Закон пра масавыя мерапрыемствы. Чаго хочуць праваабаронцы?

Праваабаронцы падрыхтавалі свае прапановы адносна законапраекта па дапрацоўцы праекта Закона «Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у некаторыя законы па пытаннях правядзення масавых мерапрыемстваў».

33e50957f8adb1352188b56d7afbba88653a18c0.jpg


Прапановы накіраваныя старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Андрэю Навумовічу.

На пачатку сакавіка прадстаўнікі БХК, «Вясны», Беларусскай асацыяцыі журналістаў, Цэнтра прававой трансфармацыі і «Прававой ініцыятывы» прынялі ўдзел у пашыраным паседжанні працоўнай групы, якая рыхтавала гэты законапраект. Тады яны звярталі ўвагу на тое, што прапанаваныя законатворцамі змены не набліжаюць закон «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» да міжнародных стандартаў у галіне свабоды мірных сходаў і выказвання меркаванняў, паколькі ў ім застаюцца істотныя абмежаванні правоў грамадзянаў Беларусі.

Чаго менавіта дамагаюцца праваабаронцы?

1. Лічыць «іншым масавым мерапрыемствам» такое, у якім бяруць удзел не менш за 100 чалавек пад адкрытым небам.

Паводле закона, «іншае масавае мерапрыемства» — спартовае, культурна-масавае, іншае відовішчнае мерапрыемства, рэлігійнае мерапрыемства, што праводзяцца ў спецыяльна не прызначаных для гэтай мэты месцах пад адкрытым небам.

Існуючая шырокая фармулёўка «іншае масавае мерапрыемства» дазваляе аднесці да масавых мерапрыемстваў любую актыўнасць, якая ініцыююцца грамадзянамі альбо юрыдычнымі асобамі (напрыклад, экскурсіі, сумесная пасадка дрэў). Што, з аднаго боку, абцяжарвае, а часам і робіць немагчымым, рэалізацыю такіх грамадска-карысных ініцыятыў альбо вядзе да парушэння гэткімі ініцыятывамі заканадаўства, зыходзячы з яго фармулёвак.

Праваабаронцы лічаць неабходным выключыць з вызначэння «іншае масавае мерапрыемства» масавыя мерапрыемствы, якія праводзяцца ў памяшканні, а таксама ўвесці мінімальную колькасць удзельнікаў — 100 чалавек, пры прысутнасці якіх мерапрыемства будзе падпадаць пад рэгуляванне закона.

А ў далейшай працы па ўдасканаленні заканадаўства неабходна правесці аналіз і выключыць з закона падзел масавых мерапрыемстваў на розныя віды і даць агульнае вызначэнне мірнаму сходу.

27ba499fe98e7604190e74ad6a5d505cd4f19d9a.jpg


2. Лічыць сходам прысутнасць грамадзянаў у загадзя абумоўленым публічным месцы па-за будынкаў ці іншых месцах, куды няма вольнага доступу, ва ўстаноўлены час, якія сабраліся для калектыўнага абмеркавання пытанняў, што ўяўляюць грамадскі інтарэс.

Дзеючае ў цяперашні час вызначэнне дае магчымасць аднесці да сходу вельмі шырокі пералік сумесных дзеянняў грамадзян, напрыклад, любую на надзённую тэму дыскусію людзей, якія сабраліся ў кагосьці дома, бо ў ёй няма спасылкі на тое, што сход мусіць адбывацца ў публічным месцы.

У той жа час, міжнародныя стандарты ў галіне свабоды сходаў прадугледжваюць правядзенне сходаў менавіта ў публічных месцах. Так, АБСЕ і СЕ ў сваіх кіруючых прынцыпах пад сходам разумеюць наўмысную і часовую прысутнасць групы асобаў у грамадскім месцы з мэтай выказвання агульных інтарэсаў.

3. Не распаўсюджваць парадак арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства на адзіночныя пікеты.

Сам па сабе адзіночны пікет, зыходзячы з этымалогіі слова «адзіночны», не адносіцца да масавых мерапрыемстваў, а яго правядзенне не патрабуе прымянне такіх жа мер, якія неабходныя для іншых відаў мірных сходаў.

Зараз жа, грамадзянін, які хоча выказаць сваё меркаванне па якіх-небудзь грамадска-палітычных падзеях ці пытаннях, якія непасрэдна закранаюць яго інтарэсы, каб правесці адзіночны пікет абавязаны падаць адпаведную заяўку ў мясцовы выканкам за 15 дзён да яго правядзення, заключыць дамовы на аплату расходаў па ўборцы тэрыторыі, ахове грамадскага парадку і медыцынскім забеспячэнні пасля яго правядзення. Акрамя таго, правесці дадзены пікет ён зможа толькі ў вызначыным органам улады месцы, што часцей за ўсё азначае ў далечыні ад мэтавай аўдыторыі.

Больш за тое, правядзенне адзіночных пікетаў без абавязковага паведамлення мясцовых ўладаў з'яўляецца шырока распаўсюджанай практыкай у краінах Еўропы і СНД.

c7rkffyw0aaqmyr.jpg


4. Не абцяжарваць арганізатараў сходаў, мітынгаў, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання аплатай паслугаў па ахове правапарадку, медыцынскаму абслугоўванню і прыборкі тэрыторыі.

Праваабаронцы дапускаюць, што абавязак аплачваць гэтыя паслугі можа быць справядліва ўскладзены на арганізатараў камерцыйных і іншых спартыўных, культурна-відовішчных мерапрыемстваў, але ніяк не на грамадзянаў, якія рэалізуюць сваё канстытуцыйнае права на свабоду выказвання меркавання і на свабоду сходаў.

5. Прызначыць сталымі месцамі для правядзення масавых мерапрыемстваў любыя прыдатныя для рэалізацыі мэтаў мірнага сходу месцы.

Зараз сталыя месцы для правядзення масавых мерапрыемствах могуць быць вызначаныя мясцовым выканаўчым і распарадчым органам. Аднак, як лічаць праваабаронцы, аддаваць такія паўнамоцтвы мясцовым уладам можна толькі ў выпадку, калі ў законе маюцца дакладныя крытэрыі, у якіх месцах можа быць забаронена правядзенне масавых мерапрыемстваў (напрыклад, станцыі метрапалітэна, прыпынкі грамадскага транспарту, небяспечныя ці ахоўваемыя аб’екты і г.д.). Акрамя таго, сэнс свабоды сходаў заключаецца ў тым, што павінен быць адрасат, якому ўдзельнікі масавага мерапрыемства адрасуюць свае патрабаванні.

Таму неабходна вызначыць крытэры месцаў, дзе можа быць забаронена правядзенне масавага мерапрыемства, альбо замацаваць вычарпальны пералік такіх месцаў, а ў Законе паказаць, што мірныя сходы могуць праводзіцца ў любых месцах, не забароненых законам.

6. Уключыць у Закон вызначэнне «адначасовага сходу» і правілы яго правядзення.

Такі выгляд сходаў, як контр-дэманстрацыі зараз наўпрост забаронены ў законе «Аб масавых мерапрыемствах», што пазбаўляе магчымасці грамадзян, не згодных з меркаваннем дэманстрантаў, мірна выказаць сваё стаўленне да тэмы, на якую праводзіцца сход.

Варта прапісаць у Законе, што ў выпадку падачы адразу некалькіх заявак на правядзенне сходаў у адзін і той жа час ўводзіцца прынцып чарговасці: права на правядзенне сходу ў дадзеным месцы атрымлівае той, хто першы звярнуўся з такой заявай, пры ўмове, што арганізатарам іншага сходу вылучаецца альтэрнатыўнае месца, якое іх задавальняе.

У выпадку ж калі арганізатары іншага сходу будуць настойваць на правядзенні мерапрыемства ў гэтым жа месцы і ў той жа час з мэтай правядзення контр-дэманстрацыі, улады павінны прыняць меры да правядзення такога сходу, але пры ўмове яго мірнага характару. Пры гэтым органы аховы правапарадку павінны прыняць неабходныя меры па ахове грамадскага парадку, а таксама саміх дэманстрантаў ад гвалтоўных дзеянняў іх апанентаў.

akc.jpg


7. Уключыць у Закон вызначэнне «спантаннага сходу» і парадак яго арганізацыі.

Спантанныя сходу з'яўляюцца важным элементам здаровай дэмакратыі і азначаюць магчымасць грамадзянаў неадкладна (спантанна) рэагаваць на тыя ці іншыя падзеі, калі падача звычайнай заявы аб правядзенні сходу з'яўляецца немагчымай з практычнага пункту гледжання.

8. Выключыць са сферы дзеяння Закона правядзенне ўстаноўчых сходаў.

У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь для стварэння палітычнай партыі, іншага грамадскага аб'яднання неабходна правесці ўстаноўчае мерапрыемства. З пункту гледжання фармулёвак закона правядзенне такога ўстаноўчага мерапрыемства падпадае пад яго дзеянне і патрабуе атрымання дазволу. Таму бачыцца неабходным выключыць правядзенне устаноўчых мерапрыемстваў з сферы дзеяння Закона «Аб масавых мерапрыемствах», а таксама мерапрыемствы, якія праводзяцца зарэгістраванымі арганізацыямі ў адпаведнасці з заканадаўствам і іх статутамі.

9. Даць магчымасць асвятляць мірныя сходы пазаштатным карэспандэнтам СМІ.

Паводле закона «Аб СМІ» журналістам прызнаецца не толькі асоба, якая ўключана ў штат якога-небудзь СМІ, але і асоба, якая супрацоўнічае са СМІ на падставе грамадзянска-правовой дамовы (пазаштатны карэспандэнт).

10. Адмяніць адміністрацыйную адказнасць за інфармаванне грамадскасці пра правядзенне масавых мерапрыемстваў або за заклікі да ўдзелу ў іх.

Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасцi дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным i мiжнародным жыццi, стане навакольнага асяроддзя. Карыстанне інфармацыяй можа быць абмежавана заканадаўствам у мэтах абароны гонару, годнасці, асабістага і сямейнага жыцця грамадзян і поўнага ажыццяўлення імі сваіх правоў.

Сам факт інфармавання грамадскасці аб правядзенні масавых мерапрыемстваў або заклікі да ўдзелу ў іх не парушае чые-небудь правы і законныя інтарэсы і, адпаведна, прыцягненне за гэта да адказнасці не падпадае ні пад адну з падстаў абмежавання права на атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне інфармацыі, якія дапускаюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

Праваабаронцы мяркуюць, што існуючы закон «Аб масавых мерапрыемствах» утрымлівае празмерную рэгламентацыю працэдураў рэалізацыі права на мірныя сходы і фактычна стварае магчымасць прымянення адвольных абмежаванняў дадзенага права, а прапануемыя імі змены і дапаўненні з’яўляюцца толькі прамежкавым крокам на шляху ўдасканалення заканадаўства аб мірных сходах. Яны спадзяюцца, што ў будучым будзе прыняты новы закон, накіраваны на паўнавартасную рэалізацыю канстытуцыйнага права грамадзянаў на свабоду сходах.

Паводле spring96.org