Жанна Літвіна: Журналісцкай супольнасці добра было б мець лабістаў у парламенце

Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік на пачатку снежня распавёў журналісту “Еўрарадыё, што ЦВК прапануе пашырыць спіс суб’ектаў, якія змогуць браць удзел у выбарах. У прыватнасці за кошта грамадскіх аб'яднанняў, як праўладных так і апазіцыйных. Ці прываблівае такая перспректыва журналісцкую арганізацыю? Пра гэта прэс-служба ГА “БАЖ спытала ў старшыні арганізацыі Жанны Літвіной.



litvina_7_.jpg

Калі адпаведныя змены ў выбарчае заканадаўства ўнясуць, ці зацікавіцца БАЖ “палітычнымі перспектывамі?

Ж. Літвіна: ГА “БАЖ — прафесійная арганізацыя са сваёй спецыфікай, але ўсё адно яе неабходна разглядаць як частку грамадзянскай супольнасці. І цягам апошніх амаль 20-і гадоў мы назіраем, што грамадзянская супольнасць абсалютна адрэзаная ад магчымасці хоць неяк уплываць на палітычныя рашэнні, яна знаходзіцца па-за гэтай сістэмай. І таму проста магчымасць вылучаць сваіх кандыдатаў наўрад ці прынцыпова вырашыць праблему дэмакратычнасці ўлады.

Па-другое, кожная сацыяльная групоўка зацікаўленая ў тым, каб у заканадаўчай уладзе былі выразнікі яе інтарэсаў. Безумоўна, журналісцкай супольнасці было б добра мець сваіх лабістаў у парламенце – каб там былі людзі, якія прыслухоўваюцца да меркавання журналістаў, спрыяюць прывядзенню заканадаўства ў адпаведнасць з міжнародным нормамі і гэтак далей.

Але, каб гэта стала рэчаіснасцю, неабходна сур’ёзнае рэфармаванне нашага выбарчага заканадаўства, Выбарчага кодэкса, а таксама глабальныя змены ў самім грамадстве.

Таму феерверку радасці ад магчымасці, пра якую кажа спадар Лазавік, у мяне пакуль няма. Як мне бачыцца, гэта справа не заўтрашняга дня.

А калі заўтра, да прыкладу, прапанову ЦВК ўнясуць у Выбарчы кодэкс, а паслязаўтра да вас падыходзіць хтосьці з сябраў БАЖ і кажа: “Я хачу паўдзельнічаць у якасці кандыдата ад нашай арганізацыі на бліжэйшых парламенцкіх выбарах, падтрымайце мяне! Што вы на гэта адкажаце?

Ж. Літвіна: Найперш я запытаюся — ці вызначыў мой калега тую мяжу, дзе заканчваецца журналістыка і пачынаецца палітыка? Ты — альбо журналіст, альбо палітык. Прыход у парламент для мяне асабіста азначае, што неабходна з галавой сысці ў палітычную сферу. І для таго, каб не было блытаніны, я — за прынцыповы падзел функцый. Таму не важна, хто там спрыяе рэгістрацыі  таго ці іншага кандыдата ў дэпутаты — БАЖ ці працоўны калектыў пэўнага СМІ. Галоўнае, які выбар сам журналіст зрабіў для сябе.

Але ў любым выпадку такі палітык-пачатковец ад вас не пачуе – маўляў, калі збіраешся сыходзіць з журналістыкі ў палітыку, то ты больш не журналіст і табе не месца ў нашай арганізацыі?

Ж.Літвіна: У Статуце ГА "БАЖ" запісана, што сябрам нашай арганізацыі можа быць як чалавек, які непасрэдна займаецца прафесійнай журналісцкай дзейнасцю, так і асоба, якая спрыяе развіццю журналістыкі ў краіне. А калі наш калега патрапіць у парламент і ўвойдзе ў склад профільнай камісіі, якая будзе займацца праблемамі СМІ, то і падставаў выключаць такога “былога журналіста з арганізацыі не ўзнікне.

Вы хацелі б падрыхтаваць “свайго прэтэндэнта на кандыдаты ў дэпутаты?

Ж.Літвіна: У БАЖы шмат прафесійных экспертаў у медыясферы, таму мне падаецца, што патрэбы ў спецыяльнай падрыхтоўцы не будзе.

Паводле Прэс-службы ГА "Беларускай асацыяцыі журналістаў"