Вернікі царквы “Новае жыццё” гатовыя ісці да канца
Мінскай царкве “Новае жыццё Рэлігійнага аб’яднання хрысціян поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь пагражае прымусовае высяленне. Пра сітуацыю вакол будынка царквы карэспандэнту "НЧ"распавёў юрыст пратэстанцкай абшчыны Сяргей Луканін:
— Каля сямі гадоў Мінскі гарвыканкам спрабуе выселіць нашую царкву "Новае жыццё" з будынка па вуліцы імя Івана Кавалёва, 72 у сталічным мікрараёне Сухарава. У 2005 годзе гарадскія ўлады пазбавілі рэлігійную абшчыну права карыстання зямельным участкам, выдзеленым вернікам у бестэрміновае карыстанне.
Каб прыцягнуць увагу грамадскасці да сітуацыі вакол царквы, у кастрычніку 2006 года вернікі правялі пост-галадоўку, якая цягнулася каля месяца. Увесь гэты тэрмін ўдзельнікі галадоўкі пратэставалі, пастаянна знаходзячыся ў храме. Акцыя была спыненая толькі пасля таго, як уладам давялося адступіць — сітуацыя вакол царквы атрымала шырокі міжнародны розгалас. У абарону "Новага жыцця" актыўна выступілі прадстаўнікі айчынных дэмакратычных сіл, ЗША і краін Еўрасаюзу, замежныя палітыкі, святары і вернікі.
Тым не менш, у 2009 годзе ўлады ўсё ж пазбавілі абшчыну права ўласнасці на будынак царквы. Летам 2010 года Гаспадарчы суд Мінска наклаў на вернікаў грашовыя санкцыі ў суме каля 258 млн. рублёў за
"забруджванне навакольнага асяроддзя". Абшчына палічыла дзеянні ўлад незаконнымі і вырашыла не выплачваць гэтую суму. За нявыплату санкцый судовыя выканаўцы маюць права арыштаваць
маёмасць царквы для наступнага яе продажу і пагашэння запазычанасці, а пастару абшчыны Вячаславу Ганчарэнку пагражае турэмнае зняволенне.
Усяго ж за 20 гадоў свайго існавання царква атрымала больш за 30 судовых позваў, а пастар "Новага жыцця" Вячаслаў Ганчарэнка і я неаднаразова зазнавалі ўціск з боку ўладаў, у тым ліку
— адміністрацыйны пераслед.
Апошнія паўтара года, прыкладна з мая 2011-га, улады рабілі выгляд, што царквы наогул не існуе.
Але 27 лістапада рэлігійная абшчына атрымала прадпісанне судовага выканаўцы Гаспадарчага суда Мінска, згодна з якім да 5 снежня вернікі павінна вызваліць будынак па вуліцы Кавалёва, 72. У адваротным
выпадку царкве пагражае прымусовае высяленне, якое прызначана “на падставе судовага загаду Гаспадарчага суда горада Мінска па справе № 526–12/2009 ад 23 кастрычніка. Кіраўніку
абшчыны прадпісана да 11.00 5 снежня “вызваліць памяшканне, а таксама падрыхтаваць камплекты ключоў для перадачы патрабавальніку. ЖРЭУ Маскоўскага раёна, на тэрыторыі якога знаходзіцца
будынак царквы, даручана “на момант прымусовага высялення забяспечыць транспарт, рабочую сілу і ўсё неабходнае для высялення даўжніка.
У гэтай вострай сітуацыі вернікі на сваім агульным сходзе вырашылі ўвесь час знаходзіцца ў будынку царквы і “прасіць Бога аб тым, каб улады адумаліся, каб Бог нам давёў планы аб тым, што
рабіць, і як рэагаваць на дзеянні ўладаў. Акрамя таго, штодня ў храме а 19.00 будуць праходзіць спецыяльныя малітоўныя служэнні ў абарону і падтрымку царквы. На гэтыя служэнні мы запрашаем усіх
неабыякавых, у тым ліку і журналістаў.
Якія матывы нашых дзеянняў? Больш 20 год таму на руінах былога кароўніка паўстаў будынак царквы плошчай 1.700 квадратных метраў. Прычым аднаўленчыя работы праводзіліся самімі вернікамі і на нашыя
сродкі. Сённяшні рынкавы кошт будынку, які функцыянуе ў абсалютна аўтаномным рэжыме, складае каля 2 мільёнаў долараў ЗША.
Як павінны сябе паводзіць улады з будынкам, адроджаным абшчынай, якая налічвае каля 1.500 чалавек? Адміністрацыя раёна мусіць выкупіць у нас храм па камерцыйным кошце, які складаецца з кошту новага
такога будынку з прывязкай да інжынерна-тэхнічных камунікацый плюс камерцыйны кошт пляца, на якім збудавана царква. Пасля выплаты вернікам адпаведнай сумы ўлады павінны пачакаць, пакуль мы пабудуем
ці прыдбаем новы будынак для святыні, і пачаць карыстацца купленым толькі пасля нашага перасялення. Гэта цывілізаваны і найбольш справядлівы падыход, які б сведчыў пра павагу ўладаў да грамадзянаў
краіны. У якасці варыянта можна разглядаць абмен нашага будынку на аналагічны. Але ж рэальныя дзеянні дзяржавы нагадваюць рэйдарскі захоп.
Мы выказваем падзяку кіраўніцтву Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якое праявіла салідарнасць з вернікамі і звярнулася да мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, патрыяршага экзарха
Беларусі з прапановай асудзіць дзеянні ўлад у дачыненні да царквы.
Мы ўдзячныя аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя, які заклікаў ўсе незалежныя сілы Беларусі, усіх сумленных і неабыякавых грамадзян падтрымаць царкву
"Новае жыццё". У закліку, між іншым, адзначаецца, што 5 снежня ўлады плануюць захоп памяшкання пратэстанцкай царквы, вернікі якой амаль сем гадоў адстойваюць права збірацца ў
адробленым імі памяшканні. “Нягледзячы на рэгулярныя пагрозы, вернікі працягваюць збірацца і маліцца разам. Іх змаганне стала сімвалам барацьбы за свабоду сумлення ў Беларусі. За апошнія
гады былі выпадкі, калі не толькі пратэстантаў, але каталікоў і праваслаўных таксама спрабавалі судзіць па новым дыскрымінацыйным законе аб свабодзе сумлення. Таму сёння абарона царквы "Новае
жыццё" — гэта абарона права на свабоду сумлення ў краіне, — падкрэсліваецца ў заяве.
Мы таксама ўдзячныя аргкамітэту БХД і за тое, што ён заклікаў міжнародную супольнасць выказацца па гэтым пытанні, а СМІ як мага больш поўна асвятляць падзеі вакол царквы.
Мы выказваем падзяку вернікам з Аўстраліі, Германіі, Ізраілю, Ірландыі і ЗША, якія падтрымліваюць нас ў малітвах, заклікаюць нас не здавацца, звяртаюцца з лістамі падтрымкі да сваіх урадаў і
амбасадаў Рэспублікі Беларусь. Так, амерыканскія хрысціяне напісалі, што праінфармавалі пра сітуацыю вакол нашай царквы сваіх сяброў, іншыя царквы, Кангрэс і прэзідэнта ЗША.
Мы ўдзячныя замежным хрысціянам, якія накіроўваюць індывідуальныя і калектыўныя звароты ў дзяржструктуры Беларусі з патрабаваннем спыніць пераслед нашай рэлігійнай абшчыны.
Для тых, хто жадае падтрымаць нас, пакідаю нашыя кантакты: http://www.newlife.by; тэлефон: +375 29 502 87 18; паштовы адрас: 220119, Мінск, вул. Кавалёва, 72;
адрас электроннай пошты: пастара раstоr@nеwlifе.bу; прэсавай-службы kоvаlеvа72@nеwlifе.bу і адміністратара nlс.nеwlifе@gmаil.соm.
Разам з тыя я і мае сябры ўпэўнены, што галоўную ролю ў сітуацыі вакол будынку царквы будзе адыгрываць не грамадская салідарнасць, а нашая вера, пасвячонасць у агульныя справы царквы і гатоўнасць
ісці да канца.