Занадта шмат еўрапейскіх мужчын паміраюць маладымі
Сусветная Арганізацыя Аховы Здароўя (WHO) прадставіла першы ў сваёй гісторыі даклад аб стане здароўя і жыцця мужчын у 53 краінах еўрапейскага рэгіёна. Высветлілася, што, вельмі шмат мужчын памірае маладымі праз прычыны, якія можна было б прадухіліць і якія часта не ёсць выключна біялагічнымі.
У дакладзе пералічваецца шэраг адметных фактаў:
- Каля 86% мужчынскіх смерцяў здараюцца праз незаразныя хваробы і траўмы (да незаразных хвароб залічваюцца сардэчна-сасудзістыя захворванні, рак, дыябет)
- Ва Усходняй Еўропе 37% смерцяў ад незаразных захворванняў адбываюцца да 60 гадоў (для Заходняй Еўропы гэты паказчык утрая меншы)
- У некаторых краінах Усходняй Еўропы рызыка заўчасна памерці праз сардэчныя захворванні ў сем разоў вышэйшая, чым у заходняй частцы рэгіёну
- Тры чвэрці загінуўшых у дарожна-транспартных здарэннях маладзейшыя за 25 год
- Паленне тытуню забрала 1 мільён мужчынскіх жыццяў у рэгіёне за адзін толькі 2016 год. Гэта галоўная пагроза здароўю мужчын у Заходняй і Цэнтральнай Еўропе.
- Для Усходняй Еўропы галоўны фактар рызыкі – алкаголь і наркотыкі.
- Для Цэнтральнай Азіі – нездаровае харчаванне
Даследчыкі адзначаюць, што мужчыны пакутуюць у тым ліку праз традыцыю ігнараваць медычныя абследванні, у тым ліку не звяртаць увагі на ментальныя праблемы. Так, колькасць суіцыдаў сярод мужчын ва ўзросце між 30 і 49 гадамі ў пяць разоў перавышае аналагічны жаночы паказнік.
У дакладзе асабліва падкрэсліваецца, што на павелічэнне працягласці жыцця ўплываюць сацыяльныя фактары – такія як агульны дабрабыт, узровень адукацыі, магчымасць рабіць пенсійныя і агульныя назапашванні, схільнасць грамадства да адчужэньня і дыскрымінацыі.
Агулам сцвярджаецца, што найлепшых вынікаў у падаўжэнні жыцця мужчын дасягнулі грамадствы, у якіх вялікая ўвага надаецца пытанням гендэрнай роўнасці.