«Настроены рашуча». Адвакатка Ціханоўскага — пра ягоны настрой у першы дзень суду
Наталля Мацкевіч, адвакатка Сяргея Ціханоўскага, якога разам з яшчэ пяццю палітвязнямі пачалі судзіць 24 чэрвеня, перадала некаторыя дэталі пра стан свайго падабароннага, паведамляе «Свабода».
![8057e4b5_65b4_4776_a0be_6aac5eb9be45_w1023_r1_s.webp 8057e4b5_65b4_4776_a0be_6aac5eb9be45_w1023_r1_s.webp](/img/v1/images/8057e4b5_65b4_4776_a0be_6aac5eb9be45_w1023_r1_s.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Адвакатка знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні, але
пра настрой Ціханоўскага крыху распавесці змагла.
«Стан у Сяргея неблагі, духам ён не падае, здаровы.
Настроены рашуча на абарону сваіх правоў. Рэагуе на тое, што адбываецца,
працэсуальным чынам — усё, што магу вам распавесці», — сказала Наталля
Мацкевіч.
Разгляд справы працягнецца 25 чэрвеня.
Судовы працэс па «справе Ціханоўскага» распачаўся 24 чэрвеня
ў закрытым рэжыме ў Гомельскім СІЗА. На лаўцы абвінавачаных — блогер Сяргей
Ціханоўскі, палітык Мікалай Статкевіч, рэдактар тэлеграм-каналаў Ігар Лосік,
Уладзімір Цыгановіч, Зміцер Папоў, Арцём Сакаў. Палітвязняў пачалі судзіць амаль
праз год пасля затрымання кожнага з іх.
Вядома, што ў справе ад 110 да 140 тамоў.
Ціханоўскаму, Сакаву і Папову інкрымінуюць:
арганізацыю масавых беспарадкаў на тэрыторыі Рэспублікі
Беларусь у 2020 годзе (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу);
распаўсюджванне групай асоб па папярэдняй змове матэрыялаў, накіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці супраць прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу РБ);
пагрозы ў адрас старшыні ЦВК Рэспублікі Беларусь (ч. 2 арт. 191 КК);
арганізацыю групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з прымяненнем гвалту ў дачыненні прадстаўнікоў улады (ч. 1 арт. 342 КК).
Мікалаю Статкевічу прад’яўлена абвінавачанне ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК).
Ігара Лосіка і Ўладзімера Цыгановіча вінавацяць паводле
артыкулаў:
распальванне сацыяльнай варожасці да прадстаўнікоў улады і
праваахоўных органаў, учыненыя групай асобаў (ч. 3 арт. 130 КК);
арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады (ч. 1 арт. 293 КК).
Лосіку ўвесну да абвінавачвання дадалі яшчэ адзін артыкул. Які — пакуль невядома, адвакат не можа назваць з-за падпіскі.
Чакаецца, што «справу Ціханоўскага» будуць разглядаць як
мінімум да 30 ліпеня.