Польшча назвала хлуснёй заяву ФСБ Расіі аб рыхтаваным замаху на Лукашэнку
Кіраўнік канцылярыі польскага прэзідэнта Анджэя Дуды заявіў, што Польшча не ўдзельнічае ні ў чым падобным, перадае «Радыё Свабода».
Польшча абвергла заявы Федэральнай службы бяспекі Расіі аб датычнасці да падрыхтоўкі замаху на Аляксандра Лукашэнку, піша «БелаПАН».
«Польшча ніколі не ўдзельнічала, не планавала і не плануе ніякіх дзеянняў па падрыхтоўцы замаху на Аляксандра Лукашэнку. Калі хтосьці або Лукашэнка кажа такія рэчы, то ён хлусіць. Польшча не ўдзельнічае ні ў якіх падобных дзеяннях. Прашу гэта пачуць. І ведаць: калі хтосьці гэта Лукашэнку падкідвае, яго падманваюць», — заявіў кіраўнік канцылярыі польскага прэзідэнта Кшыштаф Шчэрскі ў эфіры тэлеканала TVP Info.
Польшча, як і ўсе краіны цэнтральнай і заходняй Еўропы, не прызнае Лукашэнку законна абраным прэзідэнтам Беларусі, урады краін лічаць выбары сфальсіфікаванымі і заклікаюць афіцыйны Мінск выпусціць палітвязняў і спыніць гвалт супраць пратэстоўцаў і зняволеных.
17 красавіка ФСБ Расіі паведаміла, што затрыманыя ў Маскве беларускі палітолаг Аляксандр Фядута і амерыканскі адвакат беларускага паходжання Юрый Зянковіч планавалі ваенны пераварот у Беларусі і фізічную ліквідацыю Лукашэнкі. Сцвярджалася, што ў расійскую сталіцу Зянковіч прыбыў «пасля праведзеных кансультацый у ЗША і Польшчы».
Фядуту і Зянковіча вывезлі ў Беларусь. На іх і на старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, якога затрымалі ў Шклове, завялі крымінальную справу па ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса «Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу цi ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам». Максімальнае пакаранне — 12 гадоў пазбаўлення волі.
Раней абвінавачанні Расіі адпрэчылі ў ЗША, заявіўшы, што ўсё агучанае Масквой абсалютна не адпавядае рэчаіснасці.