З 1990 года насельніцтва Беларусі скарацілася на 7 адсоткаў
З 1990 года дэмаграфічныя сітуацыі ў краінах Заходняй і Усходняй Еўропы развіваюцца ў процілеглых кірунках.
Да такой высновы прыйшлі даследчыкі з інстытута дэмаграфіі Аўстрыйскай акадэміі навук і Венскага цэнтра Вітгенштэйна. Так, калі на захадзе Еўропы назіраецца прырост насельніцтва, то на ўсходзе і поўдні Еўропы яно, наадварот, скарачаецца.
Асноўнымі прычынамі дэмаграфічных змяненняў, на думку даследчыкаў служаць два фактары: натуральная дынаміка насельніцтва, гэта значыць нараджальнасць і смяротнасць, а таксама міграцыя. У краінах Усходняй і Паўднёвай Еўропы з 1990 па 2017 года назіраецца нізкая нараджальнасць і адток насельніцтва, а ў краінах Заходняй Еўропы — усё наадварот. Пры гэтым лідэрам па агульным паказчыку прыросту насельніцтва стала Ірландыя (36 адсоткаў). Германія — на адным з апошніх месцаў у гэтым рэйтынгу (4 працэнты).
Лідэрамі па агульным паказчыку зніжэння колькасці насельніцтва сталі Латвія (-27%), Літва (-23%) і Боснія-Герцагавіна (-22%). У прыватнасці, апошнюю пакінулі каля 25% жыхароў, а, напрыклад, з Украіны з’ехалі 13% насельніцтва. Пры гэтым з-за перавагі смяротнасці над нараджальнасцю насельніцтва Украіны скарацілася больш чым на 10%, а Беларусі — на 7%. Гэтыя дзве краіны, акрамя таго, апынуліся ў ліку тых, дзе прыросту насельніцтва даследчыкі наогул не зафіксавалі.
Між тым у Расіі моцны прыток мігрантаў з краін былога СССР практычна цалкам кампенсаваў перавагу смяротнасці над нараджальнасцю, адзначаецца ў даследаванні. Так, насельніцтва РФ з 1990 па 2017 год за кошт міграцыі павялічылася прыкладна на 10% і на крыху большую долю скарацілася з-за высокай смяротнасці.
Паводле thinktanks.by