Невядомыя вандалы знішчылі крыжы ў «віцебскіх Курапатах» ФОТА

Бясследна зніклі пяць крыжоў, усталяваных актывістамі на ўзлеску каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну. Мясцовыя старажылы згадваюць пра сталінскія расстрэлы ў гэтых мясцінах, а прадстаўнікі ўладаў заяўляюць, што эксперты знайшлі тут «фрагменты нямецкага кіцеля».



8f8a496f_255f_4537_8e6b_a191f2456d72_w640_s.jpg

Віцебскія актывісты час ад часу наведваюць пахаванне невядомых ахвяраў, знойдзенае і добраўпарадкаванае летась. Сёньня яны ўбачылі, што зніклі крыжы, усталяваныя імі год таму назад. Крыжы стаялі на ускрайках вялікіх ямін, у якіх дагэтуль відаць чалавечыя косткі.

Пра знікненьне крыжоў сябру КХП БНФ Яну Дзяржаўцаву, стваральніку грамадскай ініцыятывы «Хайсы», спярша паведаміў тутэйшы ляснічы. Крыжоў ужо няма, затое на ўзлеску паставілі фотафіксатары — каб пабочныя асобы не займаліся саматужнымі раскопкамі. Пад гэтымі «пабочнымі асобамі» службоўцы яўна мелі на ўвазе актывістаў, хоць тыя ніколі не мелі намеру нешта раскопваць. Больш за тое: Ян Дзяржаўцаў запрасіў з Мінску адмыслоўцаў- археолягаў, каб яны паглядзелі на ямы з косткамі ды зрабілі нейкія высновы адносна таго, чые гэта могуць быць парэшткі.

На думку археолага Мікалая Крывальцэвіча, які даўней расследаваў мінскія Курапаты, ямы ў лесе раскапаныя досыць даўно, непрафесійна, і верагодна — «чорнымі капальнікамі».

Пастаўленыя актывістамі крыжы зніклі, і нават вянкі і кветкі з сімвалічнай магілы паскіданыя ў бліжэйшую яму. Паводле словаў ляснічага, гэта зрабілі прадстаўнікі пашуковага батальёну, які абяцаў запрасіць старшыня Мазалаўскага сельсавету Леанід Дубіна.

Аднак слядоў дзейнасці пашукавікоў нідзе не відаць: ямы ў такім самым стане, як актывісты бачылі іх у чэрвені. Побач зь ямамі — фрагменты абутку, іх чамусці не ўзялі на экспэртызу прадстаўнікі следчага камітэту, якія выяжджалі на месца па заяве актывістаў.

Калега спадара Мікалая, таксама археолаг Валянціна Вяргей упэўненая, што гэта даўняе грамадзянскае, а не вайсковае пахаванне часоў мінулае вайны:

«Тут няма вайсковага абутку — ботаў. Затое шмат жаночага абутку, боцікі, галёшы... Хіба вайскоўцы галёшы насілі?»

gdb.rferl.org__5b562065_a52e_4_ecdb2d65a9aac3f1241f6fc2e99cccf4.jpeg

Мікалай Крывальцэвіч зьвяртае ўвагу на спэцыфічнае месцазнаходжанне костак: яны ляжаць палосамі, перасыпаныя жвірам. Такое ж навукоўцы бачылі ў Курапатах, калі расстраляных закідвалі зямлёй, а зверху зноў хавалі людзей, забітых пазней, і так у некалькі шэрагаў...

Пакуль актывісты і археолагі разглядалі ямы і абураліся тым, што невядомыя вандалы знесьлі крыжы, у лесе раптам з'явіліся двое міліцыянтаў. Адзін з іх — участковы Аляксандар Недзведзь — заявіў, што яны прыйшлі папярэдзіць людзей пра небяспеку выбуховых прадметаў. Маўляў, у гэтых мясцінах былі знойдзеныя старыя боезапасы, а таму актывістам «тут знаходзіцца непажадана». А вось адказу на пытанне, куды зніклі пяць крыжоў, усталяваных у памяць невядомых ахвяраў, ад супрацоўнікаў міліцыі атрымаць не ўдалося.

Не змагла адказаць на гэтае пытанне і Кацярына Каралёва, загадчыца справамі Мазалаўскага сельсавету. Актывісты заехалі да яе пазней, бо даведаліся, што мясцовым ўладам дасланы адказ пра вынікі экспертызы, зробленай па даручэнні следчага камітэту.

Спадарыня Каралёва адказу не паказала, але працытавала некалькі радкоў з высноваў экспэртаў:

«Знойдзеныя рэшткі кіцеля, і гэтыя рэшткі кіцеля ідэнтычныя складаным часткам нямецкага вайсковага адзення Нямеччыны. Гэта дае падставы зрабіць высновы, што пахаванне ў лесе — часоў мінулай вайны. Як толькі доследы скончацца, усё будзе зроблена. А вашая пазіцыя мне тут ясная, вы не давяраеце ўладам!»

Паглядзець адказ сьледчага камітэту ў арыгінале супрацоўніца сельсавету не пагадзілася нізавошта. Гэтая акалічнасьць выклікала вялікія сумневы ў актывістаў, ці сапраўды існуе такая афіцыйная папера. У навукоўцаў таксама ўзьніклі пытаньні: чаму ні словам не згаданы абутак 30-х гадоў, раскіданы па лесе, і як можна зрабіць высновы паводле адзінай знаходкі — «фрагментаў кіцеля». Тым болей, што месца, дзе яго знайшлі, вызначана як «ваколіцы вёскі Хайсы», нібыта экспэрты ніколі ня чулі пра геаграфічныя каардынаты ды іншыя спосабы фіксацыі знаходак.

Незразумелым засталося і тое, хто знайшоў фрагмэнты нямецкага вайсковага адзеньня. Словы Кацярыны Каралёвай супярэчлівыя: то яна кажа, што адмысловы вайсковы батальён, які робіць раскопкі пахаванняў, яшчэ не прыяжджаў, то цвердзіць, што «фрагменты кіцеля» знайшлі прадстаўнікі гэтага самага батальёну.

Чаму з дакументам нельга пазнаёміцца актывістам, якія і знайшлі парэшткі і адразу ж звярнуліся ва ўсе інстанцыі — ад міліцыі да следчага камітэту — таксама застаецца незразумелым. Сакрэтнасцю пакрыты і высновы следчых, якія нібыта знайшлі разам з косткамі нейкія гільзы ад куль.

На думку сябра КХП БНФ Яна Дзяржаўцава, усё робіцца дзеля таго, каб пазбегнуць шырокага грамадскага розгаласу пра гэтую справу.

Прадстаўніца сельсавету назвала актывістаў «зацікаўленым бокам», каторы «шукае якіх-небудзь кампраматаў». Між тым мэта сапраўды зацікаўленых прадстаўнікоў грамадскасьці зусім іншая: каб была высветленая гістарычная праўда і каб загінулыя пад Хайсамі людзі, хто б яны ні былі, знайшлі апошні спачын згодна з хрысціянскім звычаем.

Радыё Свабода