«Я не магу прасіць аб памілаванні, бо сын ні ў чым не вінаваты». Як бацькі Анджэя Пачобута чакаюць яго на волі

Палітвязень Анджэй Пачобут, журналіст і грамадскі дзеяч, сябра праўлення незалежнага «Саюза палякаў Беларусі», ужо тры месяцы застаецца за кратамі праз гэтак званую «справу палякаў». Яму прапанавалі вызваленне ўзамен на выезд за мяжу, аднак ён адмовіўся. Цяпер умовы яго ўтрымання значна пагоршыліся, журналіст захварэў на каронавірус, а родныя не могуць дабіцца хоць нейкіх звестак пра яго стан здароўя, піша «Белсат».

20210618_mk_pachobuty_1_30.jpg


Анджэю Пачобуту 48 гадоў. Жыве ў Гродне. Жанаты, мае дваіх дзяцей: старэйшая дачка Яна вучыцца ў гродзенскім медыцынскім універсітэце, малодшы сын Яраслаў ходзіць у школу.
Ранкам 25 сакавіка ў кватэру да Анджэя Пачобута прыйшлі сілавікі. Учынілі ператрус, самога журналіста затрымалі і даставілі ў Мінск, у СІЗА на Валадарскага. Яго вінавацяць у «распальванні рэлігійнай і нацыянальнай варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК), гэтак жа, як і старшыню «Саюза палякаў» Анжаліку Борыс ды іншых асоб. Зараз Анджэй у жодзінскім СІЗА. Яму пагражае да 12 гадоў калоніі.
«ДЛЯ АНДЖЭЯ ВЕЛЬМІ ВАЖНА АДЧУВАЦЬ, ШТО ЁН ПАЛЯК»
Бацькі Анджэя жывуць у невялікай кватэры ў адным са старых раёнаў Гродна. Нас сустракае бацька журналіста, спадар Станіслаў. Вядзе ў невялікі пакойчык. На сценах вісяць старыя фотаздымкі ў рамках, з партрэтаў ХІХ стагоддзя пранізліва глядзяць застылыя жанчыны і мужчыны. На іншай сцяне — драўляны крыж, які прадзядуля спадара Станіслава калісьці папрасіў у ксяндза з Макараўцаў. На століку стаіць незвычайны куфар з надпісам «1910. USA»: дзядуля Станіслава замовіў яго ў майстра падчас паездкі ў Амерыку. Ён мусіў сесці на Тытанік, але пашкадаваў грошай, бо квіток каштаваў вельмі шмат.
«Мы вельмі трапятліва ставімся да памяці пра нашых продкаў», — кажа спадар Станіслаў і дастае валізу. Там сабраны вялікі асабісты архіў, каля 800 дакументаў, якія датычаць сям’і. Адзін з дакументаў датуецца 1629 годам. Тут жа бачым першыя польскія пашпарты 1918 года. Асобна Станіслаў паказвае радавое дрэва — сапраўдны гонар сям’і.

Куфар Антона Пачобута. Гродна, Беларусь. 18 чэрвеня 2021 года. Фота: МК / «Белсат»

Куфар Антона Пачобута. Гродна, Беларусь. 18 чэрвеня 2021 года. Фота: МК / «Белсат»

«Мы жылі ў Бераставіцы, у невялікім пасёлку, які можна абысці за некалькі хвілін. Анджэй моцна сябраваў са сваёй бабуляй Марыяй. Яна значна паўплывала на яго выхаванне. Менавіта з яе расповедаў пра даўнія часы пачалася цікаўнасць Анджэя да гісторыі, праз іх ён пачаў адчуваць сваю польскасць яшчэ ў дзяцінстве. На яго польскасць паўплывала і тое, што брата маёй маці забілі пры пераходзе мяжы адразу пасля вайны, бо ён хацеў жыць у Польшчы. Брата бабулі забілі пад Сталовічамі. Анджэй гэта ўсё добра ведаў», — кажа спадар Станіслаў.
Бабуля Анджэя была беларускай, але ўся яе маладосць прыйшлася на польскія часы. Выйшла замуж за паляка, адразу ўвайшла ў касцёл, у сям’ю, і, паводле Станіслава Пачобута, у іх ніколі не было ніякіх разладаў на нацыянальнай глебе.
«Сам Анджэй ажаніўся з беларускай. У нашай сям’і ўсё перамяшана», — распавядае спадар Станіслаў.
Маці Анджэя Ванда Андрэеўна працавала раней настаўніцай хіміі, бацька Станіслаў Іосіфавіч таксама быў настаўнікам, выкладаў геаграфію, гісторыю, фізкультуру і нават ваенную справу. Скончыў сваю педагагічную дзейнасць як настаўнік працы ў адной з гродзенскіх школ.

У пакоі Станіслава Пачобута. Гродна, Беларусь. 18 чэрвеня 2021 года. Фота: МК / «Белсат»

У пакоі Станіслава Пачобута. Гродна, Беларусь. 18 чэрвеня 2021 года. Фота: МК / «Белсат»

Анджэй вучыўся ў бераставіцкай школе, любіў чытаць кнігі, у адрозненне ад малодшага брата Стаса.
«Стас характарам — анархіст, ён і на партрэце, што тут вісіць, выглядае такім нахабным. Анджэй таксама нарадзіўся з такім "рагатым" характарам супрацьстаяння. Яны не былі непаслухмянымі дзецьмі, але заўсёды мелі сваё меркаванне. Толькі Стас — чалавек свету, а Анджэй выбраў нацыянальны шлях. Для Стаса польскасць — гэта проста нацыянальнасць, а для Анджэя было вельмі важным адчуваць, што ён паляк», — кажа спадар Станіслаў.
«КАХАННЕ ЗАВЯРНУЛА ЯГО НАЗАД»
Пасля школы Анджэй паехаў вучыцца ў Польшчу на інжынера, але вельмі хутка вярнуўся.
«Я заўсёды марыў, каб ён стаў інжынерам. Я сам працаваў калісьці ў газеце і думаў, што пісаць артыкулы — гэта проста, іншая справа — інжынер. Адправілі Анджэя вучыцца ў Польшчу, але інжынернай спецыяльнасці ён так і не атрымаў. І тут дзве важкія прычыны — гэта каханне, якое звалася Аксанай, і тое, што ў яго не ляжала да гэтага сэрца. Анджэй быў знаёмы з Аксанай са старэйшых класаў, я ведаў, што яны гуляюць за ручку, таму ён з’язджаў у Польшчу з вялікай неахвотай. Аксана і завярнула яго назад, і ўсе мае мары, каб ён стаў інжынерам, прапалі», — цёпла ўсміхаючыся, згадвае спадар Станіслаў.
У Гродне Анджэй вучыўся на юрыста, пасля працаваў выкладчыкам у тэхнікуме. Але, паводле бацькі, гэта таксама была не яго справа, Анджэй ніколі не хацеў працаваць настаўнікам, таму сышоў адтуль. На той момант было месца ў польскай газеце ў Гродне, і гэта зрабілася яго лёсам.

Станіслаў Пачобут. Гродна, Беларусь. 18 чэрвеня 2021 года. Фота: МК / «Белсат»

Станіслаў Пачобут. Гродна, Беларусь. 18 чэрвеня 2021 года. Фота: МК / «Белсат»

«Аказалася, Анджэй можа пісаць. Пэўна, узяў гэта ад маці. Ён вельмі разважлівы, можа раскласці ўсё па палічках, правесці аналіз», — кажа Станіслаў.
Анджэй прыйшоў у журналістыку ў 2002 годзе. Працаваў у газетах «Пагоня», «Głos znad Niemna», «Gazeta Wyborcza». З гэтага ж часу Анджэй актыўнічаў у незалежным «Саюзе палякаў Беларусі». Пасля расколу Саюза ў 2005 годзе на незалежную арганізацыю пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс узмацніўся ціск улад. Анджэй прайшоў праз мноства затрыманняў, арыштаў, ператрусаў. У красавіку 2011 года супраць журналіста распачалі адразу дзве крымінальныя справы: «Абраза прэзідэнта» і «Паклёп на прэзідэнта». Ён правёў у СІЗА два месяцы, пасля чаго быў асуджаны да трох гадоў з адтэрмінаваннем. Праз год на Анджэя распачалі яшчэ адну крымінальную справу пра абразу Аляксандра Лукашэнкі, але яна так і не дайшла да суда і была спыненая за адсутнасцю складу злачынства.
«КАЛІ Я ПАПРАШУ АБ ПАМІЛАВАННІ, ТО ПРЫЗНАЮ, ШТО СЫН — ВОРАГ ГЭТАЙ ДЗЯРЖАВЫ»

Станіслаў Пачобут задумліва круціць у руках альбом з фотаздымкамі. Там сабраны цэлы фоталетапіс, звязаны з арыштам Анджэя 10 гадоў таму.
«Калі яго тады першы раз арыштавалі, страху не было — ён быў малады і здаровы. Цяпер жа ў яго шмат хвароб. Мы перасталі спаць спакойна. Жонка па начах як лунацік. Увесь час чакаем чагосьці кепскага. Я ўключаю камп’ютар — у мяне рукі дрыжаць: раптам там дрэнныя навіны? Мы не ведаем, ці даходзяць яму лекі, ці лечыцца ён там. Самая вялікая бяда цяпер — што мы нічога не ведаем пра яго здароўе», — кажа спадар Станіслаў.

Акцыя супраць цэнзуры ў Беларусі, якую арганізавала «Amnesty International». На плакатах: партрэты журналістаў і актывістаў з Беларусі. На фота Анджэй Пачобут. Варшава, Польшча. 24 лістапада 2005 года. Фота: Maciej Jeziorek / «Forum»

Акцыя супраць цэнзуры ў Беларусі, якую арганізавала «Amnesty International». На плакатах: партрэты журналістаў і актывістаў з Беларусі. На фота Анджэй Пачобут. Варшава, Польшча. 24 лістапада 2005 года. Фота: Maciej Jeziorek / «Forum»

Ходзяць легенды пра тое, што тады, 10 гадоў таму, падчас сустрэчы з сынам у турме Станіслаў Іосіфавіч прасіў Анджэя не звяртацца да ўлад з просьбаю аб памілаванні, як гэта рабілі тады шмат хто з палітыкаў. Зараз вядома, што з такой просьбай да Лукашэнкі звярнуўся бацька расіянкі Соф’і Сапега, якую затрымалі 23 траўня разам з блогерам Раманам Пратасевічам.
«Я не магу прасіць аб памілаванні сына, бо Анджэй ні ў чым не вінаваты. Калі я папрашу аб памілаванні, то прызнаю, што сын вінаваты, што ён вораг гэтай дзяржавы. Але гэта не так. Анджэй — грамадзянін Беларусі, ён тут жыве, паважае людзей, якія тут жывуць. На гэтай зямлі побач жывуць беларусы, яўрэі, расіяне. І абвінавачваць Анджэя ў распальванні нацыянальнай варожасці — гэта глупства. У яго жонка беларуска, усе яны добра размаўляюць на беларускай і польскай мове. Унукі Яна і Ярэк са мною і бацькам размаўляюць па-польску, з бабуляй — па-расійску, з мамай — па-расійску і па-беларуску. Да Аксаны мы ставімся як да сваёй дачкі. А зараз такі момант, што без яе мы б наогул прапалі. Я сляпы, жонка хварэе, і яна ўзяла на сябе ўсе справы, звязаныя з Анджэем», — распавядае Станіслаў Пачобут.
«АДМОВА АД ДЭПАРТАЦЫІ — Я НІЧОГА ІНШАГА АД СВАЙГО СЫНА НЕ ЧАКАЛА»
На пачатку чэрвеня выявілася, што трох з пяці арыштаваных актывістаў «Саюза палякаў Беларусі» гвалтоўна вывезлі ў Польшчу. Вызваленне ўзамен на дэпартацыю прапаноўвалі таксама Анжаліцы Борыс і Анджэю Пачобуту, аднак яны адмовіліся.

Генеалагічнае дрэва Пачобутаў-Адляніцкіх. Гродна, Беларусь. 18 чэрвеня 2021 года. Фота: МК / «Белсат»

Генеалагічнае дрэва Пачобутаў-Адляніцкіх. Гродна, Беларусь. 18 чэрвеня 2021 года. Фота: МК / «Белсат»

Бацька журналіста кажа, што разумее і абсалютна падтрымлівае такі выбар сына.
«Уся гэтая гісторыя, паглядзіце — як на далоні. Раней палякаў ссылалі таксама толькі таму, што яны палякі. Ніхто з нас не супраць беларусаў, праваслаўнай царквы. Але мы ахоўваем свае нацыянальныя традыцыі. Калі мы іх зрачомся, зломім традыцыю, мы будзем грэшнікамі. Нашы дзяды-прадзеды трымаліся гэтага», — падкрэслівае спадар Станіслаў.
Спадарыня Ванда стаіць побач і цяжка ўздыхае.
«Адмова ад дэпартацыі — я нічога іншага ад свайго сына не чакала. Абсалютна. Я ведала, што ён не з’едзе, хоць дзесьці ў душы думала: "Божа, якое б было шчасце, каб ён з’ехаў, ды Бог з ім, што мы б засталіся тут адны". Разумееце? — эмацыйна кажа Ванда Андрэеўна і дадае: — Але я разумела, што ён не з’едзе. Гэта не той дзіцёнак, каб яго ўзялі і на добрую волю выслалі — о-о-о, не. У яго заўсёды было абвостранае пачуццё справядлівасці».

Маці чытае ліст ад Анджэя Пачобута. Гродна, Беларусь. 18 чэрвеня 2021 года. Фота: МК / «Белсат»

Маці чытае ліст ад Анджэя Пачобута. Гродна, Беларусь. 18 чэрвеня 2021 года. Фота: МК / «Белсат»


Маці журналіста прыносіць лісты ад сына. Усхвалявана зачытвае радкі ліста, дзе Анджэй тлумачыць свой выбар:
«З’язджаць я нікуды не збіраўся і не збіраюся. Прысуд, якім бы ён ні быў, рана ці позна скончыцца. А калі з’едзеш, то гэта назаўсёды».
Голас спадарыні Ванды абрываецца. Пасля паўзы яна дадае:
«Ён пісаў гэта яшчэ 3 чэрвеня, яшчэ да таго, як захварэў на кавід. Апошнім часам мы мала бачыліся. Ён прыходзіў з сям’ёй да нас пад акно, бо страшна баяўся заразіць нас каронавірусам. Ці прыходзіў пад дзверы і пакідаў нам прадукты. А ў выніку захварэў сам. У гэты кавідны год можна на пальцах пералічыць, калі мы нармальна сустракаліся і бачыліся, не праз акно. І тое — прасіў нас па сто разоў мыць рукі. Цяпер даслаў нам трэці ліст. Нейкі прамежак часу лістоў наогул не было, ён кепска сябе адчуваў і казаў Аксане, што баіцца, што праз лісты бацькам нейкую заразу перадасць».
Самі бацькі пішуць яму часта. Лістоў на польскай мове не прапускаюць. У сваіх лістах Анджэй іх супакойвае, піша, што пачуваецца нармальна.
«Але якое там нармальна? З сэрцам кепска, са страўнікам кепска, у яго ж язва можа адкрыцца ў любы момант! Але самае галоўнае — што ў яго перабоі з сэрцам, збіваецца рытм, ён некалькі разоў страчваў прытомнасць і ляжаў у шпіталі праз гэта. А цяпер яшчэ "карону" падчапіў», — спадарыня Ванда не можа стрымаць слёз.

Анджэй Пачобут пасля вызвалення ў 2011 годзе. Гродна, Беларусь. 18 чэрвеня 2021 года. Фота: МК / «Белсат»

Анджэй Пачобут пасля вызвалення ў 2011 годзе. Гродна, Беларусь. 18 чэрвеня 2021 года. Фота: МК / «Белсат»

Станіслаў Іосіфавіч сумна дадае:
«Мы нічога не ведаем. Сістэма так выбудаваная, што нічога не даведаешся: ці ёсць лекі, як ён пачуваецца, ці ёсць неабходная медыцынская дапамога. Учора Аксана праз тэлефон дамовілася паразмаўляць з доктарам. Але ёй сказалі: каб расказаць пра стан здароўя Анджэя, трэба запытаць у яго самога дазвол. Маўляў, пазваніце заўтра. А сёння тэлефон ужо не адказвае».
«ЁН НЕ ЎЦЯКАЎ І НЕ ХАВАЎСЯ, ХОЦЬ МЕЎ МАГЧЫМАСЦЬ»
Як кажа спадар Станіслаў, Анджэй заўсёды стараўся берагчы бацькоў, не распавядаў, калі здаралася штосьці кепскае.
«Трывога за яго была заўсёды. З самай школы, калі яны ў старэйшых класах траплялі ў гісторыі. Мы хваляваліся і цяпер. Калі пачаліся жнівеньскія падзеі, было зразумела, што яго могуць забраць. А ён не ўцякаў, не хаваўся. Ён мог з’ехаць, у яго была перспектыва застацца ў Польшчы і мець добрую працу. Але Анджэй сказаў, што яму там рабіць няма чаго, ён тут нарадзіўся і тут будзе. Анджэй журналіст, ён павінен гаварыць людзям праўду. Гэта яго прафесійны абавязак. Што ён зрабіў кепскага? Ён не згодны з Аляксандрам Лукашэнкам, але ў нашай гісторыі быў ужо прыклад, калі адна дзяржава і адны думкі гучалі ва ўнісон. Рознасць поглядаў — гэта ж цудоўна. Я не жадаю нічога кепскага Аляксандру Рыгоравічу. Я не жадаю яму такой пенсіі, як у Станіслава Шушкевіча, не жадаю яму аказацца ў сітуацыі, як у мяне, калі я выдаткоўваю на адны таблеткі чвэрць сваёй пенсіі. Няхай жыве, ідзе на пенсію. Але дзяржава мусіць быць дэмакратычнай, для народа», — разважае спадар Станіслаў.

Станіслаў Пачобут. Унутры валізкі кнігі яго аўтарства. Гродна, Беларусь. 18 чэрвеня 2021 года. Фота: МК / «Белсат»

Станіслаў Пачобут. Унутры валізкі кнігі яго аўтарства. Гродна, Беларусь. 18 чэрвеня 2021 года. Фота: МК / «Белсат»

Маці Анджэя перабірае фотаздымкі.
«Вось, здымкі каля турмы, калі яго вызвалялі. Анджэй, здаецца, толькі на адных выбарах не сядзеў. Калі пачаліся арышты ў Брэсце, я пазваніла сыну, кажу: "Чую твой голас — значыць, усё добра, звані мне, сынок". Ён мне: "Мама, усё нармальна". Калі арыштавалі Анжаліку Борыс, можна было чакаць, што прыйдуць і па яго. Я баюся думаць, што будзе далей. Зараз для мяне найбольш важнае — каб ён ачуняў», — кажа спадарыня Ванда.
Яе муж дадае:
«У мяне самыя песімістычныя думкі. Не магу не думаць пра тое, як ён там… Калі рытм сэрца парушаецца, гэта на такой мяжы, туды ці туды. Гэта так страшна і так балюча. Дзе шукаць абароны…»

Сямейныя рэліквіі. Гродна, Беларусь. 18 чэрвеня 2021 года. Фота: МК / «Белсат»

Сямейныя рэліквіі. Гродна, Беларусь. 18 чэрвеня 2021 года. Фота: МК / «Белсат»