Водгулле гучнага перайменавання: Раман Шухевіч і Беларусь

Перайменаванне праспекта генерала Ватуціна ў Кіеве ў праспект імя Рамана Шухевіча выклікала гучную рэакцыю ў свеце, у тым ліку ў беларускіх СМІ. Мы высветлілі, што думаюць на гэты конт украінскія гісторыкі.

partret_szuhevicza__ukraina__sjonnja___2__1.jpg

На пытанні «Новага Часу» адказвае Юрый Радчанка, кандыдат гістарычных навук, дырэктар Цэнтра вывучэння міжэтнічных стасункаў Усходняй Еўропы (Харкаў).

— Хто быў асноўным палітычным акторам у перайменаванні праспекта?

— Фармальна, рашэнне было прынятае Кіеўскай гарадской радай. Але відавочна, што гэта наступства палітыкі Украінскага інстытута нацыянальнай памяці на чале з Уладзімірам Вятровічам. Я не ўпэўнены нават, што большасць з 69 дэпутатаў, якія галасавалі за гэтае рашэнне, маюць уяўленне, кім быў Шухевіч. Думаю, калі спытаць іх пра базавыя моманты ў яго біяграфіі, яны не адкажуць.

— Перайменаванне выклікала негатыўную рэакцыю ў сусветнай грамадскасці, найперш, у Ізраілі. Чаму?

— Наконт асабістага стаўлення Шухевіча да яўрэяў сведчанняў мала. Але калі мы паглядзім на АУН як цэлае, то на ўзроўні арганізацыі стаўленне да яўрэяў горшала. Калі з 1929 па 1933 гады былі пэўныя «ўнутрыпартыйныя» дыскусіі (супрацоўнічаць з яўрэямі ці не), то з 1933–1935 гадоў антысеміцкія тэндэнцыі ў АУН узмацняліся, і да 1941 года антысемітызм у АУН быў дастаткова моцны. Няма сведчанняў пра погляды Шухевіча на «яўрэйскае пытанне» ў 1930-я гады, але вядомы шэраг дакументаў 1941 года. Перад нападам на СССР АУН (Бандэры) склала інструкцыі, што рабіць у выпадку «Украінскай нацыянальнай рэвалюцыі» і ў выпадку вайны. Адна з інструкцый, напісаная ў маі 1941-га, называецца «Боротьба та діяльність ОУН під час війни». Там кажацца, што яўрэйскіх і польскіх актывістаў трэба ізаляваць і максімальна кантраляваць, і пры першым падазрэнні гэтых людзей ліквідаваць. Ёсць верагоднасць, што ў напісанні дакумента прымаў удзел і Раман Шухевіч, але, на жаль, канкрэтныя яго аўтары нам не вядомыя.

radchenko_pic.jpg

— Як праявіў сябе Шухевіч падчас службы ў батальёне «Нахтыгаль»?

— У «Нахтыгалі» ў большасці служылі чальцы АУН(б). Ёсць мемуарнае сведчанне аднаго з іх, Міраслава Кальбы, што Шухевіч казаў сваім аднапартыйцам з батальёна: «Не бярыце нічыёй крыві на рукі. Не дапускайце ніякіх злачынстваў ці помсты ў дачыненні да ворагаў, палякаў ці жыдоў. Займацца гэтым — не нашая справа». З аднаго боку, нібыта Шухевіч супраць гвалту, а з іншага — лічыў яўрэеў і палякаў калектыўнымі ворагамі ўкраінскага народа. І «ворагамі» павінны былі займацца іншыя — служба бяспекі АУН і міліцыя.

У Львове, куды ў пачатку вайны ўступіў «Нахтыгаль», з 30 чэрвеня па 3–4 ліпеня прайшоў крывавы пагром яўрэйскага насельніцтва, загінула некалькі соцень чалавек. Падчас пагрому жаўнеры «Нахтыгаля» былі ў адпачынку. Сам Шухевіч у гэты час займаўся пахаваннем брата Юрыя, труп якога быў знойдзены ў адной з турмаў Львова, і нават не прымаў удзелу ў мерапрыемствах 30 чэрвеня, калі АУН(б) абвясціла ў Львове аднаўленне ўкраінскай дзяржаўнасці. Сучасныя дадзеныя паказваюць, што асобныя салдаты «Нахтыгаля» маглі прымаць удзел у пагроме, але гэта не было мэтанакіраваным удзелам падраздзялення.

З іншага боку, у дзённіку аднаго з салдат батальёна Віктара Харківа («Хмары») запісана, што на шляху батальёна ў Вінніцу яго салдаты бачылі злачынствы «жыдабальшавікоў» (відаць, маюцца на ўвазе турмы, у якіх перад адступленнем НКУС расстрэльваў зняволеных). Каб адпомсціць, салдаты «Нахтыгаля» расстрэльвалі яўрэяў: «Падчас нашага пераходу мы на свае вочы бачылі ахвяр яўрэйска-бальшавіцкага тэрору, гэты від так умацаваў нянавісць нашую да яўрэяў, што ў двух сёлах мы пастралялі ўсіх сустрэчных яўрэяў. Узгадваю адзін эпізод. Падчас нашага пераходу перад адным з сёл бачым мноства людзей, якія блукаюць. На пытанне адказваюць, што яўрэі пагражаюць ім і яны баяцца спаць у хатах. У выніку гэтага мы пастралялі ўсіх яўрэяў, якія там сустрэліся». То бок яны атаясамлівалі яўрэяў з бальшавікамі і калектыўна яўрэям помсцілі.

— У чым палягалі задачы 201-га батальёна, які дыслакаваўся ў Беларусі і ў якім служыў Шухевіч?

— «Нахтыгаль» ды іншае падраздзяленне — «Роланд» — былі перафармаваныя ў 201-ы шуцманшафт-батальён і перакінутыя ў Беларусь у раён Лепель–Магілёў для барацьбы з «савецкімі партызанамі», дзе знаходзіліся з сакавіка да снежня 1942 года. Нямецкім камандзірам быў прызначаны Вільгельм Моха, украінскім — Яўген Пабігушчы, а яго намеснікам і камандзірам 1-й роты стаў Шухевіч. Салдаты батальёна пакінулі мемуары пра тыя падзеі. Паказальным з’яўляецца, што ва ўспамінах яны, часцей за ўсё, не пішуць назвы населеных пунктаў, дзе адбываліся баявыя сутыкненні, то бок баяцца праверкі мемуараў дакументамі. За 10 месяцаў іх побыту ў Беларусі загінула 49 і было паранена 40 салдат батальёна. У той жа час імі было знішчана больш за 2000 «партызан». То бок, суадносіны стратаў былі 1:40. Падобныя лічбы выклікаюць падазрэнне, што большасць забітых наўрад ці былі партызанамі са зброяй у руках — хутчэй, цывільнае насельніцтва. Не варта забывацца і на тое, што, калі батальён прыбыў у Беларусь, немцы і калабаранты актыўна ўвасаблялі ў жыццё палітыку «канчатковага развязання яўрэйскага пытання».

Падчас «антыпартызанскіх акцый» 201-ы батальён падпарадкоўваўся вядомаму ваеннаму злачынцу, обергрупенфюрэру СС, генералу паліцыі і войскаў СС Эрыху фон дэм Баху (Erich Julius Eberhard von dem Bach), які актыўна ўдзельнічаў у Халакосце ў краінах Балтыі, а з восені 1942 года кіраваў антыпартызанскімі акцыямі на тэрыторыі Беларусі, Польшчы, Украіны і Расіі. Бах лічыў 201-ы батальён добрай баявой адзінкай. У нейкі момант меў месца канфлікт паміж Пабігушчым і Мохам, і Бах асабіста прылятаў гэты канфлікт вырашаць. У сваіх успамінах Пабігушчы апісвае заканчэнне візіту: «Фон Бах супакоены адыходзіць да самалёта і просіць, каб там прысутнічалі і іншыя старшыны, каб ён мог з імі пабачыцца і пагутарыць. Каля самалёта сабралася шмат ваяроў. Сярод іх ёсць і Шухевіч, таксама без афіцэрскіх узнагарод, таму што старшыны не насілі ніякіх знакаў адрознення. Фон Бах прыглядаецца да Шухевіча і гаворыць: «О, гэты салдат — гэта дакладна германскі тып»… Шух усміхнуўся. Шухевічу не трэба было мець знакаў адрознення, каб у ім нават замежнікі распазнавалі прыроджанага камандзіра».

fota_tochka.net.jpg

Паказальным з’яўляецца і факт, што ў снежні 1942 года Шухевіч праігнараваў загад кіраўніка АУН(б) Міколы Лебедзя перавесці батальён на нелегальнае становішча. Пазней — на 3-м Вялікім надзвычайным зборы АУН у жніўні 1943 года — Шухевіч выступаў супраць антынямецкіх дзеянняў і настойваў на актывізацыі барацьбы ў антысавецкім накірунку.

У АУН (Бандэры) і ў УПА былі розныя людзі. Але Шухевіч — персанаж, які скампраметаваў сябе супрацоўніцтвам з нацыстамі, антысемітызмам і надзвычай верагодным удзелам у знішчэнні грамадзянскага насельніцтва, у першую чаргу яўрэяў.

— У Беларусі хапае выказванняў накшталт таго, што «для ўкраінцаў Шухевіч — бясспрэчны герой». А як гэта выглядае з Харкава?

— У мяне адчуванне, што ў масе сваёй украінцы ўвогуле не маюць уяўлення, хто такі Раман Шухевіч. Як і Сцяпан Бандэра, як і Андрэй Мельнік, як і большасць лідараў АУН у 1930–1940-я гады. Праблема ў тым, што дагэтуль няма аніводнай адэкватнай біяграфіі таго ж Шухевіча. Тое, што мы маем, — ненавуковая апалагетыка. Першая навуковая біяграфія Сцяпана Бандэры была апублікаваная ў 2015 годзе — у Германіі, на англійскай мове, польска-нямецкім аўтарам. Сярод людзей, якія любяць Шухевіча, ёсць ідэалізаванае ўяўленне пра яго. Людзі, якія распаўсюджваюць культ Бандэры, Шухевіча, Сцяцка, часцяком нават не ўяўляюць, што гэта за асобы.

— Украіна цяпер імкнецца ў Еўропу. Ці ёсць перспектыва ўключэння ўкраінскай гістарычнай памяці ў агульнаеўрапейскую, агульначалавечую гістарычную памяць рэгіёна? І якое месца ў такой гісторыі мог бы заняць Шухевіч?

— Я б хацеў, каб быў створаны такі наратыў, які б не правакаваў канфлікты Украіны з суседзямі, і каб суседзі стварылі больш прымальныя наратывы для Украіны. Каб стасункі гістарычнай памяці Украіны з памяццю Расіі і Польшчы будаваліся прыкладна так, як цяпер узаемаадносяцца памяць Германіі і Францыі, паміж якімі зараз няма «войнаў» вакол падзей мінулага. На жаль, у нас у рэгіёне цяпер тэндэнцыі не такія. Скажам, у 2010–2011 гадах Польшча падавалася мне прыкладам для Украіны. Мне падабалася, як там абмяркоўваліся пытанні і Валыні, і ўдзелу палякаў у Халакосце. Цяпер я прыязджаю ў Варшаву, і ў цэнтры горада неанацысцкія малойчыкі збіраюць подпісы за правядзенне раскопак у Ядвабнэ пад лозунгам «Хочам ведаць пра Ядвабнэ праўду!». Хоць пра тыя падзеі ўсё ўжо вядома да дэталяў.

Пра Расію з шалёным неасталінізмам я наогул маўчу.

Я б хацеў, каб ва ўкраінскім наратыве Шухевіч успрымаўся як чалавек эпохі, як прафесійны ваяр, які змагаўся за радзіму, але здзейсніў шэраг памылак і, магчыма, злачынстваў. Мы не ведаем, якія яшчэ дакументы адкрыюцца пра дзейнасць шуцманшафт-батальёнаў у Беларусі. Дадатковыя сведчанні знаходзяцца перыядычна.

На жаль ці на шчасце, любы наратыў мае сваіх герояў. Людзі хочуць бачыць нейкі партрэт на сцяне і ўшаноўваць яго, калі ўздымаецца дзяржаўны сцяг. Але Шухевіча сярод такіх герояў я б бачыць не хацеў.