Забарона піць ваду ў Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах Мінска знятая

Міністэрства аховы здароўя і Мінгарвыканкам паведамляюць: забароны на выкарыстанне вады ў Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах Мінска знятыя.

download__1__7.jpg

Спецыялісты Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі працягваюць маніторынг якасці і бяспекі пітной вады ў горадзе ў кругласутачным рэжыме.
24 чэрвеня мінчукі з Сухарава, Каменнай Горкі і Паўднёвага Захаду скардзіліся на рэзкі, агідны пах вады з-пад крана. Спачатку «Мінскводаканал» адмоўчваўся і ніяк не каментаваў сітуацыю: у бягучых навінах кампаніі паведамлялася толькі, што праводзяцца планавыя работы.
Крыху пазней і Мінгарвыканкам, і «Мінскводаканал» прызналі: праблема ёсць. Але пры гэтым нібыта ўсе паказчыкі аналізаў, акрамя паху, былі ў норме. У 16:46 і Міністэрства аховы здароўя ў сваім афіцыйным телеграм-канале пракаментавала чуткі аб атручваннях:
 — Інфармацыя пра тое, што ў мінскія бальніцы паступаюць пацярпелыя з апёкамі вачэй і атручваннямі парамі аміяку, не адпавядае рэчаіснасці.
Праз дзве гадзіны Міністэрства аховы здароўя выдала яшчэ адно паведамленне, але ў ім не было сказана, што ваду піць нельга — гэтую інфармацыю дадалі пазней.
У 19:19 Мінгарвыканкам абнавіў інфармацыю і напісаў, што цыстэрны з пітной вадой працуюць ужо ў 25 кропках горада, прычым не толькі ў Фрунзенскім, але і ў Маскоўскім раёне сталіцы.
У 21:29 Мінгарвыканкам паведаміў: «З ачышчальнай станцыі вада ў сістэму паступае ўжо нарматыўнай якасці і без старонніх пахаў. Гэта пацвярджае і санэпідслужба горада, якая праверыла аб'ект. Зараз спецыялісты Мінскводаканала і жыллёвых арганізацый працягваюць прамыванне труб, працаваць будуць і ноччу. Заўтра раніцай, калі вада будзе з пахам, дайце ёй трохі сцячы».
І толькі позна ўвечары 24 чэрвеня на сайце «Мінскводаканала» з'явілася паведамленне:
«УП «Мінскводаканал» інфармуе, што на падставе патрабаванні санітарных службаў выкарыстанне вады для пітных патрэб у Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах забаронена. Пра магчымасць выкарыстання вады для пітных мэтаў будзе паведамлена дадаткова. Выкарыстанне вады для гаспадарча-бытавых патрэб дапускаецца».
Такім чынам, забарона на пітво вады з-пад крана пратрымалася два з паловай дня. І тры з паловай дні вада ў кранах у мінчан была непрыдатная для піцця, хоць афіцыйныя органы замоўчвалі сітуацыю.
the-village.me