Суд над клімавіцкімі праваахоўнікамі адбудзецца ў лютым

Згодна неафіцыйнай інфармацыі, судовы працэс над супрацоўнікамі праваахоўных органаў Клімавіцкага раёна, затрыманых за вымаганне хабару ў памеры 500 тысяч долараў ЗША ў прадпрымальніка ў студзені 2012 года, пачнецца ў лютым 2013-га.    



milicyja_sheragi1.jpg

Па словах супрацоўнікаў клімавіцкай міліцыі, крымінальная справа ўжо накіраваная для разгляду ў Барысаўскі межгарнізонны ваенны суд. Хутчэй за ўсё, разгляд справы судом будзе ажыццяўляцца ў закрытым фармаце. Па неафіцыйнай інфармацыі, былым супрацоўнікам праваахоўных органаў Клімавіцкага раёна прад’яўлена абвінавачванне ў атрыманні хабару, перавышэнні службовых паўнамацтваў, падбухторванні да дачы хабараў і здзяйсненні іншых супрацьзаконных дзеянняў.

Нагадаем, што расследванне гэтай гучнай крымінальнай справы цягнулася больш за год. 18 студзеня 2012 года пры атрыманні чарговай часткі грашовых сродкаў у памеры 500 тысяч расійскіх рублёў былі затрыманыя з палічным старэйшы оперупаўнаважаны Клімавіцкага РАУС і старэйшы следчы Клімавіцкага раённага аддзела кіравання Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці. Устаноўлена, што ў злачынную групу ўваходзіў таксама начальнік Клімавіцкага РАУС. Шляхам шантажа і пагроз клімавіцкія “барацьбіты са злачыннасцю" да гэтага ўжо атрымалі з мясцовага прадпрымальніка ў снежні 2011 і студзені 2012 года каля васьмі мільёнаў расійскіх рублёў.

Старшынёй следчага камітэта ў адносінах гэтых супрацоўнікаў праваахоўных органаў была ўзбуджана крымінальная справа па арт. 430 ч. 3 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры).

Таксама нельга не адзначыць, што арыштаваны начальнік Клімавіцкага РАУС 33-гадовы падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Арцёменка быў прызначаны на сваю пасаду ўсяго за паўгода да затрымання па абвінавачванні ў вымаганні хабара. Цікава, ці панясуць адказнасць высокія чыны з праваахоўных органаў, якія лабіравалі прызначэнне на высокую пасаду гэтага маладога чалавека?
spring96.org