Закон аб альтэрнатыўнай службе — дрэнны закон. Але ён ёсць, і гэта добра
Тэрмін альтэрнатыўнай службы ў два разы даўжэй за звычайную і маладыя людзі, якія праходзяць ваенную службу і перагледзелі свае погляды, не маюць права перавесціся на альтэрнатыўную
Упершыню ў Беларусі быў прыняты закон «Аб альтэрнатыўнай службе», які дазваляе маладым людзям працаваць у сацыяльнай сферы замест праходжання абавязковай вайсковай службы, аднак паводле гэтага закону, які ўступае ў моц 1 ліпеня 2016 года, аб праходжанні такой службы могуць прасіць толькі тыя прызыўнікі, каму гэтага не дазваляе рабіць рэлігія, людзі ж з пацыфісцкімі поглядамі іншай прыроды такой магчымасці пазбаўленыя.
Праваабарончыя арганізацыі і Сведкі Еговы, якія адмаўляюцца праходзіць ваенную службу, станоўча ўспрынялі прыняцце закона «Аб альтэрнатыўнай службе». Праваабаронцы падкрэсліваюць, што працягнуць працу па прывядзенні закона ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі, распаўсюдзіўшы яго на людзей, якія не жадаюць праходзіць ваенную службу з нерэлігійных меркаванняў і скараціўшы тэрмін альтэрнатыўнай службы.
Таксама яны адзначылі, што сама фармулёўка адмовы «з рэлігійных меркаванняў» з’яўляецца туманнай, з-за чаго маладыя людзі з суполак, якія не выказваюць відавочных пацыфісцкіх настрояў, могуць быць таксама не дапушчаныя да праходжання альтэрнатыўнай службы.
«Дадзены закон зможа дапамагчы 40-50 маладым людзям у год — і гэта ўжо прагрэс, — паведаміў Яўген Асіеўскі, каардынатар групы «За альтэрнатыўную грамадзянскую службу», прадстаўнікам “Форум 18”. — Але гэта не вырашае ўсіх праблем».
Прадстаўнік Міністэрства абароны адмовіўся патлумачыць, якім чынам ваенныя чыноўнікі, уключаючы членаў прызыўных камісій будуць разглядаць заявы жадаючых праходзіць альтэрнатыўную службу. «Закон быў падрыхтаваны Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, а не намі», — заявіў ён.
Дэспатычная дзеючая сістэма
У цяперашні час маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў праходзяць тэрміновую ваенную службу (12 месяцаў таму, хто мае вышэйшую адукацыю, 18 — без такой). Ад тэрміновай ваеннай службы вызваляюцца толькі па стане здароўя або па сямейных абставінах.
Аж да цяперашняга моманту прызыўнік, які патрабуе захавання яго канстытуцыйнага права на альтэрнатыўную службу, можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці па Арт. 435, ч.1 “Ухіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу” КК РБ, які прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу або пазбаўлення волі тэрмінам да 2 гадоў.
Новы закон «Аб альтэрнатыўнай службе» заменіць існуючую жорсткую сістэму. З гэтага часу асобы, па рэлігійных меркаваннях не жадаючыя даваць ваенную прысягу альбо браць зброю зброю ў рукі, адпраўляюцца на працы ў чыгуначныя войскі або іншыя небаявыя працы. Тыя ж, хто адмаўляюцца служыць ва ўзброеных сілах у любым выглядзе, альбо вызваляюцца ад службы цалкам, альбо заключаюцца пад варту.
Сведка Еговы Дзмітрый Смык быў аштрафаваны па арт. 435, ч.1, але ў наступным годзе быў апраўданы. Месіянскі юдэй Іван Міхайлаў быў асуджаны на 2 месяцы турмы па тым жа артыкуле ў 2010 годзе і амаль цалкам адбыў пакаранне перш чым быць апраўданым. У 2010 годзе пацыфіст Яўген Якавенка быў асуджаны на 1 год пазбаўлення волі, аднак трапіў пад амністыю. Пазнейшыя справы ўжо не даходзілі да суда, аднак пацыфіст Андрэй Чарнавусаў быў гвалтоўна адпраўлены ў псіхіятрычную лякарню на 5 дзён у 2012 годзе, каб вызначыць, ці з’яўляюцца яго перакананні адпаведнымі «нормам псіхічнага здароўя».
Маладым людзям таксама адмаўляецца ў праве на свабоду веравызнання пры прызыве. Актывіст «Маладога Фронту» Павел Сяргей, чыё супрацьстаянне рэжыму і воінскай службе матываванае хрысціянскай верай, быў гвалтоўна прызваны ў лістападзе 2012 года. Падчас праходжання вайсковай службы яму забаранялася наведваць царкву.
Сведкі Еговы сцвярджаюць, што з 2012 года іх моладзь не падвяргалася пераследам. «Штогод мы выдаем дзясяткі сведчанняў, якія сцвярджаюць, што асобы, якім яны выдадзены, з’яўляюцца сябрамі нашай абшчыны. У цяперашні час падобныя сведчанні прымаюцца без усякіх праблем».
Міжнародныя абавязацельствы па выкананні правоў чалавека
Права на адмову ад праходжання ваеннай службы з’яўляецца часткай правы кожнага (незалежна ад рэлігійных перакананняў) на свабоду думкі, сумлення і веравызнання, гарантаванага артыкулам 18 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП). Беларусь ратыфікавала МПГПП ў 1976 годзе. Але да цяперашняга моманту ў Беларусі, як і ў Азербайджане, Турцыі і Нагорным Карабаху, асобы, якія свядома адмаўляюцца ад праходжання вайсковай службы, падвяргаліся турэмнаму зняволенню. Аднак у адрозненне ад грамадзян Азербайджана і Турцыі, якія з’яўляюцца членамі Рады Еўропы, грамадзяне Беларусі не маглі аспрэчыць падобныя пакаранні ў Еўрапейскім Судзе па правах чалавека (ЕСПЧ) у Страсбургу.
Папярэднія затрымкі ў прыняцці закона
Новы закон «Аб альтэрнатыўнай службе» абмяркоўваўся на працягу многіх гадоў. Спробы яго прыняцця ў 1992 і 2004 гадах праваліліся. Законапраект, які трапіў на абмеркаванне ў Парламент у снежні 2013 года, быў амаль адразу ж зняты з абмеркавання.
Новы закон «Аб альтэрнатыўнай службе»
Новы закон і адпаведныя папраўкі ў іншых законах былі распрацаваны Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, былі накіраваны ў Парламент у лютым 2014 года і прыняты ім 13 мая 2015 года.
Канстытуцыйны Суд пастанавіў, што закон не супярэчыць Канстытуцыі. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падпісаў іх 4 чэрвеня 2015 года. У моц законы ўступаюць 1 ліпеня 2016 года.
— Грамадзянская служба
У новым законе дакладна пазначана, што альтэрнатыўная служба будзе праходзіць пад кантролем Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Артыкул 1 сцвярджае, што альтэрнатыўная служба «не звязаная са службай ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь або іншых ваенных утварэннях Рэспублікі Беларусь».
Артыкул 4 вызначае галіны, у якіх будуць занятыя асобы, якія праходзяць альтэрнатыўную службу, а менавіта ахова здароўя, сацыяльная служба, сельская гаспадарка, дарожнае будаўніцтва і абслугоўванне чыгунак. Артыкул 5 дазваляе выкарыстанне асоб, якія праходзяць альтэрнатыўную службу ў ліквідацыі «прыродных і тэхнагенных надзвычайных сітуацый».
Праваабаронцы і рэлігійныя абшчыны падтрымалі грамадзянскі характар работ і кантроль за іх правядзеннем.
— Павялічаны тэрмін альтэрнатыўнай службы ў якасці штрафу
Артыкул 19 новага закона ўсталёўвае тэрмін праходжання альтэрнатыўнай вайсковай службы 24 месяцы для асоб з вышэйшай адукацыяй і 36 месяцаў — для асоб без такой. Закон не ўтрымлівае тлумачэнні таму, што тэрмін альтэрнатыўнай службы ў 2 разы большы за тэрмін службы ва ўзброеных сілах.
Сведкі Еговы паведамілі “Форум 18”, што не лічаць падобную розніцу ў тэрмінах «добрай», але адзначылі, што іх моладзь «пагодзіцца на такое», падкрэсліўшы, што на ваенную службу заклікаюць усіх маладых людзей. «Мы законапаслухмяныя людзі», — кажуць яны. «Наша моладзь будзе толькі рада прынесці карысць грамадству».
— Разглядаюцца адмовы толькі па рэлігійных прычынах
Артыкул 3 новага закона ўдакладняе, што праходзіць альтэрнатыўную службу могуць толькі тыя, хто «заявілі аб тым, што прымаць ваенную прысягу, насіць або выкарыстоўваць зброю, а таксама прымаць непасрэдны ўдзел у вытворчасці і абслугоўванні зброі, боепрыпасаў і ваеннага рыштунку ім не дазваляюць рэлігійныя перакананні».
Праваабаронцы настойваюць на тым, што доступ да альтэрнатыўнай службе павінен прадастаўляцца не толькі на падставе рэлігійных супярэчнасцяў. «Мы лічым, што магчымасць прайсці альтэрнатыўную службу павінна быць прадастаўлена ўсім жадаючым», — паведаміў Асіеўскі “Форум 18”.
Алена Танкачова з «Lawtrend — Цэнтр прававой інфармацыі» (якую вымусілі пакінуць краіну) адзначыла, што паводле новага закона толькі маладыя людзі з «пэўнымі рэлігійнымі перакананнямі» маюць магчымасць праходзіць альтэрнатыўную службу. «Гэта наўпрост супярэчыць сусветнай практыцы, паводле якой грамадзянін мусіць заявіць, што ён прытрымліваецца гуманістычных поглядаў, якія не дазваляюць яму браць зброю ў рукі», — паведаміла яна навін агенцтву «ЕўраБеларусь» 14 траўня.
27 траўня Канстытуцыйны суд ажыццявіў спробу даць тлумачэнне таго факту, што патрабаваць праходжання альтэрнатыўнай службы можна будзе толькі з рэлігійных перакананняў (гл. Ніжэй).
— Ці будуць разглядацца ўсе патрабаванні па прычыне рэлігійных перакананняў?
У новым законе не ўдакладняецца, ці павінен прызыўнік належаць да пэўнай рэлігійнай суполцы, вядомай пацыфісцкімі перакананнямі, або на альтэрнатыўную службу будуць браць усіх асоб, якія не жадаюць праходзіць вайсковую службу з рэлігійных перакананняў.
Згодна Арт. 16, прызыўныя камісіі і прызыўнікі маюць права запрашаць на пасяджэнні камісіі прадстаўнікоў рэлігійных суполак і іншых арганізацый «для тлумачэння прычыны патрабаванні аб праходжанні альтэрнатыўнай службы». Застаецца незразумелым, што адбудзецца ў тым выпадку, калі прадстаўнік духавенства той рэлігіі, да якой прылічае сябе прызыўнік, заявіць, што дадзеная рэлігія не падтрымлівае адмову ад праходжання ваеннай службы.
Асіеўскі адзначае, што незразумела, як заканадаўства прапануе вырашаць падобныя супярэчнасці. «Падобна, што новы закон распрацоўваўся ў разліку на Сведак Еговы і пратэстантаў, якія маюць моцныя традыцыі пацыфізму. Можна ўявіць, што каталіцкі святар выступіць у падтрымку маладых каталікоў, якія не жадаюць праходзіць вайсковую службу, але нельга сказаць такога аб духавенстве праваслаўным».
А. Сяргей Лепін, кіраўнік Сінадальнага інфармацыйнага аддзела БПЦ пацвердзіў той факт, што праваслаўнае багаслоўе не выключае магчымасць выкарыстання чалавекам зброі для абароны сябе або іншых людзей. «Больш за тое, радыкальны пацыфізм разглядаецца праваслаўным багаслоўем як несумяшчальны з Пісаннем, г.зн. як ерась», — паведаміў ён.
«Таму, — дадаў а. Лепін, — спробы выкарыстоўваць праваслаўнае вучэнне як падставу для адмовы ад вайсковай службы раўнацэнна выкарыстанню Бібліі ў якасці падставы для нявыплаты падаткаў. Я не кажу, што чыннікаў не служыць у войску не існуе наогул. Я толькі кажу пра тое, што праваслаўе не з’яўляецца такой прычынай».
Кс. Юрый Санько, прадстаўнік Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў, наадварот заяўляе, што каталіцкі святар, выкліканы ў прызыўную камісію, «вядома ж» акажа падтрымку маладым каталікам. «Наш юрыст якраз займаецца разборам новага закона», — паведаміў ён.
Сведкі Еговы сцвярджаюць, што не бачаць ніякіх магчымых цяжкасцяў, адзначаючы, што прызыўныя камісіі ўжо зараз прымаюць у разгляд выдаваемыя імі пасведчанні ў падтрымку асоб, якія не маюць магчымасці праходзіць вайсковую службу.
— Пануючае становішча вайскоўцаў у прызыўных камісіях
Асіеўскі выказаў сваю заклапочанасць з нагоды складу прызыўных камісій, якія як правіла засядаюць у будынку мясцовага ваеннага камісарыята і адзначыў, што хоць старшынёй камісіі з’яўляецца намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта, другім чальцом камісіі з’яўляецца прадстаўнік ваенкамата, а трэцім — лекар.
«Прадстаўнікі выканкамаў звычайна падтрымліваюць рашэнні ваенкаматаў, — паведаміў Асіеўскі “Форум 18”. — Хацелася б, каб гэтыя камісіі былі цалкам незалежныя ад ваенных структур».
Прадстаўнік Міністэрства абароны настойваў у інтэрв’ю “Форум 18” на тым, што прызыўныя камісіі кантралююцца мясцовымі выканкамамі, а не ваенкаматамі.
— Аспрэчванне адмоваў
Асобы, незадаволеныя рашэннем прызыўной камісіі (такім, напрыклад, як адмова ў прадастаўленні альтэрнатыўнай службы), могуць падаць апеляцыю ў раённую прызыўную камісію або ў суд, гаворыцца ў Артыкуле 17 новага закона.
— Нельга перадумаць падчас нясення вайсковай службы
Новы закон не дазваляе маладым людзям, якія праходзяць тэрміновую службу або службу ў рэзерве, змяніць свой рашэнне. Артыкул 15 устанаўлівае тэрмін падачы заяў на праходжанне альтэрнатыўнай службы не пазней чым за 10 дзён да заканчэння прызыўной кампаніі.
У законе не прадугледжаны механізм пераводу на альтэрнатыўную службу ў выпадку, калі прызыўнік перагледзеў свае погляды.
«Мы не можам узгадаць выпадкаў, калі маладыя людзі мянялі сваё рашэнне падчас праходжання службы», — паведамілі Сведкі Еговы «Форум 18″.
Асіеўскі таксама сцвярджае, што не ведае ні аднаго выпадку, у якім маладыя людзі публічна выказалі жаданне спыніць службу ў узброеных сілах з меркаванняў сумлення. «Гэта было б бескарысна, — сцвярджае ён. — Пасля вымаўлення прысягі прызыўнікі не могуць перадумаць. Пасля ваенную службу можна пакінуць толькі па стане здароўя».
Прадстаўнік Міністэрства абароны паклаў трубку яшчэ да таго, як прадстаўнікі “Форум 18” змаглі спытаць у яго, ці мелі месца падобныя выпадкі.
— Паслужны спіс пасля тэрміновай службы
У Артыкуле 30 гаворыцца пра тое, што асобы, якія прайшлі альтэрнатыўную службу, будуць занесены ў рэестр ваеннага рэзерву. Таксама ім выдаецца пасведчанне аб праходжанні альтэрнатыўнай службы.
Сведкі Еговы сцвярджаюць, што іх не турбуе тое, што іх моладзь будзе лічыцца ў падобных спісах. Падобным чынам рэагуе Асіеўскі.
У некаторых краінах асобы, якія не прайшлі ваенную службу, падвяргаюцца афіцыйнай ці грамадскай дыскрымінацыі, аднак прадстаўнікі праваабарончых арганізацый і рэлігійных суполак паведамілі “Форум 18”, што такая сітуацыя наўрад ці магчымая ў Беларусі.
Канстытуцыйны суд вынес рашэнне не на карысць «нерэлігійных» пацыфістаў
Пры вынясенні рашэння аб законнасці закона «Аб альтэрнатыўнай воінскай службе», Канстытуцыйны суд звярнуўся да Артыкула 57 Канстытуцыі: «Абарона Рэспублiкi Беларусь — абавязак і свяшчэнны доўг грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Парадак праходжання вайсковай службы, падставы і ўмовы вызвалення ад вайсковай службы цi замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам». Канстытуцыйны суд разглядае новы закон як інструмент для закрыцця «праломаў» ў заканадаўстве.
Канстытуцыйны суд таксама заявіў 27 траўня 2015 года, што Беларусь выконвае ўсе пагадненні па забеспячэнні правоў і абавязкаў чалавека, у прыватнасці, Дэкларацыю правоў чалавека і МПГПП, аднак спрабуе даказаць, што распаўсюджванне новага закона толькі на вернікаў не з’яўляецца парушэннем вышэйназваных нарматыўна-прававых актаў.
Прадстаўнікі Канстытуцыйнага суда, заяўляюць, што прызыўніку трэба даказаць не толькі фармальную прыналежнасць да якой-небудзь рэлігійнай групы, а глыбіню сваіх рэлігійных пачуццяў. Таксама ў якасці важкай прычыны не разглядаюцца пацыфісцкія перакананні прызыўніка. У якасці прыкладу прыводзіцца рашэнне ЕСПЧ ад 2011 па справе армянскага Сведку Еговы Вагана Баяцяна. ЕСПЧ пастанавіў, што адмова даць Баяцяну магчымасць праходжання альтэрнатыўнай службы і пакаранне за адмову служыць у войску парушаюць яго правы, названыя ў Артыкуле 9 Еўрапейскай канвенцыі па абароне правоў чалавека і неад’емных свабодаў. Пасля вынясення рашэння ЕСПЧ у Арменіі была ўведзена альтэрнатыўная вайсковая служба. Прадстаўнікі Канстытуцыйнага суда сцвярджаюць, што ў дадзенай справе ў разлік прымаліся менавіта моцныя рэлігійныя перакананні Баяцяна. У Канстытуцыйным судзе не патлумачылі, чаму пацыфісцкія перакананні свецкага характару не з’яўляюцца дастаткова «глыбокімі».
Патрабаванні аб прывядзенні новага закона ў адпаведнасць з міжнародным заканадаўствам
У траўні-чэрвені 2015 падчас прыняцця новага закона, некаторыя прадстаўнікі праваабарончых арганізацый далі сваю ацэнку падзеям. Так, Танкачова з арганізацыі «Lawtrend» вітала прагрэс у гэтай сферы пасля 21 года, «на працягу якіх беларускія грамадзяне былі пазбаўлены прамога канстытуцыйнага права на праходжаньне альтэрнатыўнай службы». У сваім інтэрв’ю агенцтву «ЕўраБеларусь», яна заявіла, што «нягледзячы на супрацьстаянне ўладных структур і інстытутаў і дзякуючы ініцыятыве грамадзянскіх арганізацый», закон усё ж такі быў прыняты.
Танкачова адзначыла, што грамадзянская супольнасць павінна прасоўваць прыняцце новых паправак да закона «Аб альтэрнатыўнай службе», з мэтай яго «гуманізацыі» і прывядзення ў адпаведнасць з нормамі міжнароднага права. Паводле яе слоў, гэта можа заняць яшчэ 5-7 гадоў.
Асіеўскі з групы «За альтэрнатыўную грамадзянскую службу» таксама акцэнтуе ўвагу на неабходнасці дапрацоўкі закона. «Ну што ж, Закон быў прыняты, — паведамляе ён на сваёй старонцы Вконтакте 11 чэрвеня. — Столькі гадоў працы вылілася… у Закон. Дрэнны закон. Але ён існуе і гэта ўжо добра». Асіеўскі нагадвае аб неабходнасці ўнясення паправак у новы закон. «Хоць гэта будзе цяжка, улічваючы адсутнасць дэмакратычна настроеных заканадаўцаў ў Парламенце», — паведаміў ён “Форум 18”.
Фелікс Корлі, Forum18, пераклад КРЫНІЦА.INFO