Вяртанне ў БССР. Як мы страцілі здабытак часоў Гарбачова
14 ліпеня 1990-га Міхаіл Гарбачоў падпісаў указ «Аб дэмакратызацыі і развіцці тэлебачання і радыёвяшчання ў СССР», які забараніў палітычную цэнзуру ў электронных СМІ. Тады згубілі моц дакументы, якія рэгулявалі ў БССР прэвентыўнае цэнзураванне тэле- і радыёпрадукцыі… каб неўзабаве, праз чатыры гады здабыць моц наноў.
Успамін пра 1990-я хвалюе сэрца кожнага беларуса. Нехта з жахам узгадывае трывожныя часы, іншыя ж назваюць іх лепшымі гадамі свабоды і магчымасцяў – на вялікі жаль, страчаных.
Каб ацаніць феномен з’яўлення вышэйзгаданага дакумента – указ «Аб дэмакратызацыі і развіцці тэлебачання і радыёвяшчання ў СССР», узгадаем рэаліі савецкай цэнзуры, скіраванай на знішчэнне праўды і задзьмуванне творчага запалу.
Катаржная праца цэнзараў
Абвясціўшы палітыку галоснасці, Гарбачоў вызваліў не толькі свядомасць савецкіх грамадзянаў, але і цэнзараў, чыю адданую рабскую працу на карысць чырвонаму тэрору таксама не варта недаацэньваць. Звернемся да вытрымак з кнігі «Чырвоны аловак» аўтарства Аляксандра Гужалоўскага, даследчыка гісторыі цэнзуры ў БССР:
«У першае пасляваеннае дзесяцігоддзе цэнзары Галоўліта БССР штогод прачытвалі каля 5 тыс. улікова-выдавецкіх аркушаў. Сярэднестатыстычны цэнзар на працягу працоўнага дня павінен быў прачытаць 150–180 старонак машынапісу».
«Старэйшы рэдактар Галоўліта БССР М. К. Высоцкая, якая адказвала ў 1970-я гг. за часопісы, мусіла чытаць гранкі літаратурных твораў з-за тэрміновасці іх здачы «ў аўтобусе, у хаце… паміж рондалямі». Кашмар, згадзіцеся. Працягваем.
«Найбольш напружаная праца з-за яе аператыўнага характару была ў «газетчыкаў». Начальнік газетнага аддзела Галоўліта БССР В. С. Сярова ўзгадвала: «Ідзеш дамоў у 11–12 часоў вечара, а ў галаве адна думка: ці можна было пакідаць дадзеныя пра вытворчасць на «Інтэграле»…Там жа ўсё ішло ў абсалютных лічбах. Можа трэба было даць у працэнтах? Не, можна пакінуць так. Таму што з тэксту не бачна, за які перыяд выраблена гэта прадукцыя… І ўсё ж заўтра з ранку трэба ўважліва з гэтым разабрацца».
Як проста ўявіць такіх спадарыняў Сяровых і Высоцкіх сёння.
Беларускія класікі пра цэнзуру
Шмат выкрывальных заяваў наконт цэнзуры і цэнзараў зрабіў Васіль Быкаў, які спазнаў на сабе іх дзейнасць спаўна.
Васіль Быкаў у лісце да паэткі Е.Лось ад 2 лютага 1959-га : «У “Маладосці” друкавацца стала вельмі цяжка, бяруць толькі абсалютна выразныя ў ідэі, прамалінейныя як плакат творы-агіткі, іншыя бракуюць. Адзін мой расказ забракавалі, бо ён толькі на 75 % агітка, відаць, забракуюць і другі, у якім гераіня толькі домработніца, а зусім не даярка і не механізатарка».
Быкаў пра цэнзуру часоў брэжнеўскага застою: «Падобна, у краiне махнулi кiраўнiчай рукой на эканомiку, прамысловасьць, на далейшы ўздым сельскай гаспадаркi i ўзялiся за любiмы канёк — уздымаць iдэалёгiю. З поваду iдэалёгii праводзiлiся пленумы ўсiх узроўняў, творчых саюзаў; рэдакцыi i выдавецтвы ўмацоўвалi выпускнiкамi ВПШ ды АГН. Неверагодных памераў дасягнулi Галоў- i абллiты, сьпiсы забароненых тэмаў i зьвестак набылi таўшчыню тэлефонных даведнiкаў. У рэдакцыях i выдавецтвах галоўным чалавекам стаў цэнзар, якi прыдзiрлiва мацаў кожны радок i пры парушэньнi дакладваў наверх, каб апэратыўна зрабiць аргвывады. Прапагандовым апаратам было вынайдзена ёмiстае i ўнiвэрсальнае азначэньне: iдэалягiчныя дывэрсii. Для iх выяўленьня пры кожным парткаме працавалi iдэалягiчныя камiсii, якiя таксама выносiлi свае вэрдыкты».
«Іншыя зрэдактараў, — пісаў Быкаў — здаралася, разумелі сваё сабачае становішча, але ж у кожнага былі сем’і, дзецям патрэбны быў хлеб. І яшчэ было распаўсюджана юдава меркаванне — а каго замест? Маўляў, замест нас паставяць яшчэ горшых».
Рыгор Барадулін: «Прыгадваецца, наколькі пільнай была савецкая цэнзура і як ёй дапамагалі свае браты-пісьменнікі. Добраахвотна. На грамадскіх пачатках, так бы мовіць»
А вось што запісаў пазеней, у 1983-м, Янка Брыль: «Напісаны дваццаць год таму назад раман мой выдаецца з улікам перакладаў і перавыданняў ужо чатырнаццаты раз, і трэба зноў штосьці выкідаць з нейкіх часовых, злабадзённых “палітычных” меркаванняў… Як гэта ўжо, кажучы па-караткевічаўску, астабрыдла!..»
Генадзь Бураўкін, у сваю чаргу, у 2011-м годзе, у інтэрв’ю газеце «Салідарнасць» казаў пра тагачасны феномен самацэнзуры: ««Ёсць розныя віды цэнзуры. Самая хітрая і небяспечная — самацэнзура. Калі пачалі пісаць, друкавацца перада мной, Рыгорам Барадуліным, іншымі равеснікамі, былі ўзоры — тарабаршчына ў гонар вялікага Сталіна, савецкай канстытуцыі і г. д. Гэтая самацэнзура сядзела ў нас усярэдзіне. Таму, калі мы давалі свае няўмелыя радкі ў друк, нічога цэнзураваць ужо не трэба было. Адчуванне цэнзуры, на якую трэба азірацца штодня, з’явілася пазней. Асабліва ярка, калі працаваў галоўным рэдактарам часопіса “Маладосць” і яшчэ на больш высокім узроўні — падчас кіраўніцтва Белдзяржтэлерадыё».
«Усё мінецца, а праўда застанецца»
Пачатак 1990-х быў кароткім перыядам росквіту беларускага тэлебачання. Вось як гэты час у размове з «Нашай Нівай» узгадвала журналістка Таццяна Заміроўская:
«Па беларускім тэлебачанні штодзень паказвалі нешта цікавае: Ларыса Грыбалёва з яе «Усё нармальна мама», «Акалада» пра вядомую музыку і гурты Аксаны і Анатоля Вечар, «Відзьмо-невідзьмо» Сяргей Філімонава пра цікавосткі са свету шоўбізу. Вельмі шмат моладзі ў эфіры, неверагодныя вядучыя — Тамара Лісіцкая і Кірыл Слука, якія імкнуліся прасоўваць у эфіры сваё, кліпы айчынных гуртоў…
Гэта быў час фармавання музычнага густу праз медыя, і менавіта дзякуючы тым прыкладам я сама захацела стаць журналісткай. Гэта быў час тытанічных зрухаў усяго — яно адчувалася фізічна: што вось зараз тут усё будзе класна. І гэта я зараз кажу так не таму, што вось падтрымліваю беларускае радыё і ТБ часоў дыктатуры, якая хутка разгарнулася. А таму, што пэўны час там паспелі папрацаваць самыя клёвыя, крэатыўныя антыдыктатурныя чувакі».
З прыходам да ўлады Лукашэнкі адліга скончылася. Бел-чырвона-белы сцяг у дзяржаўным тэлеэфіры хутка замянілі чырвона-зялёныя колеры, цікавыя перадачы змяніліся звычайнымі агіткамі, натхнёныя вочы вядоўцаў – халоднымі тварамі дыктараў, а беларускія праекты – расійскай прапагандай.
І ўсё ж нават тры гады таму наўрад ці можна было б казаць пра адназначную страту здабыткаў часоў гарбачоўскай «галоснасці». Але сёння, калі за адну толькі спробу, дакладней сказаць ідэю стварыць альтэрнатыўнае беларускае тэлебачанне за кратамі пакутуе ад цяжкай хваробы журналіста Ксенія Луцкіна – можна дакладна сказаць, што ўсё скончылася. Ці вернецца – залежыць толькі ад нас.
«Усё мінецца, а праўда застанецца» пісаў некалі Аляксандр Твардоўскі ў тэлеграме да Васіля Быкава, калі яго пляжылі ў савецкіх газетах. Гісторыя даказвае праўдзівасць гэтых словаў, праз якія б выпрабаванні яны не праходзілі.