Вось бы сераду ўзяць і адмяніць...

Акцыі маўклівага пратэсту вымушаюць улады пакласці на алтар самазахавання рэшткі яшчэ хаця б у нечым станоўчага дзяржаўнага іміджу.

Унутры краіны, асабліва гэта тычыцца Мінска, ад цырульнікаў і каларытных ЖЭСаўскіх сантэхнікаў да інтэлігентаў у сціпленькіх піджаках, экспрэсіўнасць праклёнаў на адрас улады адрозніваецца хіба што культурным узроўнем крыніцы вербальнага пратэсту. Звонку дзяржавы, дзякуючы неадэкватнай рэакцыі сілавікоў на апладысменты і маўчанне людзей на вуліцах, таксама рассейваюцца ілюзіі аб «астраўку стабільнасці».

Акцыі маўклівага пратэсту вымушаюць улады пакласці на алтар самазахавання рэшткі яшчэ хаця б у нечым станоўчага дзяржаўнага іміджу.
Унутры краіны, асабліва гэта тычыцца Мінска, ад цырульнікаў і каларытных ЖЭСаўскіх сантэхнікаў да інтэлігентаў у сціпленькіх піджаках, экспрэсіўнасць праклёнаў на адрас улады адрозніваецца хіба што культурным узроўнем крыніцы вербальнага пратэсту. Звонку дзяржавы, дзякуючы неадэкватнай рэакцыі сілавікоў на апладысменты і маўчанне людзей на вуліцах, таксама рассейваюцца ілюзіі аб «астраўку стабільнасці».
Незадаволеныя і пакуль нікім не ачоленыя беларусы выходзяць моўчкі на вуліцу. І гэтак жа моўчкі іх рассаджваюць па аўтазаках таварышы ў цывільным без апазнавальных знакаў. Сімвалы сучаснай Беларусі: аўтазак — прадукт МАЗаўскіх рабочых для перавозкі вязняў, — і кароткастрыжаныя, беспардонныя, крэпкія мужыкі ў цывільным.
Ці «дзякуючы стараннасці» апошніх, ці проста трагічнаму збегу абставінаў, у сталіцы 3 ліпеня падчас разгону акцыі «маўклівай рэвалюцыі» на Прывакзальнай плошчы затрымалі цяжарную жанчыну. У пастарунку яна прабыла некалькі гадзін. Яе мужа арыштавалі на 10 сутак. Праз некалькі дзён у жанчыны здарыўся выкідыш. Інфармацыю пацвердзілі праваабаронцы. Жанчына ад каментараў адмаўляецца.
«Вельмі многа людзей тэлефануюць, і ніхто гэтага не можа зразумець, бо гэта разумею толькі я. Мне цяпер насамрэч вельмі цяжка, я не хачу зараз ані каментаваць, ані паведамляць. Я ўжо і так зрабіла памылку — і цяпер гэта ўсё ў інтэрнэце і па тэлевізары. Гэта проста нейкі жах. Я і так у шоку, мне і так усяго хапіла, а тут яшчэ і гэта», — перадае словы пацярпелай «Радыё Свабода».
Затрыманні па серадах бацькоў з малалетнімі дзецьмі, гаспадароў з сабакамі выглядаюць проста вясёлым маразматычным фонам для дзеянняў, на якія, відаць, гатовыя пайсці невядомыя таварышы атлетычнага целаскладу, што шчыруюць ля аўтазакаў у дні маўклівых пратэстаў.
Але можна сказаць, што на цяперашні час ад самых ярых сваіх і, галоўнае, гатовых да дзеянняў праціўнікаў рэжым пазбавіўся: маладыя беларусы актыўна шукаюць шляхі ў эміграцыю. І знаходзяць. Зрэшты, такі паварот цалкам задавальняе кіраўніцтва: нацыя без мазгоў і сілы волі надзвычай прыемная ў кіраванні. Аляксандр Лукашэнка нават прапанаваў нязгодным дапамагчы з’ехаць «А калі ў ЕС іх хочуць да сабе забраць — заўтра білет выпішам і адправім, не пытанне. Хай забіраюць, калі яны такія заступнікі за палітвязняў. Заўтра ў адзін вагон пасадзім — я прыму рашэнне — усіх, і нават тых, хто сёння застаўся на волі і рыкаюць на плошчах, яны спецыяльна правакуюць. Усіх, за каго яны рупяцца, заўтра ў вагон — і туды. Калі хутчэй — самалёт выдзелім, перакінуў імгненна, няхай забіраюць», — дзяліўся ідэямі ўрэгулявання ўнутранага сацыяльна-палітычнага канфлікту беларускі лідар.
А.Г. не арыгінальны. Яшчэ Ленін у 1922 годзе пісаў таварышу Дзяржынскаму пад грыфам «асабіста, сакрэтна»: «Усе гэтыя відавочныя контррэвалюцыянеры — памагатыя Антанты, арганізацыя яе слуг і шпіёнаў і разбэшчвальнікаў навучэнскай мола­дзі; амаль усе — законныя кандыдаты на высылку за мяжу. Іх трэба вылоўліваць пастаянна і сістэматычна высылаць». І пагаджаліся «контррэвалюцыянеры» на высылку, бо альтэрнатывай быў расстрэл.
Магчыма, прапанова прымусовай эміграцыі для палітвязняў — гэта новы трэнд у беларускай лібералізацыі. Недзяржаўным газетам «Народная Воля» і «Наша Ніва» пагражалі закрыццём, справы ўжо разглядаў суд і тут — бац! Нечуваная свабода — Мінінфармацыі адклікала іскавыя заявы. Знакі ўвагі для злой Еўропы, адкуль на днях выказвалі занепакоенасць наконт уласнай наіўнасці.
«У час, калі Еўропа захоплена падзеямі ў арабскім свеце, дзе, так бы мовіць, ляцяць галовы дыктатараў, у яе проста пад носам, у суседняй Беларусі, дзяржавай запраўляе паліцэйска-рэпрэсіўны рэжым, — заявіў у сваім выступе на супольным пасяджэнні камітэтаў Еўрасаюза па міжнародных пытаннях і па пытаннях правоў чалавека французскі прафесар права і даследчык сітуацыі ў Беларусі пры АБСЕ Эмануэль Дэко. — Відавочна, нельга дапусціць, каб «арабская вясна» перайшла ў «еўрапейскую зіму». Пры гэтым цяперашні крызіс тычыцца не толькі Беларусі або яе вялікіх суседзяў. Ён ставіць пад сумнеў прынцыпы і абавязанні, якія складаюць сарцавіну нашай Еўропы».
У Беларусі тым часам паціху паўстае пытанне: у каго першага здадуць нервы. Ва ўлады ці цярплівых, запалоханых і поўных злосці мірных людзей- беларусаў, і хто паверне фармат штотыднёвага флэш-моба ў палітычную пратэстную акцыю з палітычнымі патрабаваннямі і вынікамі.