За тры першыя месяцы 2021 года статус уцекача ў Польшчы папрасілі 265 грамадзян Беларусі

Беларусы часцей за іншых замежнікаў звяртаюцца за статусам бежанца ў Польшчы. За першыя тры месяцы 2021 года на міжнародную абарону ў Польшчы падалося 720 замежнікаў. Сярод іх — 265 грамадзян Беларусі, 193 чалавекі з Расіі і 61 — з Афганістана.

4lager20201201.jpg

Агулам колькасць замежнікаў, якія падаюцца на статус уцекача ў Польшчы, знізілася на 20 адсоткаў, але колькасць беларусаў, якія просяць аб міжнароднай абароне, расце ўжо не першы месяц, паведамляе «Польскае радыё» са спасылкай на ўпраўленне па справах замежнікаў.

Напрыклад, у 2020-м за статусам бежанца ў Польшчы звярнулася ў дзесяць разоў больш беларусаў, чым у папярэднія гады. Па дадзеных Упраўлення па справах іншаземцаў, у мінулым годзе на статус бежанца падаліся 407 чалавек. Іх колькасць рэзка павялічылася ў жніўні. З верасня кожны месяц за статусам бежанца звярталася каля 80 чалавек.

Як заявіў прадстаўнік упраўлення па справах замежнікаў Якуб Дудзяк, замежніку прадастаўляецца міжнародная абарона, калі ў краіне паходжання яму пагражае пераслед альбо рэальная рызыка страты жыцця або здароўя. Кожная заяўка разглядаецца індывідуальна, рашэнне прымаецца на працягу некалькіх месяцаў.

«У першым квартале гэтага года ўмовы прадастаўлення Польшчай міжнароднай абароны выканалі 186 замежнікаў. Гэта былі ў асноўным грамадзяне Беларусі, Расіі і Турцыі. За той жа перыяд адмоўна разгледжаны хадайніцтвы больш як 300 замежнікаў. У гэтай групе больш за ўсё было грамадзян Расіі», — паведаміў Якуб Дудзяк.

Таксама ён распавёў, што на гэты момант колькасць грамадзян Беларусі, у якіх ёсць сапраўдны від на жыхарства ў Польшчы, перавысіла 30 тысяч чалавек. Права на доўгатэрміновае пражыванне на тэрыторыі Польшчы большасці беларусаў дадзенае ў сувязі з польскім паходжаннем і картай паляка.

У цэлым, па дадзеных статыстычнай службы ЕС, у 2020 годзе за статусам бежанца ў краінах ЕС звярнуліся больш за 1100 чалавек. У асноўным гэта маладыя людзі ад 18 да 34 гадоў.

Паводле TUT.BY.