Да года «хатняй хіміі» асудзілі дзяўчыну, якая перарабіла гімн у асабістым твітары
28 чэрвеня суд Кастрычніцкага раёна вынес прысуд 26-гадовай Ганне Важнік. Яе прызналі вінаватай паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса і пакаралі абмежаваннем волі тэрмінам на адзін год без накіравання ў папраўчую ўстанову — «хатняй хіміі». Менавіта такое пакаранне запытваў пракурор Заварзін.
Справу разгледзела суддзя Алена Жывіца. Абвінавачаную абараняў адвакат Андрэй Доўнар.
Ганну прызналі вінаватай у тым, што ў асабістым акаўнце ў твітары яна перарабіла адзін куплет гімна, пачаўшы з фразы «Мы экстремисты — мирные люди...». Згодна з абвінавачаннем, яна здзейсніла здзек з дзяржсімвала — гімна.
Дзяўчына працуе настаўніцай музыкі. Яе затрымалі 28 красавіка, а 30 красавіка выпусцілі на волю пад асабістае паручальніцтва бацькоў. Да справы далучаныя станоўчыя характарыстыкі і падзякі з месцаў вучобы і працы.
Ганна Важнік распавяла, што лічыць здзейсненае памылкай, яна не мела намеру здзеквацца з гімна, а пераробкай хацела паказаць на людзей, якія прадпрымалі разбуральныя дзеянні супраць улады. Абвінавачаная падкрэсліла, што яна апалітычная — як і ўся яе сям'я.
spring96.org