Выратаваць Шчадрова і яго прытулак!

Год таму Аляксею Шчадрову, які ў вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёна Гродненскай вобласці арганізаваў прытулак для бяздомных грамадзянаў ужо пагражала крымінальная адказнасць  «за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арнанізацыі».



shcadrou.jpg

Аляксей Шчадроў з жыхаром прытулка

Дзякуючы медыям і ўвазе, прыцягнутай да прытулку, сітуацыю тады ўдалося разруліць. Але сёння існаванне прытулка ізноў пад пагрозай. Пра гэта журналістам распавёў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павал Севярынец. Па ідэе, распавядаць пра ўсё павінен быў сам Аляксей Шчадроў. Але на заяўленую з ім прэс-канферэнцыю ў Мінск ён не прыехаў. Па паважнай прычыне: адзін з ягоных «падапечных» цяжка захварэў, і Шчадроў не мог пакінуць яго па-за ўвагай ані на дзень.

Сутнасць сітуацыі зараз у тым, што Шчадрова пагрозамі і ціскам прымусілі здаць рэгістрацыйныя дакументы грамадскага добрачыннага аб’яднання, і зараз прытулак ізноў — недзе па-за законам.

«Чалавек рупіцца пра тое, пра што не рупіцца ні дзяржава, ні грамадства. Ён апякуецца гэтымі людзьмі, мые, лякуе, корміць, чытае з імі Біблію. Усе гэтыя людзі разам, не бадзяюцца па вуліцах.  Улады павінныя яму ўсяляк спрыяць, падтрымліваць гэтае пачынанне і рукі цалаваць за тое, што ён робіць, што ён стварыў гэты дом, які зараз называецца Домам Марыі Міласэрнасці», — ацэньвае папярэднюю сітуацыю Севярынец.

Чаму прытулак пачаў называцца так? Таму што Аляксей Шчадроў — вернік-каталік. «Ён быў у Італіі, і там пазнаёміўся з ордэнам братоў Маці Тэрэзы з Калькуты. Пра справы Маці Тэрэзы ведае кожны, гэтая манашка-албанка дапамагала ў Індыі тым, хто быў адкінуты на ўзбочыну чалавечага жыцця, збірала іх у прытулкі, і такое служэнне з’явілася па ўсім свеце. Папа рымскі Ян Павал ІІ зацвердзіў статут гэтага ордэна, гэтага служэння, і Аляксей Шчадроў у адпаведнасці з гэтым статутам і пачаў такое служэнне ў Беларусі. Дарэчы, у Італіі Шчадрова клічуць «брат Луіджы», — паведаміў Севярынец.

Зараз у прытулку Шчадрова — 10 асобаў. Ва ўсёй весцы Аляксандраўка мясцовыя жыхары да «пацыентаў» былога доктара, канешне, ставяцца з насцярожанасцю, але не да таго, каб выганяць беспрытульных ізноў на вуліцу. Ды й чаму жыхары вёскі павінны ставіцца да жыхароў Дома Марыі Міласэрнасці інакш? Ежу і адзенне ім ахвяруюць браты па веры і проста неабыякавыя людзі. Жыхары прытулку альбо працуюць на падсобнай гаспадарцы, альбо займаюцца хатнімі справамі. І, канешне ж, моляцца. Ніякіх гвалтоўных дзеянняў, п’янства альбо крадзяжу ад іх не заўважана.

«Прытулак не падабаецца, перш за ўсё, мясцовым уладам і Шчучынскай міліцыі. Якраз гэтыя дзве структуры, пры падтрымцы мясцовых уладаў, пачалі гэты прытулак для бяздомных выжываць», — распавёў Севярынец.

Раптоўна, на пачатку лютага гэтага года да Шчадрова прыехалі прадстаўнікі мясцовай улады і міліцыі і загадалі: ён мусіць здаць рэгістрацыйныя дакументы недзяржаўнай арганізацыі. Фармальнай прычэпкай было тое, што нейкія пабудовы прытулку не адпавядаюць санітарным нормам. «Калодзеж там павінен быць за 15 метраў ад гаспадарчых пабудоў, блізка ад дома хлеў, пакой павінен быць большы, бо ў ім жывуць аж пяць чалавек і гэтак далей», — адзначае Севярынец. Прычым, тэрміну для «выпраўлення недахопаў» не было дадзена ўвогуле.

«Сітуацыя проста абсурдная. Рэгістрацыю далі, дзясяткі людзей дапамагаюць прытулку, прывозяць туды харчаванне, рэчы, падказваюць, дзе яшчэ ёсць беспрытульныя, якім патрэбная дапамога, і ў той жа час — улады зачыняюць прытулак, пазбаўляючы яго рэгістрацыі. Прычым, робяць гэта ўзімку, калі былі самыя маразы. Куды гэтых людзей падзець?», — кажа Севярынец.

Ціск быў вялікі, да Шчадрова міліцэйскія і іншыя чыноўнікі прыяжджалі штодня, пагражаючы яму самымі рознымі карамі. У выніку Шчадроў быў вымушаны сабраць дакуманты на рэістрацыю аб’яднання і здаць іх у мясцовы сельсавет. І зараз прытулак зноў — без рэгістрацыі.

Чаму робіцца такі абсурд? Севярынец не разумее. «Чаму ў Мінску разганяюцца акцыі «Ежа замест бомбаў», людзі, якія кормяць беспрытульных? Таксама не разумею. Калі ўлады такім чынам «зачышчаюць» Мінск ад асацыяльных элементаў перад Чэмпіянатам свету па хакеі, то, як той казаў, «такі хакей нам непатрэбны». — кажа Севярынец.

Нават калі б гэьта было так, як мяркуе Севярынец — наадварот, улады павінны былі б усяляк спрыяць Шчадрову. Каб ён у сваю глухую вёску прыняў як мага больш беспрытульных з Мінска. Туды наўрад ці даедуць замежныя экскурсанты і заўзятары хакею. Тым не менш, Дом Марыі Міласэрнасці спрабуюць зачыніць менавіта ў рэгіёне.

Тэма, хутчэй за ўсё, у мясцовых выбарах, хоць Шчадроў у іх і не ўдзельнічае. Хутчэй за ўсё, мясцовыя дэпутаты сельсаветаў не могуць пахваліцца сваёй дзейнасцю і жудасна зайздросцяць Шчадрову, які паспяхова працуе там, дзе працаваць павінны яны. А таму выйсце гэтай зайздрасці адно — «прышчаміць хвост» Шчадрову, каб не быў такі разумны і не псаваў бы імідж улады. А тое раптам хто запытае: «Вось тут Шчадроў дзясяткі чалавек корміць, поіць і абагравае, а што зрабілі вы?». І што адказаць? Каб такіх пытанняў не было, і трэба «ліквідаваць Шчадрова».

Што ж рабіць? Спадзявацца можна толькі на розгалас, ды на саміх сябе. Таму, па словах Севярынца, Шчадроў разам з юрыстамі паспрабуе ў другі раз зарэгістраваць новую дабрачынную ўстанову. «БХД ж абвяшчае збор сродкаў і ахвяраванняў для гэтага прытулку: лекі, адзенне, пасцельная бялізна. Першую партыю такіх рэчаў у прытулак мы ўжо завезлі, ужо ёсць другая партыя. Калі цяжка гэта перадаць напрамую ў вёску Аляксандраўка, тады мы зможам усё гэта завезці», — сказаў Севярынец.

Па-другое, БХД распрацавала зварот да кіраўніцтва Касцёлу, пачынаючы ад Папы рымскана Францішка і заканчваючы дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі Юзафам Станеўскім, з просьбай узяць Дом Марыі Міласэрнасці пад сваю апёку. «Сітуацыя з Касцёлам там незразумелая. Афіцыйна пад сваю апеку Касцёл гэты прытулак не ўзяў, хаця ёсць ксяндзы і пастыры, якія гэтаму прытулку дапамагаюць», — кажа Севярынец.

Да таго ж, прытулак дзейнічае ў поўнай згодзе са словамі Папы рымскага Францішка, які абвясціў пра тое, што дапамога бедным — найгалоўнейшая задача сучаснасці.

«Мы спадзяемся, што гэтая сітуацыя вырашыцца, таму што куды дзець бяздомных людзей пасярод зімы, я, напрыклад, не ведаю», — неяк разгублена сказаў Севярынец.

Застаецца спадзявацца, што кіраўніцтва Касцёлу пачуе БХД, і возьме прытулак Шчадрова пад сваё апякунства. Тады ўжо пытанне з прытулкам будзе вырашана надоўга, калі не канчаткова.