Падлетка з эпілепсіяй, асуджанага на 5 гадоў за «масавыя беспарадкі», зноў будуць судзіць
17-гадоваму Мікіту Залатарову, якога асудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі за нібыта «масавыя беспарадкі», інкрымінуюць «гвалт над міліцыяй» — напад на канвой у гомельскім СІЗА-3, паведамляе «Свабода».
17-гадоваму Мікіту Залатарову,
якога асудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі за нібыта «масавыя беспарадкі»,
інкрымінуюць «гвалт над міліцыяй» — напад на канвой у гомельскім СІЗА-3.
Расследаванне новай крымінальнай справы скончана, яе перадалі пракурору для накіравання ў суд. У пастанове аб накіраванні справы пракурору гаворыцца, што Мікіта Залатароў «пэўных высноў для сябе не зрабіў, на шлях перавыхавання не стаў».
«21 сакавіка Залатароў, які знаходзіўся ў службовым кабінеце псіхалагічнай службы, у катэгарычнай форме адмовіўся выконваць законныя патрабаванні супрацоўнікаў установы і прайсці ў камеру №103, у выніку чаго супрацоўнікі Лучкін і Хацкоў прымянілі да яго фізічную сілу і вывелі ў калідор трэцяга паверху. Аднак непаўналетні зрабіў падножку Лучкіну, у выніку чаго той зваліўся на падлогу. Калі Лучкін падняўся, Залатароў схапіў яго за валасы і шыю, прычыніўшы тым самым боль і пабоі», — пішацца ў абвінавачанні. Таксама падлетак, на думку следства, выказаў пагрозы гвалту ў бок супрацоўніцы СІЗА Хаўбок.
Тата Мікіты Залатарова Міхаіл Лапуноў пракаментаваў новую справу:
«У гэтых трох лістах пастановы аб накіраванні справы пракурору адлюстравана ўсе нямогласць і подласць улады. Хачу нагадаць, што мой сын — не злачынца, а закладнік».
Мікіту Залатарова затрымалі 11 жніўня 2020 года. Яму было 16 гадоў. Падлетка абвінавацілі ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» і незаконных дзеяннях з гаручымі рэчывамі («кактэйлем Молатава»).
Падчас утрымання ў СІЗА падлетак, які хварэе на эпілепсію, скардзіўся, што міліцыянты і супрацоўнікі ізалятара яго білі. На судзе ён заяўляў, што яму не даюць лекаў і кажуць: «Ты "палітычны", здохнеш».
Яго пакаралі пазбаўленнем волі на
пяць гадоў. Цяпер Мікіта ў гомельскім СІЗА. Праз новую крымінальную справу яго
дагэтуль не накіравалі адбываць пакаранне ў калонію. Непаўналетняга
чакае следства,
суд і новы тэрмін.