МУС лічыць, што журналістаў у Смалявічах затрымалі абгрунтавана
ГА “БАЖ атрымала адказ на свой запыт міністру ўнутраных спраў. Як вынікае з паслання, па звароце журналісцкай арганізацыі Упраўленне ўнутраных спраў Мінаблвыканкама правяло праверку, “па выніках якой скарга на дзеянні супрацоўнікаў Смалявіцкага РАУС не знайшла свайго пацверджання.
Паводле ліста, журналістаў затрымалі з-за таго, што яны “мелі пры сабе буйнагабарытныя рэчы і адмовіліся прадставіць іх для дагляду".
Адказ падпісаў 28 студзеня намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Упраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама Віталь Казлоў.
Адметна, што ліст са Смалявіцкага РАУС, які атрымала адна з затрыманых, журналистка "Новага Часа" Лола Бурыева, не зусім стасуецца з адказам МУС.
Супрацоўнікі раённага аддзелу прыносяць прабачэнні за нязручнасці і пішуць, што з начальнікам аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі, які кіраваў затрыманнем, праведзена "індывідуальна-прафілактычная гутарка пра ветлівае і тактоўнае абыходжанне з грамадзянамі".
Нагадаем, што 24 снежня 2012 года супрацоўнікі Смалявіцкага РАУС на чале з начальнікам аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі А. М. Мартысюкомзатрымалі сябраў ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Лолу Бурыеву, Вячаслава Пяшко, Сяргея Кручкова, Мікалая Петрушэнку і Сяргея Вазняка.
Журналісты збіраліся асвятляць сустрэчу дэпутата Ягора Лебядка з выбаршчыкамі ў мясцовым Доме культуры, але так на яе і не трапілі. Усіх іх адпусцілі ў той жа дзень, але паводзіны міліцыянтаў і характар пытанняў, якія задавалі нашым калегам, выходзілі далёка за межы “высвятлення асобаў. Журналісты вырашылі не пакідаць гэтага інцыдэнту без працягу.
Пры канцы снежня ГА “БАЖ" напісала афіцыйныя лісты дэпутату Лебядку і міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу з заклікам разабрацца ў сітуацыі з затрыманнем калег.