Выпрастацца ў вазку. Беларускія дзяўчаты рыхтуюцца да міжнароднага конкурса прыгажосці (фота)
Сёлета ў верасні ў Санкт-Пецярбургу мусіць адбыцца міжнародны конкурс «Невская Краса — 2021», у якім бяруць удзел дзяўчыны на інвалідных вазках. У гэтым годзе адразу чатыры беларускія вазочніцы будуць змагацца, каб трапіць у фінал спаборніцтва.
На першым этапе конкурсу нашу краіну будуць прадстаўляць Вікторыя Тарасевіч, Яўгенія Сядура, Соф’я Празднова і Ніна Радзілавец.
Для першага этапа адбору дзяўчатам трэба даслаць у аргкамітэт свае фота буйным планам і на вазку, але іншыя этапы будуць больш складанымі. На адным з іх, напрыклад, трэба ўявіць сябе бізнес-вумэн і распрацаваць своеасаблівы бізнес-план.
Але гэта мала турбуе нашых канкурсантак, якія вельмі актыўныя ў штодзённым жыццы. Так, напрыклад, Соф’я займаецца спартыўна-бальнымі танцамі з 7 гадоў, яна пяціразовая чэмпіёнка свету ў класе А ды пераможца ў фрыстайле па танцах!
Адна з удзельніц сёлетняга адбору Вікторыя Тарасевіч у мінулым годзе заснавала дабрачынную арганізацыю «Звязаныя дабром», якая зараз дапамагае ўсім дзяўчатам якасна падрыхтавацца да конкурсу.
Як адзначае дырэктар «Звязаных дабром» Анастасія Карукіна, падрыхтоўка заўсёды патрабуе фінансаў, якіх зусім няшмат, але знаходзяцца добрыя людзі, якія робяць добрыя справы. Так салон «STILISTO» вядомага беларускага стыліста Аляксандра Кірынюка зрабіў святочныя вобразы і настроі канкурсанткам, а фотастудыя «FELOMENA» прадаставіла памяшканні і ўсё неабходнае для фотасэтаў.
Анастасія Карукіна
Мы ведаем, што ў нашай краіне шмат добразычлівых людзей, якія будуць дапамагаць дзяўчатам на іх шляху. І гаворка не толькі пра гэты конкурс. Штодзённа яго ўдзельніцы змагаюцца за тое, каб не быць «лішнімі», каб адчуваць сябе ў супольнасці паўнавартаснымі грамадзянамі, каб, седзячы ў вазку, пачувацца выпрастанымі ва ўвесь рост побач з іншымі. Бо, як трапна адзначыла Анастасія Карукіна, «гэта людзі не з абмежаванымі магчымасцямі, але з падвышанымі патрэбамі».