«Yankees, welcome!» Успаміны сучасніка пра візіт Клінтана ў Беларусь

Роўна 30 гадоў таму, 15 студзеня 1994-га, Беларусь наведаў амерыканскі прэзідэнт Біл Клінтан. Той дзень быў адзін з самых незвычайных у гісторыі незалежнай Беларусі.

klinton_v_minske04_logo_1_logo.jpg.webp

Да візіту Клінтана рыхтаваліся вельмі старанна. Дастаткова сказаць, што амерыканец рушыў з аэрапорта ў сталіцу ў суправаджэнні картэжу з матацыклаў. Апошні раз такое было яшчэ ў часы Машэрава, калі БССР наведваў Леанід Брэжнеў.

Прымаліся і беспрэцэдэнтныя меры бяспекі. Так, у вайсковай частцы ва Уруччы, дзе чакалі Біла Клінтана, у вартавых на ўсякі выпадак забралі зброю. Але вайскоўцы былі ўсё роўна задаволеныя — пад прыезд важнага янкі дарожкі ў іх частцы нарэшце ачысцілі ад лёду і снегу. Патрапілі пад зачыстку і двое паляўнічых, якія напярэдадні чамусьці вырашылі папаляваць у Курапатах.


Глядзіце таксама

Як і належыць, напярэдадні візіту ў палітычных колах пачалі цыркуляваць самыя незвычайныя чуткі. Мінскія пікейныя камізэлькі кляліся, што Біл Клінтан вязе дарожную карту ўступлення РБ у NATO, згодна з якой Сінявокая стане чальцом Паўночна-Атлантычнага альянсу да 2000 года. Другая папулярная тэма — Клінтан пасля рандэву з Пазняком прымусіць Шушкевіча і Кебіча распусціць парламент і абвясціць датэрміновыя выбары ў Вярхоўны Савет.

Праект праграмы знаходжання Біла Клінтана ў Мінску, зацверджаны Станіславам Шушкевічам і Вячаславам Кебічам, студзень 1994 года. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Праект праграмы знаходжання Біла Клінтана ў Мінску, зацверджаны Станіславам Шушкевічам і Вячаславам Кебічам, студзень 1994 года. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Нягледзячы на тое, што Клінтан выдаткаваў на сустрэчу з Пазняком не 10 (як планавалася), а цэлых 20 хвілін, ніякіх глабальных палітычных метамарфоз візіт не выклікаў. Але пазітыў усё роўна адчуваўся. Самыя аптымістычныя каментары выклікала сцэна сустрэчы мінчан і прэзідэнта ЗША на плошчы Перамогі. Нехта нават прыцягнуў плакат «Yankees, welcome!». На той час беларусы ўжо неяк і забыліся, што на публічныя акцыі можна выходзіць з усмешкай. 

Тыя, хто здолеў паціснуць руку Клінтану, рэзка ўздымалі свой сацыяльны статус у вачах атачэння. Прынамсі, адзін з студэнтаў гістфаку, які абмяняўся з Білам рукапацісканнем, увечары 15 студзеня быў героем інтэрната на вуліцы Свярдлова. Ён кляўся, што ніколі не будзе мыць руку, якую паціснуў Клінтан, аднак пратрымаўся дзён пяць.

Біл Клінтан падчас сустрэчы з жыхарамі Мінска, студзень 1994 года. Крыніца: https://www.kp.by

Біл Клінтан падчас сустрэчы з жыхарамі Мінска, студзень 1994 года. Крыніца: https://www.kp.by

Зрэшты, не ўсе атрымалі адрэналін ад паходу Клінтана ў масы. Напрыклад, жаўнеры часткі Унутраных Войскаў, якія трымалі перыметр аховы на тратуарах вакол плошчы. Іх прывезлі на кропку яшчэ а 5-й гадзіне раніцы. Паколькі дзень быў вельмі халодны, хутка ў фізічным плане ім стала вельмі не ўтульна. Часткова гэтым можна растлумачыць той факт, што спачатку натоўп ледзь не прарваў ланцуг аховы. Давялося двойчы ўзмацняць ачапленне, каб публіка не аказалася на праспекце.  

Пакуль Клінтан ціснуў мінчанам рукі, каля бюста Дзяржынскага, што насупраць будынку КДБ, буялі жарсці. Тут сумаваў пікет камуністаў, незадаволеных прыездам «мерыкоса». Акцыя перастала быць сумнай, калі гісторык Алег Дзярновіч, які праходзіў міма, іранічна пракаментаваў імпрэзу. Натоўп у адказ накінуўся на гісторыка з крыкам: «Бей агента ЦРУ!». 

Расправа працягвалася, пакуль не прыбыла міліцыя. Яна выцягнула Дзярновіча з эпіцэнтра бойкі. Праўда, толькі для таго, каб даставіць у пастарунак, дзе гісторыку адразу пачалі шыць арганізацыю масавых беспарадкаў. У выніку бакі сышліся на «хуліганцы», але пры гэтым у затрыманага забралі ў якасці штрафу ўсю стыпендыю аспіранта.

На гэты час Клінтан ужо наведаў Курапаты і накіраваўся ў Акадэмію Навук на сустрэчу з прадстаўнікамі грамадства. Тут госцю з-за акіяну давялося сустрэцца з практыкай «чалабітных». Некаторыя з прысутных на сустрэчы не толькі асабіста віталі Біла, аднак і перадавалі яму ў пісьмовай форме нейкія пажаданні. Сведкі кажуць, што прысутны побач Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч быў не ў захапленні ад падобнай працэдуры.  

Станіслаў Шушкевіч, Біл Клінтан і Зянон Пазняк у Курапатах. На пярэднім плане — знакамітая лава Клінтана, студзень 1994 года. Крыніца: https://www.kp.by

Станіслаў Шушкевіч, Біл Клінтан і Зянон Пазняк у Курапатах. На пярэднім плане — знакамітая лава Клінтана, студзень 1994 года. Крыніца: https://www.kp.by

Нарэшце, Клінтаны з’ехалі, прыхапіўшы, у тым ліку, і спецыяльны падарунак — дэкаратыўны саламяны капялюшык. Яго адмыслова для Хілары зрабіла майстрыха Вера Салдатава. Самае вясёлае, што МЗС, якое замовіла Веры Салдатавай капялюшык, так і не заплаціла 30 долараў, абяцаныя ёй за працу.

Акрамя таго, што беларуская ўдала зэканоміла на капялюшыках, яна па выніках візіту разжылася дзвюма дармовымі «тачкамі». Гутарка пра дзве спецыялізаваныя паліцэйскія машыны, якія суправаджалі аўтамабільны картэж амерыканскага гаранта 15 студзеня. Машыны ў выніку вырашылі пакінуць у РБ у якасці падарунка. Іх адправілі ў гараж Саўміна.  

Але на гэтым гісторыя візіту Клінтана ў Мінск не скончылася. Пра яго згадалі ў 1999 годзе на старонках сатырычнай газеты «Навінкі» ў кантэксце скандалу з удзелам Біла Клінтана і Монікі Левінскі. «Навінкі» фантазіравалі на тэму, што першыя сексуальныя кантакты паміж Білам і Монікай адбыліся як раз падчас клінтанаўскага візіту ў Сінявокую. 

3_134_logo.jpg.webp

А ў доказ сенсацыйнай версіі прыводзілася зробленая з дапамогай фоташопу выява. На ёй Клінтан нібыта выступае на трыбуне Вярхоўнага Савету, у той час як унізе з пад трыбуны тырчаць ногі кабеты, якая стаіць на каленях. Трэба сказаць, што такая версія монікгэйта шмат каму з чытачоў «Навінак» спадабалася. 

А калі сур'ёзна, то 15 студзеня стала фінальным акордам эпохі Шушкевіча. Як толькі лайнер Клінтана знік у аблоках, у парламенце працягнулся атака на старшыню ВС. Раней у выпадку пагрозы імпічменту спікера ратавала сітуатыўная падтрымка дэмакратычных фракцый. Аднак на гэты раз дэмакраты ў большасці былі не супраць адстаўкі. Увечары 26 студзеня 1994 года за адкліканне Шушкевіча выступілі 209 дэпутатаў, супраць — толькі 36. Пачалася новая эпоха.