Віктару Івашкевічу споўнілася б 55
21 верасня споўнілася б 55 гадоў палітыку, журналісту Віктару Івашкевічу. 3 кастрычніка 2013 года ён памёр пасля цяжкай і працяглай хваробы, так і не дачакаўшыся трансплантацыі пячонкі.
З пачатку 1980-х Віктар быў у моладзевым нацыянальным руху «Талака», «Майстроўня». З 1988 годзе — у Беларускім народным фронце.
Быў арганізатарам страйкаў на менскіх прадпрыемствах у 1991 годзе. Шмат разоў падпадаў пад адміністрацыйныя пакараньні і арышты. Быў рэдактарам газэты «Рабочы». У кастрычніку 2002 года асуджаны на два гады абмежаваньня волі за публікацыю артыкула «Злодзей павінен сядзець у турме», у якім пракуратура ўбачыла паклёп на прэзыдэнта.
Намесьнік старшыні Партыі БНФ да 2009 году. Да лютага 2011-га быў кіраўніком менскай гарадзкой арганізацыі БНФ. Але ў лютым абвесьціў пра выхад з партыі. Быў сябрам аргкамітэта партыі «Беларускі рух».
Пра віктара Івашкевіча ўзгадваюць ягоныя сябры і паплечнікі
Вацлаў Арэшка пра Івашкевіча: «Ягонай шчырасьці і энэргіі вельмі нестае нам»
Вацлаў Арэшка
«Прайшоў амаль год, як няма Віктара. І ўвесь гэты год я адчуваю, што Віктара мне асабіста вельмі не хапае. Не хапае ягонай энэргіі, ягонай адданасьці, дабрыні. Самая галоўная ягоная рыса (якую на жаль, зараз ня вельмі часта сустрэнеш нават у нашым асяродзьдзі апазыцыйным) — гэта шчырасьць. Ён быў настолькі шчыры чалавек, што нават тыя, хто быў зь ім нязгодны, ня мог доўга на яго злавацца. І вось гэтай ягонай шчырасьці і энэргіі вельмі нестае нам. Часьцяком бярэмся за тыя справы, якія яшчэ ён пачынаў, і адчуваем, што ў нас на гэта не хапае сілы нават. А ў яго былі. Гэта сапраўды незаменная фігура. Віктар увесь час ў мяне ў вачах стаіць. І нават у скайпе ён у мяне ёсьць. І часам хочацца набраць гэты скайп і параіцца».
Вінцук Вячорка: Як Івашкевіч працытаваў Леніна, давёўшы сакратара гаркаму амаль да cтану непрытомнасьці
Вінцук Вячорка
«Віктар быў у нашым асяродку пачатку 1980-х найбольш зарыентаваным на працу з грамадзтвам чалавекам. Калі мы даведаліся, што недзе абмяркоўваюцца пытаньні вяртаньня беларускіх школ у гарадах, сталі думаць, ці ўвогуле рэальна здабыць людзей на свой бок. Памятаю, што Сяржук Сокалаў-Воюш Віктару тады сказаў: «Вось ты такі аптыміст, пакажы прыклад, апытай людзей. Ну і што вы думаеце? Віктар прайшоўся па сваім раёне, завулку Багратыёна, абышоў 60 кватэр і меў 90-працэнтны вынік станоўчы тых, у каго былі дзеці школьнага ўзросту. Ён ішоў з самаробнай анкеткай „Ці згодныя вы, каб ваша дзіця вучылася ў беларускамоўнай школе?“ Так фактычна было адроджана Таварыства беларускай школы пасьля таго, як першапраходзец Віктар абышоў гэтыя хаты. Мы назьбіралі яшчэ 1 тысячу подпісаў, і ў Менску пасьля перапынку была адноўлена сярэдняя адукацыя па-беларуску — гэта было школа № 108.
І яшчэ адзін успамін, які сьведчыць пра Віктараву крэатыўнасьць. Гэта былі камуністычныя часы, але калі камунізм ужо пачаў разлагацца. Эпоха „Талакі“, канец 1980-х. Тады камсамолу было даручана кантраляваць дзейнасьць так званых нефармальных моладзевых фармаваньняў праз спробы супрацы. І — о дзіва! Нас пускалі зьбірацца ў Менскі гаркам камсамола. На адным з паседжаньняў Віктар папрасіў слова для дакладу. Ну і, напэўна, дастаткова такога ключавога слова для дакладу: „Толькі расейскі „держиморда“ можа не разумець памкненьня беларусаў і ўкраінцаў да свабоды і адраджэньня роднай мовы“ — па-мойму такое. Прадстаўнік гаркама камсамолу бляднеў, чырванеў, у яго выцягваўся твар, ён, здаецца, гатовы быў страціць прытомнасьць. Віктар Івашкевіч закончыў свой „сьпіч“ і прывёў крыніцу: гэта быў Уладзімер Ільіч Ленін».
Павал Севярынец: «Івашкевіч быў адным з тых людзей, хто дзейсна дапамагаў ствараць Малады Фронт»
Павал Севярынец
«Кіраўніцтва тагачаснага БНФ ставілася да нас скептычна, але Віктар Івашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Анатоль Крыварот усяляк дапамагалі, падтрымлівалі, падштурхоўвалі, каб моладзь арганізоўвалася. І гісторыя давяла, што гэта быў слушны выбар.
Віктар Івашкевіч заўжды зьдзіўляў мяне тым, што ў самым варыве палітыкі захоўваў цьвярозы розум, не паддаваўся ні на эмоцыі, ні на кулюарныя гульні, а заўжды зыходзіў з нацыянальных інтарэсаў і лёгікі. У яго гэта было настолькі выразна і настолькі абвострана, што калі ствараліся нейкія канфліктныя сытуацыі, часта як да арбітра зьвярталіся да Івашкевіча. Бо ён заўсёды дасьць добрую, разумную параду.
Дзядзька Віктар, да таго ж, быў чалавекам вельмі працавітым, калі даручалася яму нейкая справа, то за гэты кірунак можна было не хвалявацца. Вось ён такім у маёй памяці застаўся: вельмі добры, грунтоўны, здаровага глузду чалавек, якога рэдка сустрэнеш у нашым роспачным, адчайным, крыху шалёным грамадзтве, у руху, які шмат гадоў нічога не дамагаўся, Івашкевіч быў адным з тых камянёў, хто мог стаць апорай бальшыні. Віктар Івашкевіч — з пароды тых людзей, якіх вельмі не хапае Беларусі».
Іна Студзінская, www.svaboda.org