Пасольства Вялікабрытаніі пракаментавала закрыты суд над Ціханоўскім, Лосікам, Статкевічам
Пасольства Вялікабрытаніі ў Беларусі на сваёй старонцы ў Facebook пракаментавала суд у гомельскім СІЗА над Ціханоўскім, Лосікам, Статкевічам і іншымі.

Сёння дыпламаты Вялікабрытаніі, ЗША і ЕС прыехалі ў Гомель, каб наведаць судовае пасяджэнне па справе палітвязняў Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Дзмітрыя Папова, Уладзіміра Цыгановіча і Арцёма Сакава.
«Сваякам зняволеных, іншым грамадзянам і дыпламатам было адмоўлена ў праве наведвання пасяджэння, — адзначае пасольства Вялікабрытаніі ў Беларусі. — Права на адкрыты працэс замацавана ў некалькіх міжнародных дакументах па правах чалавека, у тым ліку ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, як асноўны спосаб забеспячэння правасуддзя і аб'ектыўнасці судовага працэсу.
Вялікабрытанія, ЗША і ЕС працягваюць заклікаць да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі. Мы выказваем сваю салідарнасць з палітвязнямі, іх сем'ямі і сябрамі, а таксама з усім народам Беларусі і далучаемся да іх патрабаванняў правасуддзя, вяршэнства закона і захавання дэмакратычных прынцыпаў».