Віктар Бабарыка выступіць заўтра на судзе з апошнім словам
Заўтра, 28 чэрвеня, экс-кіраўнік «Белгазпрамбанка» і палітвязень Віктар Бабарыка выступіць на судзе з апошнім словам, паведамляе яго штаб. Пасяджэнне пачнецца а 10:00 у судзе Маскоўскага раёна Мінска, які знаходзіцца на праспекце газеты «Праўда», 27.
Віктар Бабарыка, былы старшыня праўлення «Белгазпрамбанка», знаходзіцца ў СІЗА ўжо год. Яго затрымалі разам з сынам 18 чэрвеня 2020 года. На той момант ён быў самым папулярным апанентам Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах. У выніку яго не дапусцілі да выбараў, адмовіўшы ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты на падставе ліста з КДК у ЦВК, у якім пералічваліся нібыта злачынствы і незаконныя даходы Бабарыкі, піша REFORM.by.
Пазней выявілася, што абвінавачванне адмовілася ад эпізоду «нясплата падаткаў» — але менавіта з гэтай прычыны Бабарыку не зарэгістравалі кандыдатам у прэзідэнты.
Суд пачаўся 17 лютага, 21 чэрвеня на працэсе пачаліся спрэчкі бакоў. Бабарыку абвінавачваюць у легалізацыі злачынных даходаў і атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры. Акрамя яго, абвінавачанымі з'яўляюцца намеснікі старшыні праўлення «Белгазпрамбанка» Сяргей Шабан, Аляксандр Ільясюк, Кірыл Бадзей, Дзмітрый Кузьміч, былы першы намеснік старшыні праўлення Аляксей Задойка, намеснік старшыні праўлення Сяргей Дабралёт, дырэктар ТАА «Актыўлізінг» Віктар Кабяк. Іх абвінавачваюць у дачы хабару паўторна або ў буйной суме. Яны прызналі віну і заключылі дасудовыя пагадненні аб супрацоўніцтве.
На пасяджэнні 6 красавіка Бабарыка заявіў пра сфабрыкаванасць справы і адмовіўся даваць паказанні. Дзяржабвінаваўца запатрабаваў для яго пакаранне ў выглядзе 15 гадоў пазбаўлення волі. Яго адвакат Наталля Мацкевіч заявіла, што следства было праведзена неаб’ектыўна і з парушэннем правоў абвінавачаных. На думку абароны, крымінальны пераслед Бабарыкі звязана з тым, што ён заявіў аб сваім удзеле ў выбарах.