Віктар Марціновіч: Беларусь пераехала ў кнігі

Пісьменнік Віктар Марціновіч піша на budzma.by пра тое, чаму закрыццё «Нашай Нівы» — страта для ўсёй краіны.

nn_4.png


Пяты дзень без «Нашай Нівы», але раз на гадзіну пальцы самі набіраюць у браўзеры «nn.by». Там, па гэтым адрасе, больш нічога няма — як табе такое, Янка Купала? Як табе такое, Максім Багдановіч? Той самы Багдановіч, які ў 1909-м напісаў верш «Нашай Ніве»:
Віншую ад душы, панове,З трохлеццем вашае дзіця —
Газету ў беларускай мове.
Віншую ад душы, панове,
Яе і ў простым, шчырым слове
Жадаю доўгага жыцця.
Я не настолькі прагны да навінаў, каб штораз актывізаваць VPN для чытання беларускамоўных сайтаў, чые адрасы вынесеныя за постдаменную зону .by — «Еўрарадыё», «Белсат», «Свабода». Да таго ж мой мабільны VPN заўважна запавольвае злучэнне.
Але вось што адметна: навінаў ад знішчэння «Нашай Нівы» і — раней — «Тут.бая» — менш не зрабілася. Беларускія СМІ, а самае галоўнае — беларускі чытач, за апошнія дваццаць гадоў прайшлі шлях даўжэйшы, чым сусветныя медыя за апошнія два стагоддзі. Асноўным здабыткам газет з 1800-х і да 2000-х было з’яўленне ратацыйнага прэсу, што дазволіў зрабіць газету вельмі таннай, даступнай не толькі для арыстакратаў, але і для звычайных гараджан. У 2000-х, калі я працаваў у «Белгазеце», я пабачыў, як павольна занепадае сама культура аналагавага спажывання. Як папера перацякае ў лічбу, як робяцца неактуальнымі пласцінкі, як грувасткія CD-дэкі замяняюцца спачатку MP3-плэерамі, а потым — сотавымі тэлефонамі, здольнымі зрабіць тое, на што раней патрабаваліся пераўтваральнік аналагавага сігналу ў лічбавы, узмацняльнік і калонкі.
Са жніўня ў Беларусі СМІ перайшлі ў трэцюю фазу. У стадыю, калі іх немагчыма прыкрыць, нават знішчыўшы рэдакцыю і забараніўшы доступ да сайта. Гэтая, трэцяя, стадыя — магчымая будучыня ўсіх мастадонтаў і мегаладонаў сусветнай журналістыкі, стадыя Telegram-канала з кантэнтам, які больш не прывязаны да www.
Дык вось, паўтаруся, навінаў ад усіх гэтых драматычных падзеяў, якія пачаліся ў траўні закрыццём Тут.бая, менш не зрабілася. Хутчэй збываюцца прагнозы, якія некалі даваў заснавальнік Тут.бая Юры Зісер. Тлумачачы, чаму ў дзяржавы няма выгады ціснуць, Юры Анатольевіч нагадваў: страціўшы беларускі партал, беларускі чытач будзе змушаны шукаць навіны на рускіх навінавых сайтах. Якія ўжо не прыціснеш і не пракантралюеш з Мінска. З таго часу, калі Юры Анатольевіч зрабіў свой прагноз, шмат што змянілася, інфармацыйны каланіялізм адступіў, ніхто па каменты пра ліквідацыю «НН» на Lenta.ru не лезе. Але прынцып захаваўся той самы. Страціўшы доступ да легальных СМІ, якія падпарадкоўваліся заканадаўству, жылі з рэкламы, былі зарэгістраваныя ў зоне.by, якім можна было вынесці папярэджанне ці выклікаць у Мінінфарм, каб залагодзіць, чытачы масава ламануліся ў мэсэнджары, якія ніякая халера не пракантралюе.
Такім чынам, забіваючы сайт TUT, сістэма спрацавала як SMM ТГ-канала TUT. Тое ж і з «Нашай Нівай».
Але ў выпадку з «Нашай Нівай» ёсць вельмі важная культурная страта. Бо рэдакцыя выпрацавала ў вялікай колькасці гараджан звычку штодня, штогадзіны, спажываць інфармацыю на роднай мове. Такім чынам гадавалася тая самая ідэнтычнасць, якую можна было б супрацьпаставіць наступу любых нелагодных суседзяў.

Ці не гэты глузд зберагаў «НН» ад наступу ястрабаў усе гады?
І, што галоўнае, пра цяперашні інфармацыйны парадак дня людзі ўсё роўна даведаюцца ў ТГ, у тым ліку ў ТГ Тут.бая і «НН». Чаго мы маем усе шансы болей не пабачыць — дык гэта шыкоўных нашаніўскіх допісаў пра культуру, літаратуру і архітэктурную спадчыну. Гэта хіба што адзіны беларускі асяродак, у якога заўсёды хапала часу адазвацца пра паэзію, пра новы варты спектакль, што ідзе ў тэатрах. У адрозненне ад шмат якіх калегаў, «нашаніўцы» — ні ў Багдановічавы часы, ні цяпер, у эпоху летальнага інфармацыйнага мерчандайзінгу — не дазвалялі суцяшаць сябе тым, што, маўляў, «беларуская культура дрэнна чытаецца, то навошта нам пісаць пра вершы»?
Такім чынам, не выканаўшы асноўнай задачы гэтага пагрому — скасаванне крыніцы альтэрнатыўнай інфармацыі, — сістэма нечакана здзейсніла непажаданае ні для сябе, ні для краіны. А менавіта — ударыла па тых культурных каранях, якія прывязваюць нас да зямлі, на якой мы жывём. Бо, праўда, адна справа — калі пра прэм’еру «Дзікага палявання караля Стаха» тры словы па-руску кажуць у вечаровых навінах на ТБ, і зусім іншая — калі пастаноўку падрабязна разбірае крытык, які добра ведае, хто такі Караткевіч, хто такі Солтан і што такое Беларусь.
І дзе цяпер шукаць тую Беларусь? Цяпер, пасля таго як спусцела месца nn.by? Толькі ў кнігах! Пісаных на роднай мове, у імя той самай будучыні, якая, веру, у нас усё яшчэ ёсць.
Віктар Марціновіч, budzma.by