«Мне не сорамна». Віктар Бабарыка выступіў у судзе з апошнім словам

Сёння экс-банкір Віктар Бабарыка выступіў у судзе Маскоўскага раёна з апошнім словам. Ужо ў 8.30 раніцы супрацоўнікі суда паведамілі людзям, якія сабраліся ў вялізнай чарзе, што ў зале ўсяго 30 месцаў і яны ўжо занятыя. На пасяджэнне пусцілі толькі журналістаў, адвакатаў, сваякоў і дыпламатаў.

Фота: тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі

Фота: тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі


Віктар Бабарыка, выступаючы з апошнім словам у судзе, заявіў, што не можа прызнацца ў злачынстве, якога не здзяйсняў. І што за гады яго працы ў «Белгазпрамбанку» не было дапушчана нават намёку на супрацьпраўныя дзеянні.

photo1624862666.jpeg

Чарга ў залу. Фота: tut.by

Бабарыка сказаў, што ён падтрымлівае тое, што гаварылі адвакаты, і спыніўся ў сваей прамове «на чалавечай сітуацыі», перадае «Радыё Свабода». Ён сказаў, што, пражыўшы кавалак жыцця і знаходзячыся ў гэтай клетцы, яму не сорамна за свае жыццё перад сваёй сям'ёй.
«Мне не сорамна, бо перад рашэннем, прынятым у траўні, яны ведалі, што я не падманваю». Паводле Бабарыкі, прызнаючыся ў злачынствах, якіх ён не ўчыняў, магчыма, ён меў бы нейкія матэрыяльныя выгады.
«Я не магу прызнаць злачынства, якога я не ўчыняў, — сказаў ён. — Мне не сорамна перад блізкімі, бо не было дапушчана процізаконных дзеянняў і нават намёку на ўчыненне процізаконных дзеянняў». Яму не сорамна перад супрацоўнікамі банка, бо быў зроблены найлепшы банк у краіне, перад тымі, хто разам сядзіць у клетцы і лічыць яго злачынцам.
Паводле Бабарыкі, за 25 гадоў працы яны не пачулі, што павінны рабіць нейкія дзеянні.
«Што б яны ні гаварылі, я ў гэта дагэтуль не веру. Я ім нічога не казаў і іх не падманваў».
Яму не сорамна і перад кліентамі: «Не сорамна перад тымі, хто паверыў мне і стаў сябрам штаба», — сказаў Бабарыка.
Паводле яго слоў, тое, што яны зрабілі, ацэньваецца ў мільёны долараў, і яны за гэта нічога не атрымалі.
Ён сказаў, што сотні тысяч тых, хто паставіў подпісы, верылі, што можна пабудаваць краіну з агульначалавечымі каштоўнасцямі. «Я сумленны перад імі», — сказаў ён.

Бабарыка сказаў, што яму складана даведацца пра ацэнку людзей, ці сорамна ім за яго, бо ён цягам года знаходзіцца ў СІЗА, у ізаляцыі, у яго няма доступу да інфармацыі, да яго даходзіла няшмат лістоў. Але ён разумее, што большасць сяброў штаба працягнулі пачатае.
Гэтыя людзі, паводле Бабарыкі, ахвяравалі матэрыяльнымі дабротамі, свабодай і жыццём. «Я ўпэўнены, што быў сумленны і не зрабіў ніякіх дзеянняў супраць законаў Беларусі», — сказаў ён. 
Бабарыка таксама сказаў, што не ведае меркавання супрацоўнікаў банка, але тыя, хто выступаў, не гаварылі, што ім было сорамна працаваць.Ён сказаў, што не ведае думак сяброў і блізкіх, але іх сваякі таксама не адчувалі непавагі да яго:
«Я ведаю ацэнку, якую паставілі мне дзеці: за тату не сорамна».
Паводле Бабарыкі, жыццё — марафон, і на гэтай дыстанцыі іншы раз даводзіцца рабіць выбар. Ён сказаў, што мы робім не для сябе, а для дзяцей. Ён пажадаў, каб «на гэтай дыстанцыі вы пачулі тую ж думку, што ім за вас не сорамна».

У зале падчас апошняга слова Віктара Бабарыкі. Фота: тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі
 

Віктар Бабарыка, былы старшыня праўлення «Белгазпрамбанка», знаходзіцца ў СІЗА ўжо год. Яго затрымалі разам з сынам 18 чэрвеня 2020 года. На той момант ён быў самым папулярным апанентам Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах. У выніку яго не дапусцілі да выбараў, адмовіўшы ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты на падставе ліста з КДК у ЦВК, у якім пералічваліся нібыта злачынствы і незаконныя даходы Бабарыкі.
Пазней выявілася, што абвінавачанне адмовілася ад эпізоду «нясплата падаткаў» — але менавіта з гэтай прычыны Бабарыку не зарэгістравалі кандыдатам у прэзідэнты.
Суд пачаўся 17 лютага. На пасяджэнні 6 красавіка Бабарыка заявіў пра сфабрыкаванасць справы і адмовіўся даваць паказанні. 21 чэрвеня на працэсе пачаліся спрэчкі бакоў. Бабарыку абвінавачваюць у легалізацыі злачынных даходаў і атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры. Акрамя яго, абвінавачанымі з'яўляюцца намеснікі старшыні праўлення «Белгазпрамбанка» Сяргей Шабан, Аляксандр Ільясюк, Кірыл Бадзей, Дзмітрый Кузьміч, былы першы намеснік старшыні праўлення Аляксей Задойка, намеснік старшыні праўлення Сяргей Дабралёт, дырэктар ТАА «Актыўлізінг» Віктар Кабяк. Іх абвінавачваюць у дачы хабару паўторна або ў буйной суме. Яны прызналі віну і заключылі дасудовыя пагадненні аб супрацоўніцтве.
22 чэрвеня пракурор Сяргей Гіргель папрасіў пакараць былога банкіра 15 гадамі зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму праз абвінавачанне ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК) і легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК). Гэта максімальны тэрмін, які маглі запытаць пры выстаўленых яму абвінавачаннях. Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, «віна знайшла пацвярджэнне цалкам».
Акрамя таго, для Віктара Бабарыкі пракурор патрабуе і штраф у памеры 5 тысяч базавых велічынь — 145 тысяч рублёў. Адвакат Бабарыкі Наталля Мацкевіч заявіла, што следства было праведзена неаб’ектыўна і з парушэннем правоў абвінавачаных. На думку абароны, крымінальны пераслед Бабарыкі звязаны з тым, што ён заявіў аб сваім удзеле ў выбарах.
Астатнім фігурантам запыталі ад 3 да 6,5 гадоў пазбаўлення волі:
Сяргею Шабану, Дзмітрыю Кузьмічу — 6,5 гадоў турмы, Аляксандру Ільясюку, Сяргею Дабралёту, Кірылу Бадзею — 5,5 гадоў, Аляксею Задойку — 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, Віктару Кабяку — 3 гады калоніі. 
Прысуд Віктару Бабарыку і іншым фігурантам «справы "Белгазпрамбанка"» будзе абвешчаны 6 ліпеня. Пра гэта паведамляе РІА «Новости» са спасылкай на суддзю.