З Украіны дэпартавалі актывіста і сябра Руху «За Свабоду»
Міграцыйная служба Украіны заявіла, што Валянцін Цішко пакінуў краіну добраахвотна.
Пра сітуацыю з Валянцінам Цішко "Рух за св*боду" распавёў у сваіх сацсетках.
Ва Украіну Валянцін пераехаў напрыканцы 2020 года, асцерагаючыся палітычнага пераследу. У Львове ён удзельнічаў у акцыях салідарнасці з беларусамі, а з пачаткам вайны валанцёрыў на вакзале, дапамагаў уцекачам.
Па словах актывіста, заяўку на бежанства ён падаваў 30 снежня 2021 года і паўторна месяцы два таму.
«Былі гутаркі са службай бяспекі, прайшоў паліграф — і цішыня… Ніякіх прасоўванняў у маім пытанні не было, і месяц таму я напісаў ліст у міграцыйную службу, каб даведацца на якой стадыі разгляду знаходзіцца мая справа. Атрымаў фармальную адпіску аб тым, што адказ быў высланы ўжо даўно заказным лістом, але ліст па нейкай прычыне вярнуўся да іх назад. Але афіцыйнае апавяшчэнне з інфармацыяй аб тым, ці далі мне бежанства або адмовілі, так і не атрымаў. А ўчора раніцай да мяне дадому прыехалі людзі з міграцыйнай службы і папрасілі прайсці з імі. На мяне склалі пратакол, што я нелегальна знаходжуся на тэрыторыі Украіны, выпісалі штраф і паставілі штамп аб прымусовым выездзе на працягу 5 дзён. Нагадалі, што калі не аплачу штраф, то будзе забарона ўезду ва Украіну на 3 гады».
З 8 раніцы да 2 дня Валянцін знаходзіўся ў аддзеле міграцыйнай службы. Пасля чаго ўсё ж супрацоўнікі суправадзілі яго дадому за рэчамі. Пасля некалькіх спроб даведацца аб тым, куды з рэчамі хочуць яго накіраваць, яны сказалі, што на мяжу.
Актывіста давезлі да мяжы з Польшчай і пасадзілі ў аўтобус да Любліна. Цяпер ён знаходзіцца ў Кракаве.
Як лічыць сам Валянцін, існуе негалоснае правіла — беларусам не дапамагаць.
«Падчас размовы таксама высветлілася, што ў іх сістэме згадак пра тое, што я падаваўся на бежанства, няма. Гэта значыць, што не першая мая заява, ні другая не былі ўзятыя ў працу. Статус уцекача даць не хочуць, а даць афіцыйную адмову, відаць, баяцца. Прасцей згубіць тваю заяву, а цябе вывезці».
Пасля агалоскі гэтага выпадку міграцыйная служба Украіны паведаміла, што Валянцін пакінуў краіну добраахвотна.
Гэта далёка не першы выпадак, калі беларускія дэмакратычныя актывісты вымушаныя былі пакідаць Украіну, бо не мелі магчымаці там заставацца, або былі наўпрост дэпартаваныя. У тым ліку не мелі магчымасці легальна заставацца ва Украіне нават валанцёры або тыя, хто са зброяй змагаўся на баку Украіны з расійскай агрэсіяй. Так, напрыклад, меў праблемы былы беларускі добраахвотнік з палка Кастуся Каліноўскага Аляксей Лазараў і яго жонка. Аляксей з жонкай былі публічнымі байцамі палка Каліноўскага, вялі свае сацсеткі і распавядалі пра будні абаронцаў Украіны. Яны ўступілі ў полк (тады яшчэ батальён) у самым пачатку вайны, а ў сакавіку ажаніліся ў Кіеве.