
Год «хатняй хіміі» запрасілі для дзяўчыны, якая перарабіла гімн у асабістым твітары
- Грамадства
- 25-06-2021
25 чэрвеня суд Кастрычніцкага раёна Мінска пачаў разглядаць справу 26-гадовай Ганны Важнік, якую абвінавацілі паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядае суддзя Алена Жывіца, бок абвінавачання падтрымлівае пракурор Заварзін. Абвінавачаную абараняе адвакат Андрэй Доўнар.

Дзяўчына працуе настаўніцай музыкі. Яе затрымалі 28 красавіка, а 30 красавіка выпусцілі на волю пад асабістае паручальніцтва бацькоў. Да справы далучаныя станоўчыя характарыстыкі і падзякі з месцаў вучобы і працы.
Ганна Важнік распавяла, што лічыць здзейсненае памылкай, яна не мела намеру здзеквацца з гімна, а пераробкай хацела паказаць на людзей, якія прадпрымалі разбуральныя дзеянні супраць улады. Абвінавачаная падкрэсліла, што яна апалітычная — як і ўся яе сям'я.
Сведкі — маці дзяўчыны і намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай працы школы, дзе выкладае Ганна, — падкрэслілі апалітычнасць Ганны і кажуць пра яе толькі добрыя словы. На допыце ў СК намеснік дырэктара сказала, што лічыць пераробку гімна зневажальнай для народа Рэспублікі Беларусь: на паседжанні пасля некалькіх пытанняў суддзі яна пацвердзіла гэтыя словы.
Маці ўпэўненая, што дачка шкадуе аб учынку.
Падчас вобшуку ў кватэры Ганны нічога не вынулі. Доказы ў справе — сам твіт, скрыншоты каментароў да яго, асабістае прызнанне — у тым ліку, на відэа, якое размясцілі ў тэлеграм-канале МУС. Згодна з вынікамі лінгвістычнай экспертызы, у твіце няма негатыўнай ацэнкі, заклікаў да гвалту, ёсць падабенства з гімнам.
Дзяржабвінаваўца палічыў доказамі віны прызнанне, інфармацыю з тэлефона і сацсетак, а таксама каментары да твіта. Ён папрасіў пакараць абвінавачаную абмежаваннем волі тэрмінам на адзін год без накіравання ў папраўчую ўстанову — "хатняй хіміі", а таксама канфіскаваць тэлефон.
Адвакат упэўнены, што ў справе няма складу злачынства: не даказаны намер, няма перадумоў. Ягоная падабаронная не ўдзельнічала ў мерапрыемствах, не прыцягвалася да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці, няма доказаў яе ўдзелу ў дэкструктыўных каналах. Ён упэўнены, што ў справе мусіць быць апраўдальны прысуд альбо прымяненне іншага пакарання — напрыклад, штрафа.
Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!
Больш цікавага на «Новым Часе»: