Дыскрымінацыя па сэксуальнай арыентацыі ці гендэрнай ідэнтычнасці непрымальная
У міжнародны дзень супраць гамафобіі мы вырашылі запытацца ў Вячаслава Бортніка, праваабаронцы і псіхолага нетрадыцыйнай арыентацыі, чаму Беларусь застаецца на апошніх месцах у рэйтынгу краін прыдатных для жыцця людзей з ЛГБТ? А таксама ці зацікаўлена дзяржава ў патрыманні пэўнага ўзроўню гамафобіі?
![Вячаслаў Бортнік з мужам Шонам Гейлордам Вячаслаў Бортнік з мужам Шонам Гейлордам](/img/v1/userfiles/images/13233188_10153811167957763_1577155235_n.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Вячаслаў Бортнік з мужам Шонам Гейлордам
Вячаслаў Бортнік жыў і працаваў ў Гомлі. Аднак тры гады таму з'ехаў у ЗША. Там ён пабраўся шлюбам з грамадзянінам ЗША Шонам Гейлордам. Зараз Вячаслаў працуе Старшынёй Каардынацыйнай групы па Еўразіі Міжнароднай Амністыі ЗША. Ён мае досвед адносін грамадства і дзяржавы да ЛГБТ супольнасці ў Беларусі і ў Злучаных Штатах.
— У ЗША за гады адміністрацыі Абамы актывістам атрымалася дамагчыся вялізнага прагрэсу — прыняты федэральны закон аб злачынствах на глебе нянавісці, адкрытыя ЛГБТ атрымалі права служыць у войску, узаконеныя аднаполыя шлюбы. Усё гэта нават уявіць сабе было немагчыма нейкіх сем гадоў таму.
А вось у Беларусі, па маім меркаванні, захоўваецца стабільна-застойная сітуацыя. Сістэматычных сур’ёзных замераў грамадскай думкі, якія б дазволілі казаць пра дынаміку ўзроўню талерантнасці да ЛГБТ у беларускім грамадстве, не праводзіцца. Рэйтынг ІЛГА-Еўропа, па якім Беларусь займае 43-е месца з 49-ці, перш за ўсё адлюстроўвае змены ў заканадаўчай базе ў дачыненні да правоў сэксменшасцяў. Ніякіх падобных змен у беларускім заканадаўстве не назіралася дзесяцігоддзямі.
Што тычыцца правапрымяняльнай практыкі, то тут таксама без змен. Заявы ахвяр гамафобнага гвалту, як правіла, не разглядаюцца належным чынам, калі разглядаюцца наогул. ЛГБТ-арганізацыі не рэгіструюць, дзяржава таксама перашкаджае правядзенню мерапрыемстваў сэксменшасцяў. Актуальная або меркаваная арыентацыя можа стаць прычынай звальнення.
![З сенатарам МакКейнам З сенатарам МакКейнам](/img/v1/userfiles/images/13250451_10153811164912763_1389359961_n.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
З сенатарам МакКейнам
— Ці магчыма знізіць узровень гамафобіі на постасавецкіх абшарах, і чыя гэта мусіць быць ініцыятыва: дзяржавы, грамадскіх арганізацый, асобных грамадзян?
— У дэмакратычным грамадстве ініцыятыва можа зыходзіць як ад дзяржавы, так і ад грамадскіх арганізацый і зацікаўленых грамадзян. Праблема ў тым, што пры аўтарытарных рэжымах дзяржава арыентуецца на пазіцыю кіраўніка ў гэтым пытанні. А пазіцыя кіраўніка вядомая — «лепш быць дыктатарам, чым геем». Таму я б не стаў чакаць нейкіх зрухаў з боку дзяржструктур. А што тычыцца грамадскіх арганізацый і зацікаўленых грамадзян, то ў іх проста няма каналаў, па якіх падобная ініцыятыва магла б рэалізавацца. Таму праблема гамафобіі не можа быць вырашана ў сітуацыі адсутнасці якіх-небудзь дэмакратычных рэформаў.
І ўсё ж у Беларусі некаторых пазітыўных зрухаў можна дамагацца сродкамі культуры, адукацыі, працуючы са СМІ і анлайн-праектамі. Сярод яркіх гісторый поспеху я б адзначыў квір-кіно DOTYK і ініцыятыву «Журналісты за талерантнасць».
![ilga3.jpg ilga3.jpg](/img/v1/userfiles/images/ilga3.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
— З якімі праблемамі часцей за ўсё сутыкаюцца людзі з ЛГБТ у Беларусі?
— Перш за ўсё — гэта гамафобны гвалт. Толькі адзінкі заяўляюць пра напады з-за страху раскрыць уласную сэксуальную арыентацыю, стаць прадметам насмешак, а то і злоўжыванняў з боку тых жа праваахоўных органаў. Адсутнасць антыдыскрымінацыйнага заканадаўства прымушае прадстаўнікоў ЛГБТ пастаянна хаваць сваю сэксуальную арыентацыю, каб не звольнілі з працы ці не адмовілі ў прадстаўленні тых ці іншых сацыяльных паслуг. Я ведаю выпадкі, калі людзі не маглі наведаць сваіх партнёраў у бальніцы.
У мінулым годзе мая добрая сяброўка спрабавала арганізаваць закрытую гей-фрэндлі вечарыну ў родным Гомелі. Пад ціскам спецслужбаў прыйшлося яе адмяніць, не гледзячы на тое, што быў унесены заклад, праплачаныя артысты, распаўсюджаныя квіткі. Некалькі гадоў таму я двойчы выступаў сузаснавальнікам беларускай ЛГБТ-арганізацыі, якая так і не атрымала рэгістрацыі. Больш за тое, членаў арганізацыі потым зацягалі па міліцыі і КДБ. Адзін хлопец быў сур’ёзна збіты ў праваахоўных органах.
![З мужам у Афінах З мужам у Афінах](/img/v1/userfiles/images/13230982_10153811163907763_1027475683_n.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
З мужам у Афінах
— Што змянілася для вас асабіста ў гэтым кантэксце пасля пераезду ў ЗША?
— Я жыву ў Вашынгтоне — адным з самых талерантных гарадоў ЗША, таму мне наогул не трэба напружвацца з-за сваёй сэксуальнай арыентацыі. Мой аднаполы шлюб — такі ж натуральны — і для служачых дзяржустаноў, і для дзяцей маіх гетэрасексуальных сяброў. За ўвесь час знаходжання ў ЗША мяне ні разу не абазвалі крыўдным словам ці неяк выкарысталі інфармацыю аб маёй сэксуальнай арыентацыі мне на шкоду. У акрузе Калумбія вельмі прагрэсіўнае заканадаўства, але такое становішча не паўсюль у ЗША. Ёсць, напрыклад, такія штаты, дзе пры жаданні могуць звольніць з працы па прычыне сэксуальнай арыентацыі. Гамафобны гвалт працягвае заставацца праблемай — практыка не заўсёды паспявае за заканадаўствам, для змены застарэлых стэрэатыпаў патрабуецца час. Гамафобія больш адчуваецца ў так званых «чырвоных» штатах, дзе моцны ўплыў рэспубліканцаў і кансерватыўных хрысціянскіх цэркваў.
![З сябрамі ў Ёрку З сябрамі ў Ёрку](/img/v1/userfiles/images/13219639_10153811165817763_882445124_n.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
З сябрамі ў Ёрку
— У абмеркаванні сітуацыі з Міхаілам Пішчэўскім на форумах даводзілася чытаць, маўляў, ёсць нармальныя геі, а ёсць тыя, якія любяць пакрычаць аб сваёй арыентацыі, вось яны і маюць праблемы. Сядзелі б ціха, не высоўваліся і ніхто іх не чапаў бы...
— Не бывае ніякіх нармальных або ненармальных геяў, гэтак жа як і не бывае нармальных або ненармальных габрэяў ці, напрыклад, мусульман. Сэксуальная арыентацыя і гендэрная ідэнтычнасць — крытэрыі, па якіх непрымальная любая форма дыскрымінацыі. Людзі не выбіралі сваю арыентацыю, гэтак жа як і пол, расу, нацыянальнасць, інваліднасць, таму і не можа быць нейкіх выбарачных адносін, асабліва калі гаворка ідзе пра неад’емныя правы і свабоды.
Па зразумелых прычынах, многія, як вы кажаце, «нармальныя» геі і лесбіянкі ўсё жыццё хаваюць сваю сэксуальную арыентацыю коштам неймаверных ахвяр і адвечнай хлусні, але і гэта не можа служыць гарантыяй іх спакойнага існавання. Той жа Міша Пішчэўскі ніколі не афішаваў сваёй арыентацыі, выглядаў як сапраўдны мужык (у стэрэатыпным разуменні).
![У Белым Доме з Наталляй Арно, прэзідэнтам фонду «Свабодная Расія» У Белым Доме з Наталляй Арно, прэзідэнтам фонду «Свабодная Расія»](/img/v1/userfiles/images/13249506_10153811165507763_244219597_n.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У Белым Доме з Наталляй Арно, прэзідэнтам фонду «Свабодная Расія»
— Як вы лічыце, ці ёсць зацікаўленасць дзяржавы (я маю на ўвазе Беларусь) у тым, каб падтрымліваць пэўны ўзровень гамафобіі ў грамадстве (напрыклад, таму што такім грамадствам прасцей маніпуляваць)? І чаму ў дэмакратычнай дзяржаве клапоцяцца пра павышэнне ўзроўню талерантнасці?
— Недэмакратычнай дзяржаве заўсёды ўласціва трымаць казлоў адпушчэння — нават так, на чорны дзень, калі тэма знешняга ворага ўжо вычарпаная. Такімі казламі адпушчэння могуць выступаць, да прыкладу, людзі пэўнай нацыянальнасці, мігранты, асобы нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі, ВІЧ-інфікаваныя...
У мяне
складваецца ўражанне, што беларускія ўлады пакуль не ў поўнай меры разыгрываюць
гэтую карту (у параўнанні з Расіяй), але зберагаюць яе на ўсялякі выпадак. Што
тычыцца маніпулявання, то цалкам з вамі згодзен. Заўсёды нядрэнна мець
дадатковы кампрамат. Гэтая практыка шырока ўжывалася ў савецкія часы і
працягвае выкарыстоўвацца па сённяшні дзень.
Чаму талерантнасць лепш? У дэмакратычным грамадстве — гэта неад’емная частка ідэалу, да якога варта імкнуцца. Гэта тое, што дазваляе грамадству ў цэлым і асобным яго прадстаўнікам у пэўнай меры рэалізаваць свой патэнцыял і, як вынік, стаць больш шчаслівым. Дадзеныя апошніх навуковых даследаванняў, дарэчы, паказалі, што талерантныя грамадства больш эфектыўныя і ў эканамічным плане.
![З Аляксандрам Падрабінекам і Яўгеніяй Курбат ля Мемарыяла ахвярам камунізму З Аляксандрам Падрабінекам і Яўгеніяй Курбат ля Мемарыяла ахвярам камунізму](/img/v1/userfiles/images/13262220_10153811168962763_1921387662_o.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
З Аляксандрам Падрабінекам і Яўгеніяй Курбат ля Мемарыяла ахвярам камунізму
Фота Вячаслава Бортніка