Вярхоўны суд разгледзіць скаргу Міхаіла Жамчужнага 6 кастрычніка

Разгляд распачнецца ў 9.30. Пра гэта заснавальнік культурна-асветніцкай установы «Платформа інавэйшн» паведаміў у лісце віцебскаму праваабаронцу Леаніду Свеціку.



zamcuzny1.jpg

10 ліпеня Жамчужнага асудзілі да шасці гадоў зняволення ва ўмовах строгага рэжыму, і ў лістах на волю ён падкрэслівае, што гэты прысуд мае пад сабой палітычныя матывы.
Жыхар Віцебска Міхаіл Жамчужны быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), п.5 арт. 16, 375 (частка 1) і 431 (часткі 1 і 2): незаконным набыцці з мэтай збыту сродкаў для патаемнага атрымання інфармацыі, падбухторванні да наўмыснага раскрыцця звестак, якія складаюць службовую таямніцу, і спробах даць хабар за атрыманне інфармацыі. Судовы працэс над ім праходзіў у закрытым рэжыме, таму для праваабаронцаў і грамадскасці па-ранейшаму застаюцца нявысьветленымі абставіны крымінальнага пераследу Міхаіла Жамчужнага. Знаходзячыся пад вартай, сам ён не можа паведаміць звестак, якія б праяснілі сутнасць справы, і адвакат не можа раскрыць абставіны справы, бо даў падпіску пра неразгалошванне.
Пасля прысуду Міхаіл Жамчужны знаходзіцца ў СІЗА №2 Віцебска. У гэтай установе агулам ён правёў ужо год, і тут жа сустрэў уласнае 60-годдзе. Яго затрымалі 14 жніўня мінулага года. Як Жамчужны падкрэслівае ў лісце да праваабаронцы Леаніда Свеціка, гэта адбылося роўна праз тыдзень пасля таго, як ён пабываў на судзе над Андрэем Бандарэнкам, былым дырэктарам «Платформа інавэйшн».
Міхаіл Жамчужны піша пра сваю занепакоенасць перарывамі ў перапісцы: ён не атрымаў адказаў на некаторыя са сваіх лістоў, адрасаваных праваабаронцам. Піша пра тое, што складана знаходзіцца ў інфармацыйным вакууме – без апошніх звестак пра падзеі ва Украіне, пра ход выбарчай кампаніі і дзеянні канкурэнтаў Аляксандра Лукашэнкі. А таксама пра падзеі, звязаныя з «Платформа інавэйшн», бо Міхаіл Жамчужны занепакоены лёсам арганізацыі.
Пасля прысуду Міхаіл Жамчужны амаль на месяц быў змешчаны ў карцэр, там ён надрыхтаваў пярэчанні на пратэст пракурора. Пратэст на прысуд пракурор унёс, палічыўшы 6 гадоў пазбаўлення волі занадта мяккім пакараннем. Таксама пад вартай заснавальнік «Платформа інавэйшн» склаў дзве касацыйныя скаргі – не адмену прысуду і на спыненне крымінальнага пераследу і заўвагі на судовыя пратаколы. Што да перспектывы поспеху ў Вярхоўным судзе, то ў задавальненне касацыйных скаргаў ён верыць мала. Бо піша: "праз месяц-паўтара я мяркую апынуцца на якой-небудзь "зоне", дзе будзе магчымасць скрыстацца тэлефонам і паглядзець тэлевізар".
Паводле праваабарончага цэнтра "Вясна"