аказалася дрэнная, затое было добра чуваць, як адразу некалькі дзясяткаў маладых чалавек перад уваходам у ВНУ скандуюць «Жыве Беларусь», «Свабоду» і рытмічна пляскаюць у ладкі.
Другое відэа аказалася лепшай якасці. На ім на ганку БДУІР відаць больш за 20 студэнтаў, якія перыядычна выкрыкваюць «Жыве Беларусь», «Пакуль мы адзіныя, мы непераможныя». Побач у ВНУ праходзяць людзі, у асноўным моладзь, але не відаць, каб хто з іх далучаўся да пратэстоўцаў. Удзельнікі акцыі пачынаюць спяваць і пляскаць у ладкі. Ім гучна сігналяць аўтамабілі.
Трэцяе відэа, знятае ў холе БДУІР, таксама праз відэарэгістратар, адразу аглушае моцнымі воплескамі, хоць удзельнікаў акцыі зноў амаль не відаць. Чуваць, як ахоўнік просіць студэнтаў паводзіць сябе цішэй, бо «шум перашкаджае вучэбнаму працэсу».
Наступны запіс зроблены ў калідоры. Ахоўнік, які здымаў гэтае відэа, праходзіць у памяшканне і натыкаецца на людзей, якія скандуюць «Выпускай», «Далучайся» і «Жыве». У кадр трапляе чалавек сярэдняга веку з разгубленым тварам. Потым бачны міліцыянт, які ў тэлефон расказвае пра тое, што адбываецца перад ягонымі вачыма. Тым часам праз калідор ідуць дзясяткі студэнтаў, зноў гучыць «Далучайся» і воплескі. Чалавек, які здымае відэа, пераходзіць у іншае памяшканне, дзе таксама гучыць «Далучайся» і «Жыве!». З відэа вынікае, што аўтар сутыкнуўся з маршам студэнтаў у калідоры, міма праходзіць больш за 50 чалавек. Некаторыя ў масках. Студэнты скандуюць «Забастоўка» і пляскаюць у ладкі. Іх ніхто не спыняе, не папярэджвае і не пярэчыць. Вокліч «Жыве Беларусь» становіцца мацнейшым, калі яго падхопліваюць дзясяткі чалавек.
У наступным відэа фігуруе яшчэ больш людзей. Здымаюць з пляцоўкі каля белай лесвіцы хола БДУІР. Дзясяткі студэнтаў выходзяць у хол і адтуль на ганак. Чалавек, які здымае відэа, пытаецца ў хлопцаў іх прозвішчы. Тыя задаюць сустрэчнае пытанне: «А дзеля чаго?». «Тут несанкцыянаванае мерапрыемства», — тлумачыць голас і працягвае: «Дык вы адмаўляецеся назвацца?» Урэшце хлопцы ад аўтара відэа сыходзяць. Міліцыянт набліжаецца да натоўпу студэнтаў з бчб-сцягам і просіць прыбраць сцяг. «Проста прыбярыце. Вам будзе менш праблемаў», — кажа міліцыянт. Але сцягі застаюцца ў натоўпе. У кадры студэнт, які абгарнуў плечы сцягам. Некаторыя ўдзельнікі акцыі трымаюць у руках самаробныя плакаты, тэкстаў якіх не відаць.
«Прыбіраць сцяг не будзем»
Студэнты ўвесь час рытмічна пляскаюць у ладкі і на працягу ўсяго відэа не разыходзяцца. Чуваць аўтамабільныя сігналы, на якія студэнты рэагуюць гучнымі крыкамі. Ля ўваходу ў БДУІР вісіць дзяржаўны сцяг, побач з ім нікога няма. Міліцыянт, які здымае відэа, пачынае перамаўляцца з калегамі, і раптам хуткасць відэа паскараецца настолькі, што не разабраць словаў. Але нармальны гук вяртаецца, калі міліцыянт пытаецца ў студэнтаў пра пасведчанні і ўгаворвае прыбраць сцягі. Хлопец, які абгарнуўся бчб-сцягам, кажа міліцыянту, што яму больш даспадобы гэты сцяг, а не чырвона-зялёны.
Наступнае відэа — з таго ж месца каля ўваходу ў БДУІР. Малады чалавек у кепцы і медычнай масцы не хоча называць сваё прозвішча, але потым паказвае візітоўку. «Вы ж у курсе пра наступствы», — кажа аўтар відэазапісу, падыходзячы да хлопцаў з бчб-сцягам. «Забароненая сімволіка, несанкцыянаванае мерапрыемства, — кажа міліцыянт. — А дакументы ў вас ёсць?» Тыя не называюцца, але і не сыходзяць. Падыходзіць яшчэ адзін міліцыянт. «Дык будзеце прыбіраць сцяг?» — паўтарае аўтар відэа. Хлопцы не паддаюцца: «Не, не будзем». Аўтар відэа пачынае нешта расказваць праз тэлефон, і гукавы запіс зноў паскараецца настолькі, што словаў не разабраць.
«Чалавек, напэўна, 30 ці больш», — з гэтых словаў міліцыянта пачынаецца новы запіс, які зроблены ў холе навучальнай установы. Канец заняткаў, студэнты адзін за адным выходзяць на вуліцу. Міліцыянт ідзе за імі. Бачна, што на пляцоўцы перад вучэльняй некалькі дзясяткаў чалавек. Яны скандуюць «Жыве Беларусь» і пляскаюць у ладкі. Гучыць «Усе за аднаго».
Далей суд праглядае відэазапіс звароту выкладчыкаў і студэнтаў БДУ. Сярод удзельнікаў звароту адна з падсудных у справе — Ксенія Сырамалот. Пра што кажуць аўтары звароту?
Студэнты і выкладчыкі па чарзе вымаўляць па-беларуску: «Маем права выказвацца супраць гвалту, хлусні, несправядлівасці, парушэння свабод і Асноўнага Закону нашай краіны». «Мы бачым, што адбываецца сёння ў краіне: людзей за іх думкі і выказванні звальняюць, збіваюць, калечаць, затрымліваюць, штрафуюць, вывозяць за мяжу, забіваюць, пазбаўляюць грамадзянства. Ніхто не нясе за гэта адказнасці». «Рэктар БДУ Андрэй Кароль асабіста паабяцаў, што ніводзін студэнт, выкладчык ці супрацоўнік БДУ не будзе звольнены ці адлічаны за сваю палітычную актыўнасць. Але праз два тыдні ад пачатку навучальнага года была звольненая выкладчыца Святлана Воўчак. Мы лічым, што гэта палітычна матываванае звальненне, і патрабуем аднавіць Святлану на працы». «Калі не абаронім яе, наступным можа стаць кожны з нас». «Мы выступаем супраць гвалту над мірнымі пратэстоўцамі, гэта не палітычнае пытанне, а пытанне гуманізму». «Мы не можам заплюшчыць вочы і проста вучыцца і вучыць, калі ў краіне адбываецца прававы дэфолт». «Як і ўвесь беларускі народ, мы ня будзем маўчаць». «Сённяшнія студэнты — галоўнае капіталаўкладанне нашай краіны, яны — наш адзіны і сапраўдны залаты запас».
А вось што сказала ў звароце Ксенія Сырамалот: «Універсітэт — гэта месца, дзе мы павінны выкладаць і вучыцца не толькі авалодваць ведамі, але таксама здабываць і адстойваць сваю грамадзянскую пазіцыю».
«Мы ўсё роўна жывыя»
Далей суд праслухаў матэрыялы гэтак званага «слыхавога кантролю» падсуднай Марыі Каленік.
На першым запісе мужчынскі голас прапанаваў правесці канферэнцыю пра тое, якой павінна быць вышэйшая адукацыя ў Беларусі. «Гэта было б здорава», — кажа Марыя і выказвае свае погляды на тое, як лепш зрабіць такую канферэнцыю. Размова ідзе па-беларуску, па-англійску і па-руску.
Наступная «праслушка» — пра сумесную акцыю страйкамаў мінскіх ВНУ. Гучаць розныя галасы. «Трэба падумаць, як гэта зрабіць. У нас асаблівая сітуацыя», — кажа дзяўчына. Ад яе гучыць думка, што трэба мяняць фармат акцый, не рызыкаваць актывам, які цяпер пад пагрозай затрыманняў і адлічэнняў. «Мы ўсё роўна жывыя, у нас усё атрымаецца», — упэўнена іншая дзяўчына. Хлопец кажа, што «ўсё роўна можна правесці акцыю ўнутры ўніверсітэту». Першы дзявочы голас не такі аптымістычны: «Самыя актыўныя выйдуць, іх адлічаць — і што далей? У нас ужо было, што выходзілі толькі чалавек 15. Цяпер і іх затрымаюць, і што тады? А які штуршок патрэбны, каб выйшлі ўсе — не ведаю».
Яшчэ адзін дзявочы голас расказаў пра сітуацыю ў ВНУ. Што за тры тыдні сітуацыя пагоршала, цяпер у кожным корпусе ўвесь час дзяжураць «дзядзечкі ў форме», па тэрыторыі ходзяць патрулі, ёсць адлічаныя студэнты. На гэта студэнт пярэчыць, што падтрымка застаецца вялікай, да 90% студэнтаў салідарныя з тымі, хто заклікаў страйкаваць.
Пасля перапынку на абед суд праслухоўваў размовы з удзелам Вікторыі Гранкоўскай, Яны Арабейка і выкладчыцы БГУІР Вольгі Філатчанкавай. Таксама ў судзе прагучаў відэазварот студэнтаў мехмату БДУ, які пачаўся з патрабавання вызваліць да 25 кастрычніка ўсіх палітычных зняволеных.
Відэазвароты, якія праглядае суд, лічацца рэчавымі доказамі.
У працэсе абвешчаны перапынак, суд адновіцца 1 ліпеня.